Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На патрабаваньне пракуратуры tut.by зачыніў электронны абменьнік


Пасьля афіцыйнага папярэджаньня Генэральнай пракуратуры Беларусі партал tut.by зачыніў электронны абменьнік на сваім рэсурсе — аналяг папулярнага ў Беларусі сайту prokopovich.net.

Гэта было зроблена 20 траўня, паведамляе БелаПАН.

У афіцыйным папярэджаньні за подпісам намесьніка генпракурора Мікалая Кукліса сказана, што "на сайце tut.by у сетцы інтэрнэт распаўсюджваецца інфармацыя аб прапановах куплі і продажу замежнай валюты фізычным асобам".

Паводле генпракуратуры, распаўсюджваньне гэтай інфармацыі "аказвае непасрэдны ўплыў на арганізацыю правядзеньня зьдзелак у парушэньне ўсталяванага парадку валютных апэрацый на тэрыторыі Беларусі, абмінаючы банкаўскія й іншыя крэдытна-фінансавыя арганізацыі, якія валодаюць правам на ажыцьцяўленьне такіх апэрацый".

На гэтай падставе генпракуратура афіцыйна папярэджвае "аб недапушчальнасьці распаўсюду гэтай інфармацыі". А ў выпадку "зьдзяйсьненьня незаконных зьдзелак з замежнай валютай з выкарыстаньнем інфармацыі, яка распаўсюджваецца на сайце tut.by, будзе разгледжана пытаньне аб прыцягненьні вас да ўстаноўленай законам адказнасьці ".

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік праекту finance.tut.by Віталь Лапцёнак, электронны абменьнік на партале праіснаваў тыдзень і карыстаўся вялікай папулярнасьцю. Рэакцыя карыстальнікаў на закрыцьцё праекту адмоўная.

На прэс-канфэрэнцыі 19 траўня начальнік упраўленьня Генпракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Павал Радзівонаў паведаміў, што Генпракуратура шукае стваральнікаў сайту нелегальнага абмену валют prokopovich.net. Генпракуратура вынесла пастанову аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, які прапагандуе дзейнасьць па незаконным абмене валюты.

На прэс-канфэрэнцыі карэспандэнт БелТА ўдакладніў у Радзівонава, ці вядома яму, што падобны электронны абменьнік валют існуе і на партале tut.by. Радзівонаў заявіў, што гэта будзе прадметам кантролю праваахоўных органаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG