Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Халіп: Ад таго, што судзьдзя не пабачыць Парыж, мой муж на волі не акажацца


Ірына Халіп
Ірына Халіп
Журналістка Ірына Халіп, жонка палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, якая сама была асуджаная за Плошчу да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады, камэнтуе заяву Лукашэнкі пра магчымасьць вызваленьня палітычных зьняволеных.



Соўсь: Аляксандар Лукашэнка ня выключыў магчымасьці вызваленьня вязьняў, якія мелі дачыненьне да падзеяў 19 сьнежня.

Сёньня ў Астане ён заявіў: "Завадатараў заклікалі да адказу па законе. Да гэтага часу крычаць: "Палітвязьні! Вызваліце!" Хоць, нібыта, усіх адпусьцілі, акрамя дваіх, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, мабыць. Няма чаго дзяржаўныя грошы марнаваць у турме, праядаць хлеб". Ірына, якая была ваша першая рэакцыя на гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі?

Халіп: Увогуле ніякай. Я столькі ўжо чула гэтых заяваў: напрыклад, пра тое, што мы ўсе пад падпіскай пра нявыезд, пра тое, што ён ня можа дачакацца, каб мы ўсе зьехалі адсюль - пасьля таго, як зьехаў Міхалевіч, і шмат чаго яшчэ. Таму я ніяк не рэагую.

Соўсь: Што да тых "дваіх, якія ў авангардзе ішлі" - праўдападобна, маюцца на ўвазе два экс-кандыдаты на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, асуджаны на пяць гадоў турмы, і Мікола Статкевіч, які цяпер за кратамі, яму пагражае да 8 гадоў турмы, прысуд будзе вынесены заўтра. Дык вось Мікола Статкевіч у сваім апошнім слове зьвярнуўся да эўрапейскіх дыпляматаў з заклікам: «Ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэта, у нас будуць новыя закладнікі». Як вы лічыце: цяпер, пасьля заяваў Лукашэнкі пра магчымасьць вызваленьня вязьняў Захад ізноў будзе выкупаць закладнікаў? Ці дадуць за палітвязьняў новыя крэдыты?

Халіп: Я дапускаю, што Захад успрыме гэтую заяву як нейкі сыгнал і, напэўна, накіруе ў адказ свой сыгнал. Можа, нават нейкі не відавочны, а таемны, штосьці на ўзроўні тэлефонных размоваў ці сустрэч на ўзроўні не Лукашэнкі, а МЗС. Але мне здаецца, што заўтрашні прысуд і будзе вельмі цікавы як дадатковы сыгнал. Калі ён гатовы вызваляць палітвязьняў, дык, напэўна, ён можа гэта зрабіць ужо заўтра. Калі гэтага ня будзе зроблена, дык які сэнс абмяркоўваць заявы чалавека, для якога сказаць што-небудзь - гэта такая ж нармальная зьява, як для астатніх - падумаць, перш чым сказаць?

Соўсь: Сёньня Сьвятлана Калінкіна ў артыкуле ў «Народнай волі» выказалася наконт таго, што Захад слушна цяпер ня ўводзіць эканамічныя санкцыі, паколькі ў такім выпадку ўлады абвінавацілі б у эканамічных праблемах Захад і апазыцыю, а так людзі зразумеюць, хто насамрэч вінаваты ў цяперашнім крызысе. Ці вы згодныя са Сьвятланай Калінкінай?

Халіп: Я зь ёй згаджаюся, яна, мне здаецца, усё вельмі разумна і слушна піша. А што да санкцыяў - вядома ж, яны патрэбныя. Проста таму, што гэты сьпіс тых, каму забаронены ўезд у краіны ЭЗ - гэта сьмеху варта, давайце будзем шчырымі. Лукашэнка неўязны, дык ён будзе толькі дзякаваць ЭЗ за тое, што той робіць неўязнымі ў свае краіны яшчэ пару соцень чалавек: "Вось я не магу паехаць, дык і вы ня зможаце!" Хутка ўся краіна ня будзе нікуды езьдзіць. Мне, як чалавеку, прыемна, што судзьдзя Брысіна, якая мяне судзіла, ніколі не пабачыць ні Рыму, ні Парыжу. Але мой муж на волі ад гэтага не акажацца.

Соўсь: Калі сёньняшнія заявы пра магчымасьць вызваленьня палітвязьняў будуць мець працяг заўтра ў судзе, і, магчыма, пасьля гэтага будзе вызвалены і Андрэй Саньнікаў, каму вы будзеце ўдзячная за гэтае вызваленьне?

Халіп: Усяму цывілізаванаму сьвету. Я маю на ўвазе і Захад: ЗША, Эўропу, і нават Усход, таму што пасьля прысуду Андрэю Саньнікаву ўпершыню за 20-гадовую гісторыю МЗС Расеі ўсё ж зрабіла нейкую заяву.

Соўсь: Якая самая апошняя інфармацыя пра Андрэя Саньнікава? Калі вы можаце мець наступнае спатканьне? Ці даходзяць лісты?

Халіп: Я спадзяюся, што на наступным тыдні ў мяне будзе новае спатканьне. Лісты даходзяць, спатканьня я чакаю, і спадзяюся, што Андрэй хутка выйдзе на свабоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG