Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры ў клетцы, адзін — на лаве


У судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся крымінальны працэс супраць пяці актывістаў анархісцкага руху, якіх абвінавачваюць у спробах падпалаў беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх устаноў, а таксама расейскай амбасады ў верасьні мінулага году.

Перад судом паўсталі Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Максім Веткін зь Менску, Яўген Сілівончык з Салігорску, Аляксандар Францкевіч з Наваполацку. Усе падсудныя абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці), Веткін яшчэ па 339-м (хуліганства), а Францкевіч — па 339-м, 349-м (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і 254-м (камэрцыйны шпіянаж).

У прыватнасьці, маладыя людзі абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідваньні бутэлькамі з запальнай сумесьсю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і турмы на вуліцы Акрэсьціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідваньне фаераў у казіно «Шангры Ла», будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, пастарунак у Салігорску.

Францкевічу, акрамя гэтага, прад’яўленае абвінавачаньне ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму.

Чатырох падсудных зьмясьцілі ў судовай клетцы, пяты — Яўген Сілівончык, які знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, — сеў на лаве ў першым радзе непадалёк ад пракурора. У часе допыту адзін з падсудных Аляксандар Францкевіч заявіў, што па эпізодзе з закідваньнем фаеру ў салігорскі пастарунак Сілівончык яго агаварыў. Маці Францкевіча Тацяна таксама перакананая ў гэтым:

«У тым, што яму прад’яўляюць, ён не вінаваты. Проста трапіў праз агавор, скажам так. Агаварыў яго Сілівончык, празь ягоны агавор і быў затрыманы мой сын».

Сам Яўген Сілівончык адмовіўся нешта патлумачыць «Свабодзе» наконт гэтага, сказаўшы, што яму трэба параіцца з адвакатам.

У справе ёсьць і іншыя сьведкі, на чыіх паказаньнях будуецца абвінавачваньне, кажа бацька іншага падсуднага Мікалая Дзядка Аляксандар:

«Я ў гэтым не сумняюся, што агавор быў. Паказаньні гэтых людзей нібыта пра ўдзел Мікалая і іншых у зьдзяйсьненьні нейкіх злачынстваў супярэчлівыя. Супярэчлівасьць гэтых паказаньняў і іх абсурднасьць сьведчыць пра іх ілжывасьць і неверагоднасьць. Я гэта кажу як юрыст зь вялікім досьведам. Хлопцы самі бралі ўдзел у нейкіх акцыях, а іх чамусьці называюць „неўстаноўленымі асобамі“, хоць яны вядомыя, і яны даюць паказаньні, каб самім ухіліцца ад адказнасьці».

Аляксандар Дзядок
Аляксандар Дзядок 30 гадоў працаваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку, пракурорам і судзьдзём. Але сьледзтва не дазволіла яму быць абаронцам свайго сына. Ён называе гэта першым парушэньнем закону.

Сам падсудны Мікалай Дзядок, як і большасьць іншых, віны сваёй не прызнаў і заявіў у судзе, што яго агаворваюць пад ціскам КДБ: «Пасьля 3 верасьня было затрымана шмат людзей, ад іх патрабавалі агаварыць мяне, і два чалавекі пагадзіліся», — заявіў Дзядок.

Дзядок таксама заявіў, што на яго чыніўся ціск з боку КДБ і Ўправы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, гучалі пагрозы, у тым ліку прымяненьня фізычнага гвалту. Ён нават назваў прозьвішча аднаго з тых, хто чыніў на яго ціск, — падпалкоўнік Ярошын.

Ігар Аліневіч прызнаў свой удзел у шэсьці ля будынка Мінабароны супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў. Тут няма ніякага крыміналу, кажа ягоная маці Валянціна:

«Я лічу, што яны выказалі свой пратэст, паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі краіны. Але гэты эпізод, які ён прызнаў, ён топіцца ў моры ілжы. Самае ілжывае — пра напад на расейскую амбасаду і турму. Я абсалютна дакладна ведаю, што ён у гэтым удзелу ня браў, гэта сталася нагодай, каб пачаць шматлікія арышты».

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч перакананая, што інцыдэнт з бутэлькамі з запальнай сумесьсю, закінутымі на тэрыторыю расейскай амбасады, быў правакацыяй. Яна скардзіцца, што не атрымлівала ад сына лістоў з ізалятара цягам трох месяцаў і што пратаколы ператрусаў не падпісаныя сьледчымі:

«Пратакол ператрусу кватэры мы атрымалі толькі праз паўтара месяца, і то пасьля нашых настойлівых заяваў. Пратакол ператрусу машыны Ігара мы не атрымалі дагэтуль. Гэта значыць, што любую рэч яны могуць узяць з гэтай машыны і падкінуць на месца злачынства. Гэта што, правасудзьдзе? Гэта ганьба!».

Родныя і сябры пасудных, якія прыйшлі на працэс, не пацьвярджаюць, што тыя анархісты. Хутчэй іх называюць антыфашыстамі, антыядзершчыкамі… Гаворыць сябар падсудных Аляксандар Ярашэвіч:

«Гэтыя ўсе людзі займаюць актыўную грамадзянскую пазыцыю, змагаюцца за правы чалавека, дапамагаюць жабракам, займаюцца сацыяльнай актыўнасьцю. І таму яны яшчэ раней трапілі ў поле зроку КДБ. КДБ за імі сачыў, а інцыдэнт з расейскай амбасадай стаў апошняй кропляй».

Ігар Аліневіч працаваў у ВА «Пеленг» над беларуска-расейскім спадарожнікам, ён радыёэлетроншчык высокай кваліфікацыі. Мікола Дзядок — студэнт паліталёгіі ў ЭГУ, Аляксандар Францкевіч — кампутаршчык, Яўген Сілівончык — музыка, Максім Веткін належаў да пратэстанцкай грамады, працаваў будаўніком.

Ім пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 12 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG