Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над анархістамі. Другі дзень

абноўлена

У судзе Заводзкага раёну Менску працягваецца працэс супраць пяці актывістаў анархісцкага руху. Іх вінавацяць у спробах падпалаў беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх установаў, а таксама расейскай амбасады ў верасьні 2010 году.



13.05 У судзе абвешчаны перапынак да 14.20

12.54 Наступны сьведка – Аляксандр Бугаеў. Ведае Дзядка і Францкевіча, візуальна ведае Аліневіча. Распавёў, што атрымаў запрашэньне на акцыю супраць манэўраў праз электронную пошту, ў запрашэньні быў час і просьба прынесьці сродкі для таго, каб закрыць твар. Прыйшоў. У двары каля Генштабу, былі розныя групоўкі. А 7-й вечара пачалі рухацца да дарогі. Каардынатара ці кіраўніка ня бачыў, маскі ніхто не раздаваў, людзей у шапачках з адтулінамі для вачэй ня бачыў.

Ён ішоў у сярэдзіне, наперадзе быў банэр. Выкрыквалі лёзунгі, кшталту: грошы трацяць на зброю і войска, а не на людзей. Антыўрадавых лёзунгаў не было. Нейкія людзі пачалі вывешваць банэр на плот, але ён іх не пазнаў, яны былі ў масках.

Потым нехта з натоўпу кінуў дымавую шашку. Хто кідаў, дакладна ён ня бачыў. Яму паказвалі фотаздымкі, сьледчы казаў, што гэта Аліневіч, але дакладна гэтага пацьвердзіць ён ня можа.

Яму казалі, што пакажы на Аліневіча, бо будуць праблемы, а да таго часу ён быў на Акрэсьціна пад арыштам і баяўся, што гэта можа паўтарыцца.

Пракурор: Зараз вы можаце пэўна сказаць, хто кінуў шашку?

Бугаёў: Не.

Пракурор прапануе распавесьці пра факты ціску на яго: дзе гэта было і калі, хто рабіў?

Сьведка распавёў, як яго 7 верасьня 2010 году затрымалі на хаце, павезьлі на Рэвалюцыйную. Ужо ў аўто пагражалі, казалі: ты патрапіў, давай прызнавайся.

У Ленінскім РУУС пачалі дапытваць пра нейкі падпал амбасады, зь кім я быў і чым цікаўлюся.

Бугаёў: На Рэвалюцыйнай мяне ўдарылі дубінкай па каленнай чашачцы і па твары. А хто гэта быў? Па-мойму, Літвінскі. Ён ударыў і па калене, і па твары. Казаў, што я мушу пазнаць людзей на фотаздымках. І калі павезьлі пратакол складаць, пагражалі праблемамі. "Пішы, як мы хочам!" – казалі, бо ўвесь час я быў нязгоды з тым, што яны казалі. Усяго прабыў пад арыштам 9 дзён.

Пракурор: Вы лічыце, што вам нанесьлі шкоду?

Бугаёў: Фізычныя я б не сказаў, але сам факт псыхалягічнага ціску і тое, што я страціў давер да праваахоўных органаў – гэта ёсьць.

Пракурор: А чаму не падалі скаргу?

Бугаёў: Думаў, што ўзьнікнуць новыя праблемы.

Пра акцыю сьведка сказаў на пытаньне адваката, што ён ня ведаў, што будуць кідаць шашку.


12.37 Наступны сьведка – Ігар Багачак. Пацьвердзіў, што браў удзел у акцыі ў верасьні 2009 г. каля Мінабароны. Згадаў, што там былі Ігар Аліневіч, Слюсар, Дубоўскі. Твары ў іх былі адкрытыя, як і ў іншых. А ўсяго было каля 30 чалавек. Ніхто не каардынаваў. Нехта пайшоў на акцыю першым і за ім пайшлі астатнія. Хто нёс банэр, не памятае.

Багачак: Мы пратэставалі супраць правядзеньня манэўраў, на якія ідуць грошы дзяржавы, у той час як людзі жывуць усё горш.

Хто закідваў на тэрыторыю Генштабу дымавую шашку, ня бачыў.

Хто банэр вывешваў на браму Генштабу, ня бачыў.

Ці былі на тварах шапкі з прарэзамі, ня бачыў.

Пракурор : На вас падчас сьледзтва аказваўся ціск?

Багачак: Так. Патрабавалі даць паказаньні на Дзядка, пагражалі праблемамі на працы і па месцы навучаньня, у тым ліку і праблемамі ў бацькоў. А на Акрэсьціна пагражалі сэксуальным гвалтам.

Пракурор: Дзе гэта было і хто рабіў гэты ціск, памятаеце?

Багачак: Ва Ўправе пра барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Раней ў КДБ дапытвалі, але там не пагражалі, а ў ГУБОП ціснулі.

Пракурор: І што, гэта на вас падзейнічала?

Багачак: Не, заўсёды даваў праўдзівыя паказаньні.

Пракурор: А скардзіліся?

Багачак: Не, у нас няма мэханізму праверкі скаргаў.

Адвакат: Акцыя была несанкцыянаваная?

Багачак: Не, але я разумею гэтак: гэта маё кантсытуцыйнае права – пратэставаць.

Адвакат: Вы перакрылі рух па дарозе?

Багачак: Не, акцыя прайшла без гэтага, рух не перакрываўся.

Не памятае, ці выходзілі яны на дарогу, калі ішлі групай да Генштабу.


12.15 Наступная сьведка – Ксенія Каўко. Ведае Дзядка і Францкевіча. Была на акцыі каля Генштабу 19 верасьня 2009 г. Даведалася пра акцыю з інтэрнэту, не памятае, хто яе запрасіў асабіста. Прышла, але знаёмых там не пабачыла. Кажа, што не бачыла на той акцыі Дзядка і Францеквіча, але да акцыя яна яго і ня ведала. Яна малявала надпісы.

Пракурор хадайнічаў аб зачытваньні партаколу допыту. Судзьдзя, не пытаючыся меркаваньня адвакатаў, пачала запытваць паказаньні.

У паказаньнях Каўко называла некаторыя прозьвішчы. Патлумачыла разыходжаньні. Яе адвазілі ў КДБ, там шмат гадзінаў дапытвалі, сказалі, што мы ведаем, што там быў Дзядок і ён даў вам балёнчык з фарбай і яна гэта падпісла. Яе дапытвалі да вечара і псыхалягічна ціснулі. На ціск яна не скардзілася.


Пракурор: Чаму не скардзіліся?

Каўко: Быў страх.

Сьведке нагадалі, што ў той жа дзень у яе была вочная стаўка з Дзядком, на якой яна яго апазнала.

Сьведка кажа, што гэта было інакш, на наступны дзень, на Акрэсьціна. На вочнай стаўцы, паводле сьведкі, яна ўжо казала пра ціск на яе з боку КДБ сьледчаму. Ёй казалі, што ў вас адна маці, калі вы сядзіце, то што зь ёй будзе. “Я адмаўлялася даваць паказаньні супроць Дзядка, на мяне крычалі”.


11.50 Наступны сьведка – Дзьмітры Пачобыт. Вайсковец, дзяжурыў у Генштабе, калі у 2009 годзе там адбылася акцыя супраць беларуска-расейскіх манэўраў. Кажа, што было чалавек 30, у капюшонах і масках, твараў не было бачна, шкоды ім не нанесьлі, кінулі дымавую шашку на тэрыторыю Генштабу і сышлі.

10.44 Пракурор настойвае, каб зачыталі паказаньні сьведкаў, дадзеныя падчас сьледзтва, бо, паводле пракурора, гэтыя паказаньні адрозьнівацца ад таго, што ён кажа ў судзе.

Паводле паказаньняў сьведкі Аляксея Жынгероўскага на сьледзтве, ён удзельнічаў у раздачы ўлётак супраць будоўлі АЭС у Беларусі. Таксама яму было вядома, што Дзядок разьмяшчаў на рэсурсе анархістаў матэрыялы анархістаў, ён адміністратар, асноўны. А запасны — Францкевіч. Пералічыў найбольш актыўных анархістаў, паведаміў што з Масквы прыязджалі прадстаўнікі Расеі. Зьбіраліся грошы на анархісцкія акцыі, набывалася анархісцкая літаратура. Паведаміў, што да ўзлому Салігорскага гарвыканкаму датычны Францкевіч. Сьведка распавёў, што акцыяй каля Генштабу кіраваў Дзядок. Лозунг акцыі быў "Вайскоўцы гуляюць, народ – галадае". Мяркуе, што акцыю здымаў Францкевіч.

Акцыю каля палацу прафсаюзаў, магчыма, арганізаваў Аліневіч. Праглядзеўшы відэа, мяркуе, што Аліневіч мог удзельнічаць у акцыі ля расейскай амбасады. Тут сьведка кажа, што не даваў гэтыя паказаньні, а падпісваў. Гэта было у сьледчым ізалятары – яго затрымалі летась у верасьні. Сказаў, што яму пагражалі і прымусілі даць паклёпніцкія паказаньні на Дзядка, Францкевіча, Аліневіча.

Пракурор запытаўся: хто гэтыя асобы, якія прымусілі вас даць такія паказаньні?

Сьведка паведаміў, што яны назваліся супрацоўнікамі КДБ, але прозьвішчаў не называлі. Адвезьлі яго у КДБ. Там размовы былі без адвакатаў. Яму пагражалі, што ён ня зможа адтуль выйсьці. Пагражалі і нават бацькам. У выніку, сказаў сьведка, ён зламаўся і падпісаў гэтыя паказаньні ўжо у міліцыі, сьледчаму.

Паводле сьведкі, ён бачыў, як супрацоўнікі КДБ перадалі сьледчаму чарнавік ягоных размоў і на падставе гэтага чарнавіка быў складзены пратакол, які ён падпісаў.

У КДБ яму ясна сказалі, калі ён не падпіша гэтыя паказаньні, то пачнуцца праблемы (тыя, пра якія ён раней распавёў). Сьведка распавёў, што быў у статусе падазраванага, дапытвалі яго 3 разы, на яго ціснулі. Пры гэтым ён сказаў, што, калі быў адразу затрыманы, даваў такія ж паказаньні. Праз 9 дзён у ізалятары яго вызвалілі, але потым адвезьлі ў КДБ і там ён даў паказаньні, пра якія зараз кажа, што яны непраўдзівыя і былі дадзеныя пад ціскам.

Пракурор высьвятляў, калі ён казаў праўду: Атрымліваецца, што калі вы былі за кратамі, то казалі праўду, а як вас вызвалілі, то навялі паклёп на двух чалавек?

Сьведка настойвае на тым, што яго прымусілі агаварыць людзей у КДБ, пагражаючы праблемамі з вучобай і ў сям'і.

Пракурор працягвае высьвятляць, ці гэта праўда. На яго хадайніцтва зачыталі яшчэ адзін пратакол допыту і пратакол апазнаньня ўдзельнікаў акцыі каля Генштабу паводле фотаздымкаў. Там сьведка даваў больш разьвёрнутыя паказаньні на сваіх сяброў-анархістаў і некаторых назваў, хаця на фотаздымках яны былі ў масках.

Зараз сьведка настойвае, што яго прымусілі на іх паказаць, насамрэч іх пазнаць ён ня мог.

Пракурор: А чаму вы не скардзіліся на ціск, на тое, што вас прымушаюць даваць ілжывыя паказаньні?

Сьведка: Баяўся праблемаў. А потым ўсьвядоміў, што агаварыў людзей і зараз кажу праўду.


10.30 Наступны сьведка Аляксей Жынгероўскі, студэнт БДУІР. Ведае Дзядка і Францкевіча. Пра час акцыі каля Генштабу даведаўся з інтэрнэту. Прысутнічаў падчас шэсьця каля Генштабу, але сам у ім не ўдзельнічаў. Паводле сьведкі, там было прыкладна 25 чалавек. Калі ён да іх наблізіўся, яны былі ў масках ці закрылі твары мэдычнымі павязкамі. Каардынатара не было. Абмяркоўвалі, што будзе шэсьце, але я вырашыў ня ўдзельнічаць.

Сьведка: У мяне быў аэразольны балёнчык з фарбай. Я зьбіраўся нанесьці нейкія надпісы і знакі на будынкі побач. Дзядка і Францкевіча там ён спачатку ня бачыў. Ад Дзядка і Францкевіча ён ня чуў, што яны зьяўляюцца адміністратарамі сайту анархістаў. Паказаў, што яму нічога невядома пра ўзлом сайту Наваполацкага гарвыканкаму і пра тое, што гэтую навіну разьмяшчаў на сайце Дзядок. Хто датычны да акцыі ля будынку міліцыі ў Салігорску, яму невядома. Хто яе здымаў на відэа, ня ведае. Ня ведае тых, хто ўдзельнічаў і здымаў акцыю каля будынку прафсаюзаў. Адносна падпалу філіялу № 501 "Беларусбанку" нічога ня ведае, гэта ж сказаў і пра напад на амбасаду Расеі. Сьведка жыў разам у кватэры з Францкевічам і Дзядком на вуліцы Кунцаўшчына. Сказаў, што яму невядома было пра датычнасьць Дзядка і Францкевіча да анархісцкага руху. Але прызнаў, што літаратуру анархісцкую ён у кватэры бачыў.

10.21 Наступны сьведка – Палкоўнік Уладзімер Ермакоў, супрацоўнік Генштабу. Распавёў, што падчас дзяжурства яму даклалі, што невядомыя кінулі на тэрыторыю Генштабу дымавую шашку. Сам ён ня бачыў гэтага. Праглядзеў відэазапіс з камэры, якая ўсталявана на будынку. Там твараў не было бачна.

10.20 Допыт сьведак. Уладзімер Аліневіч, бацька абвінавачанага Ігара Аліневіча. Ён адмовіўся даваць паказаньні. Выклікаюць сьведку Ермакова. У зале суду - сваякі і сябры. Прадстаўнікоў дыпкорпусу няма.


10.10 Судзьдзя кажа, што прыйшоў ліст ад грамадзкага пазоўніка, каб разглядалі без іх. Таксама заслухоўвае прадстаўніка страхавой кампаніі, якая выставіла грамадзкі пазоў абвінавачаным за спалены на тэрыторыі амбасады Расеі аўтамабіль "Мазда". Яны выплацілі 17.028 даляраў і патрабуюць спагнаць гэтыя грошы з асобаў, якія будуць прызнаныя вінаватымі. Папярэдне пазоў да Аліневіча і Веткіна, але калі суд прызнае вінаватым некага канкрэтна, то менавіта зь яго.

10.00 Працэс адноўлены. Пачаліся спрэчкі. Выступае пракурор Мірошнік.

Абвінавачаныя:
  • Мікалай Дзядок
  • Ігар Аліневіч
  • Максім Веткін
  • Яўген Сілівончык
  • Аляксандар Францкевіч

Усе падсудныя абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці), Веткін яшчэ па 339-м (хуліганства), а Францкевіч — па 339-м, 349-м (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і 254-м (камэрцыйны шпіянаж).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG