Лідэр апазыцыйнага руху Грузіі «Народны сход» Ніно Бурджанадзэ паабяцала сваім прыхільнікам, што Дзень незалежнасьці 26 траўня краіна сустрэне бязь Міхаіла Саакашвілі. У Тбілісі апанэнты дзейнага прэзыдэнта рыхтуюць апошнюю і вырашальную акцыю «на зьвяржэньне рэжыму». Аднак выявілася, што пасьля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году пазыцыі Саакашвілі ўмацаваліся, і шмат хто нават зь ліку тых, хто крытыкуе ўлады, згодны патрываць да канца ягонага прэзыдэнцкага тэрміну ў 2013 годзе. Наш карэспандэнт Ігар Карней у гутарцы з жыхарамі Грузіі паспрабаваў высьветліць настроі ў грамадзтве.
Мае суразмоўцы — з шэрагу так званых сярэднестатыстычных грамадзянаў. Гэта жыхары Батумі, адміністрацыйнага цэнтру аўтаномнай рэспублікі Аджарыя. Ладо Давітадзэ адслужыў 34 гады на танкерным флёце, пасьля выхаду на пэнсію зарабляе, як і шмат хто зь ягоных суайчыньнікаў, — таксуе на ўласным аўто, якое прывёз з апошняга рэйсу ў ЗША. Зураб Бараташвілі рабіў на будоўлях, у тым ліку ў Партугаліі і Нямеччыне, цяпер сталай працы ня мае. Якія праблемы, агучаныя грузінскай апазыцыяй, найбольш актуальныя? Што трэба выправіць, каб Грузія зажыла інакш?
Давітадзэ: «Для нашага народу самае складанае пытаньне — беспрацоўе. Адпаведна, ад гэтага мы маем малыя заробкі, малыя пэнсіі, то бок — зусім нізкія прыбыткі. Народ амаль што галодны ходзіць — хоць я, натуральна, і перабольшваю».
Мае суразмоўцы згодныя, што ніхто проста так грошы ня дасьць. Таму патрэбныя новыя вытворчасьці, новыя сфэры для прасоўваньня бізнэсу:
Бараташвілі: «Так, абавязкова. Перадусім трэба актывізаваць пытаньне прыёму турыстаў. Рэгіёну гэта дасьць нармальны прыбытак, і людзям, адпаведна, таксама будзе пэўная эканамічная выгада. І ў Батумі, дарэчы, шмат дзеля гэтага ўжо робіцца. Заўважае народ таксама, што летась турысты нашмат актыўней пачалі прыяжджаць, а ў гэтым годзе іх чакаецца яшчэ больш. І людзі на гэта таксама спадзяюцца: калі будуць турысты, то будзе і магчымасьць на пару капеек лішніх даход мець».
Ладо і Зураб працягваюць: адрозна ад іншых грузінскіх раёнаў, Аджарыя да дзейных уладаў вялікіх прэтэнзій ня мае. Нашмат больш пытаньняў да мінулай улады, зь якой той жа Міхаіл Саакашвілі вымушаны быў размаўляць на мове ўльтыматумаў. Згадваюць перадусім 13 гадоў праўленьня Аслана Абашыдзэ, які атачыў сябе адданымі прыхільнікамі і практычна адгарадзіўся ад астатняй Грузіі.
Менавіта пры Абашыдзэ ў Аджарыі спыніліся два дзясяткі заводаў, абсталяваньне расьпілавалі і вывезьлі на мэталалом за мяжу. З прыходам да ўлады Саакашвілі сытуацыя стала прынцыпова іншай:
Давітадзэ: «Так, зусім іншая Аджарыя стала. І няхай людзі прыяжджаюць, пабачаць, як мы тут цяпер жывём. Самі дзівімся і таксама ня верым, што гэта праўда, што ў нас цяпер ёсьць такі правіцель. Натуральна, існуюць складанасьці ў некаторых сфэрах, але гэта ўсё вырашальна. Вакол таго, што было раней, галоўная задача для нас вырашаная, а грузінскі народ заўсёды з адкрытай душой чакае гасьцей з Расеі, зь Беларусі, з Украіны, з усіх іншых рэспублік. Мы прэтэнзій ні да кога ня маем. Нядаўна я сам асабіста сустрэўся з расейцамі, яны зьдзіўленымі вачыма на ўсё глядзелі: маўляў, аказваецца, у вас усё добра, усё ня так, як у нас паказваюць. Але многіх расейцаў у нечым пераканаць, прабачце, цяжка...»
Тым ня меней візуальныя пераўтварэньні, якія ў курортным Батумі на кожным кроку, пакуль што слаба адбіваюцца на дабрабыце мясцовых жыхароў. Прыкладам, турэцкія кампаніі, якія выконваюць тут асноўныя будаўнічыя працы, прывозяць сваіх рабочых, але амаль не прыцягваюць да супрацоўніцтва мясцовых спэцыялістаў:
Бараташвілі: «Так, гэта таксама цікавае пытаньне. Са сваёй практыкі магу сказаць: я калі працаваў у Эўропе, мяне не хацелі адтуль адпускаць. Іншая рэч, што прыехаў сюды ў адпачынак, затрымаўся і больш паехаць ня змог. Але як за мяжой, тут я працу знайсьці не магу. Не, вядома, кожны знойдзе занятак, але калі зь яго ня будзе хапаць нават на хлеб, то які сэнс ісьці на такую працу? Але я такой карціне таксама дзіўлюся. За мяжой цанілі, чакалі, заклікалі, каб вярнуўся туды працаваць, а на радзіме на добрую працу не ўладкуюся. Калі ў Эўропе мог, чаму не магу ўладкавацца ў Грузіі? На гэтае пытаньне я таксама не магу даць уцямнага адказу.
Так, перамагла ў тэндэры турэцкая фірма. Яны бяруць і сваіх рабочых, і нашых, мясцовых. Але калі сваім яны кладуць заробак 1,5 тысячы даляраў, то нашым — 500, максымум 800. І не даляраў, а лары. Зараз вось кітайская фірма будуе аўтабан. Зноў жа, патрабуюцца кіроўцы, будаўнікі. Абяцаюць заробак 700–800 лары. За такую працу сума ўсё ж малая. Чалавек калі ідзе на такую працу, ён павінен накарміць сям’ю. Якой сям’і гэтага хопіць? Ці, прыкладам, даюць зараз пэнсіянэрам 100 лары — гэта зусім мала. Я разумею, што новая дзяржава пакуль толькі аднаўляецца, але паступова ўлады павінны і старым пэнсіі падвышаць, і заробкі таксама».
Грузія акрэсьліла свае геапалітычныя прыярытэты — інтэграцыя ў эўрапейскія структуры, уключна з пэрспэктыўным сяброўствам у Эўразьвязе і НАТО. Мае новыя знаёмцы лічаць, што такі шлях — адзіна магчымы, і са скептыцызмам успрымаюць утварэньні кшталту Мытнага саюзу, саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі і г.д. І вераць, што ўзровень жыцьця тады абавязкова падцягнецца да агульнаэўрапейскага:
Давітадзэ: «Я так думаю, што абавязкова выраўняецца. Лепш стане жыць. Узровень жыцьця будзе вышэйшы, добры ўзровень будзе. Думаю, бальшыня грузінаў так думае. Зрухі ў гэтым напрамку ёсьць, яны заўважныя. Але мы ў нейкім сэнсе экстрэмісты, бо хочам, каб хутка станоўчыя зьмены адбыліся. А яно, канечне, цягнецца... Расея нас трымае, не пускае, вось і ўсё. І хоць ранейшага ўплыву няма, але ўсё роўна нашу тэрыторыю яны займаюць — Абхазію, Паўднёвую Асэтыю. Для нас гэта азначае, што пры такім раскладзе мы ня можам хутка ўвайсьці ў Эўразьвяз. Дзеля гэтага час патрэбен.
Ясна, гэта ня наша віна, што шмат людзей, якіх выгналі з акупаваных рэспублік, цяпер тут жывуць дзе і як давядзецца, бо яны — уцекачы. Іх шмат, і ім не даюць магчымасьці вяртацца дадому. Калі дазволяць вярнуцца ў свае дамы ўцекачам, тады будуць зрухі. Але ж расейцы не пускаюць, як ім гэта папулярна патлумачыць? Таму ўсе гэтыя бар’еры ўзводзяцца з таго боку, ідзе агрэсія адтуль. І пакуль усё не наладзіцца, у Эўразьвяз мы ўвайсьці ня зможам. Шмат праблемаў застаецца, усюды. І яны нас пакуль трымаюць».