Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Халіп адмовілі ў спатканьні з А.Саньнікавым


Ірына Халіп і Ала Саньнікава
Ірына Халіп і Ала Саньнікава
У панядзелак жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп і маці вязьня Ала Саньнікава атрымалі дазвол на сустрэчу зь ім. Але сёньня ім было адмоўлена ў сустрэчы.

Халіп: Сёньня раніцай мы з маці Андрэя Саньнікава Алай Ўладзімераўнай, якая таксама атрымала дазвол на спатканьне з сынам, прыйшлі а 9 гадзіне раніцы ў КДБ. У нас прынялі нашыя заявы з судовым дазволам, забралі пашпарты і сказалі чакаць. Мы сядзелі чакалі, але праз поўгадзіны нам сказалі: ніякіх спатканьняў сёньня ня будзе, прыходзьце заўтра. Ала Ўладзімераўна яшчэ хацелі перадаць Андрэю перадачу і мы пайшлі ў суседні будынак, дзе перадаюць перадачы. І там ёй сказалі, што перадачу ў яе ўзяць ня могуць, бо Андрэя ўжо некуды павезьлі з "амэрыканкі", што там яго ўжо няма.

Мы тады пабеглі на Валадарку, бо ўсіх з "амэрыканкі" пасьля прысуду могуць павезьці толькі туды. Але на Валадарцы яго ў сьпісах таксама няма, у маёй прысутнасьці жанчына ў рэгістратуры, у вакенцы паглядзела ў картатэцы і сказала: Саньнікава не было, не паступаў. Потым мы патэлефанавалі на ўсялякі выпадак у СІЗА Жодзіна. Туды яго таксама не прывезьлі. Так што мы нічога ня ведаем - дзе ён, што зь ім. Ала Ўладзімераўна плача, я проста не ўяўляю сабе, як яна гэта ўсё можа перажыць.

Дракахруст: А як вы думаеце, дзе ён можа знаходзіцца? Можа нехта вам проста хлусіць?

Халіп: У мяне нават ідэяў няма, дзе ён можа знаходзіцца. Паколькі яшчэ не абскарджаны прысуд, яго яшчэ не маглі адправіць у калёнію. А можа, і хлусяць. Я не магла зразумець, чаму мы так лёгка ўчора абедзьве атрымалі дазвол на спатканьне.

Дракахруст: А гэты дазвол на спатканьне - ён абавязвае адміністрацыю турмы даць вам спатканьне?

Халіп: Гэты дазвол дзейнічае на працягу трох дзён. Калі табе не далі спатканьне, то праз тры дні адміністрацыя турмы можа гэта выкінуць у сьметніцу.

Дзяжурны КДБ заявіў Свабодзе, што сёньня ў камітэт зьвяртаўся адвакат Саньнікава, і яму было сказана, што Саньнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў турме КДБ. Дзяжурны таксама сказаў, што сёньня ў спатканьнях было адмоўлена ўсім, бо для іх няма магчымасьці.

Пасьля гутаркі Свабоды зь дзяжурным КДБ яму патэлефанавала Ірына Халіп.

Халіп: Дзяжурны КДБ сказаў мне, што Саньнікаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ, але гэты сьледчы ізалятар да самога КДБ быццам бы ўвогуле не мае дачыненьня. І чаму нам схлусілі кантралёры, якія сказалі, што Саньнікава ўжо некуды адвезьлі, і чаму адмовіліся прыняць перадачу для Саньнікава - гэта ўжо нібыта не кампэтэнцыя КДБ. І параіў разьбірацца непасрэдна з начальнікам "амэрыканкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG