Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы МТЗ: «Раней атрымлівалі каля 800 даляраў. Цяпер 200–250»


Як рабочыя сталічных заводаў адрэагавалі на рашэньне ўлады дэвальваваць нацыянальную валюту, высьвятляла каля прахадной Менскага трактарнага заводу карэспандэнтка Свабоды.

У перапынак на абед каля прахадной МТЗ каля фантану рабочыя ахвотна распавядалі пра свае праблемы:

Мужчына: «Учора зьмяніўся курс валют і цэны на бэнзін. Высокія цэны вельмі»

Юнак: «Вочы вялікія ад цэнаў сямізначных. Як раней жарт быў: «Ня ведаеш, ці то тэлефонны нумар, ці то цана».

Жанчына: «Мы адчуваем, што ўсё адно будзе неадпаведнасьць: у крамах новыя закупы — і новыя цэньнікі будуць. Гэта нерэальна ў параўнаньні з нашымі заробкамі. Мы перажываем вельмі».

Дзяўчына: «Цэны — проста няма слоў, заробку не хапае ні на што. Што раней магла сабе дазволіць, цяпер не магу. Заробку ў 500 даляраў няма і блізка».

Карэспандэнтка: «Гэта вы ў самым гарачым цэху працуеце?».

Рабочы: «Так, у кавальскім. Працую тэрмістам, гарачая сетка і ўсё астатняе. Шкоднасьць вялікая, а заробак ніякі. Працуеш, працуеш, каб зарабіць, а тут усё менш і менш выходзіць».

Карэспандэнтка: «А заробку хапае?».

Рабочы: «Не. Акрамя таго, што кошты ўзьняліся, заробкі ўпалі».

Карэспандэнтка: «А калі апошні раз падымалі заробак? Істотна?».

Рабочы: «Перад выбарамі, і ня вельмі істотна — на 20%».

Карэспандэнтка: «А пасьля гэтага падаў заробак?».

Рабочы: «Ну, так. У мінулым годзе курс даляра быў 3100, мы атрымлівалі каля 800 даляраў. Зараз курс ужо 5 тысяч, на дадзены момант заработная плата ў пераліку дзесьці 200–250 даляраў».

Карэспандэнтка: «А наагул стабільна працуеце? Няма прастояў, адпачынкаў, выходных?»

Рабочы: «Не, няма. Працуем нават у 3 зьмены. І нават па выходных днях просяць выйсьці на працу. Работы хапае, вось толькі заробкі ніякія»

Карэспандэнтка: «Скажыце, некалі перакрывалі рабочыя вуліцу, выходзілі на плошчу, калі таксама эканамічныя цяжкасьці былі. Зараз такіх пратэстных настрояў няма?».
Зараз жа любыя масавыя выступы, страйкі — і ў міліцыю забіраюць. Зараз падумаюць, перш чым кудысьці пайсьці.

Рабочы: «Ёсьць. У нашым цэху ўжо пачынаюць. Я працую ў кавальні, настроі такія зьяўляюцца. Мы ўжо падвышэньня заробку спрабуем дамагчыся. Таму што трактары таксама даражэюць, кошты ідуць у рост, продажы ёсьць, а заробкі ўсё ніжэй і ніжэй. Прадукцыя прадаецца — павінны і заробкі павышацца, а ў нас яны ўсё ніжэй і ніжэй».

Карэспандэнтка: «Рэальна могуць выйсьці страйкаваць рабочыя?».

Мужчына: «Зараз жа любыя масавыя выступы, страйкі — і ў міліцыю забіраюць. Зараз падумаюць, перш чым кудысьці пайсьці».

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук такім чынам пракамэнтаваў сытуацыю на трактарным заводзе:

«Там учора быў стыхійны рух, людзі эмацыйна адрэагавалі на сытуацыю, калі заробкі рэзка скараціліся, а цэны скокнулі ўгару. Сёньня там было спакойна. Відавочна, гатоўнасьць да пратэстаў яшчэ не сасьпела, яшчэ сытуацыя ня стала настолькі крытычнай, каб гэтыя працэсы фармаваньня незадавальненьня трансфармаваліся ў нейкія канкрэтныя дзеяньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG