Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: «Беларусь — адзіная краіна, дзе ня дзейнічаюць законы фізыкі»


На працэсе ў Ленінскім судзе Менску, дзе судзяць былых кандыдатаў на прэзыдэнта Міколу Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, таксама ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзьмітрыя Буланава, закончылася судовае сьледзтва і неўзабаве пачнуцца судовыя спрэчкі. Таксама былі дапытаныя болей за 10 сьведак, у тым ліку лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Некалькі міліцыянтаў, якія бралі актыўны ўдзел у разгоне мітынгу 19 сьнежня і непасрэдна затрымлівалі мітынгоўцаў, выступілі на працэсе ў якасьці сьведак. Гэта спэцназаўцы Дударчык, Налецкі, Цярэшчанка, Чарнабай. Адметна, што ўсе яны казалі, што ня ведаюць пацярпелых у справе, хаця служаць зь імі у адных частках спэцназу. Суд прымаў гэтыя словы міліцыянтаў на веру. Ці прыме асноўныя паказаньні — стане вядома пазьней. Міліцыянты сьведчылі, што іх зьбівалі і што мітынгоўцы нават правакавалі іх на агрэсію у адказ — гэтак заявіў, у прыватнасьці, сьведка Чарнабай.

Паводле назіральніка за працэсам Аляксея Казьлюка прозьвішчы некаторых зь міліцыянтаў праваабаронцам добра вядомыя.

«Ёсьць пастановы адміністрацыйных судоў пасьля 19 сьнежня, і там прозьвішча першага сьведкі ў гэтай крымінальнай справе сустракаецца 20 разоў. Ён склаў 20 рапартаў па затрыманьнях. Другі сьведка, Налецкі, склаў 14 рапартаў. Бачна, што яны пісалі гэтыя рапарты пад капірку і ў адносінах да столькіх людзей, якіх яны наўрадці маглі запомніць».

Сьведка Цярэшчанка паводле крымінальнай справы затрымліваў абвінавачанага Арцёма Грыбкова, сьведка Чарнабай затрымліваў Андрэя Пазьняка. Абодва сьведкі не пазналі абвінавачаных у судзе, сказалі, што мінула шмат часу і тыя былі інакш апранутыя.
Калі ўварваліся ў кватэру, закрычалі, што будуць страляць, каб усе пападалі на падлогу.

У якасьці сьведкі быў выслуханы лідэр АГП Анатоль Лябедзька, прыватная размова якога па тэлефоне зь нейкай Рытай фігуруе у якасьці доказу супраць Мікалая Статкевіча, што той нібыта ўзяў на сябе кіраўніцтва падзеямі на плошчы Незалежнасьці. Факт такой размовы Анатоль Лябедзька не прызнаў. Палітык распавёў пра мэтады людзей, якія вялі сьледзтва і арыштоўвалі падазроных.

«Людзі прыцягнулі ламы, прыцягнулі адмысловае абсталяваньне і цягам 40 хвілін ламалі дзьверы маёй кватэры. Калі ўварваліся ў кватэру, закрычалі, што будуць страляць, каб усе пападалі на падлогу. Гэтак мяне захапілі. Спадар пракурор, я да гэтага часу ня ведаю, хто гэта такія былі, але мяркую, што у фашыстоўскай Нямеччыне фашысты больш інтэлігентна затрымлівалі сваіх апанэнтаў».

Падчас вывучэньня матэрыялаў справы некалькі гучных заяваў зрабіў экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, у тым ліку ён выказаўся адносна умоў у СІЗА КДБ. Статкевіч не лічыць катаваньнем тое, як зь ім абыходзіліся, але зазначыў, што на яго ўвесь час ціснулі псыхалягічна, чынілі правакацыі і пагражалі. З галадоўкі, якая цягнулася 24 дні, аказваецца, палітык выйшаў не па сваёй волі.
Мы пасадзім вас на іглу — і будзем карміць празь вены.

«Нейкія людзі зь пісталетамі з аховы пракулі да ложку ў рэанімацыі, і прамым тэкстам патлумачылі: вось ваш аналіз, паводле нашых разьлікаў праз дзень-два вы будзеце задыхацца і губляць прытомнасьць. І мы пасадзім вас на іглу — і будзем карміць празь вены. Калі не дачакаемся, пад наркозам зробім тое самае».

Мікалай Статкевіч назваў імя маёра Далініна як чалавека, які, паводле яго, сфальшаваў рэчавыя доказы, узятыя на плошчы Незалежнасьці пасьля разгону мітынгу. У пратаколе, які склаў гэты міліцыянт, пазначаныя некалькі плястыкавых бутэлек з жоўтай вадкасьцю. Экспэртыза, аднак, ня выявіла, што гэта гаручая вадкасьць. Статкевіч мяркуе, што ў бутэльках магла быць толькі вада, але яна мусіла на марозе за некалькі гадзінаў замерзнуць. «У нас краіна, дзе ня толькі не выконваюць правы чалавека, але дзе і законы фізыцы ня дзейнічаюць», — заявіў суду Мікалай Статкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG