Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка 6 мільярдаў


Ці сапраўды Расея дае Беларусі 6 мільярдаў даляраў крэдыту, пра што паведаміў сёньня Аляксандар Лукашэнка, хаця яшчэ тыдзень таму міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын казаў пра 1 мільярд даляраў сёлета? Ці мае падставы інфармацыя ананімнай крыніцы з ураду Расеі, што грошы будуць дадзеныя ў абмен на продаж Расеі беларускай долі Белтрансгазу?

На гэтыя пытаньні адказваюць экспэрты – Андрэй Суздальцаў , намесьнік дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі (Масква) і Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік "Белгазеты".


Андрэй Суздальцаў
Суздальцаў: Сапраўды быў званок Мядзьведзева ў Менск у сувязі з сустрэчай кіраўнікоў урадаў мытнага саюзу, якая адбудзецца ў чацьвер. Сапраўды Расея адмовілася даць крэдыт бюджэтнай падтрымкі пад беларускую праграму структурных рэформаў. Адмовілася таму, што праграма мела дэкляратыўны характар і не было ніякіх гарантый, што яна будзе выконвацца. І прапанавала зьвярнуцца ў антыкрызісны фонд ЭўрАЗЭС і ў МВФ. Па антыкрызісным фондзе дамовіліся пра крэдыты памерам мільярд даляраў на год на працягу трох гадоў. І ня больш таго.

Цяпер рыхтуецца візыт Пуціна ў Менск. Беларускі бок настойвае на крэдытах без усялякіх умоваў у велізарных аб'ёмах. Прычым, каб потым іх не вяртаць, як гэта было заўсёды. Расейскі бок шукае варыянты, каб калі даваць грошы, дык пад нешта. Паўтара месяца таму ўзьнікала ідэя даць крэдыт пад пастаўкі прадукцыі, якая Расеі патрэбная.

Але была вялікая праблема - знайсьці такую прадукцыю. Нават малочная прадукцыя ня вельмі патрэбная, бо яна дэмпінгуе. У сакавіку-красавіку выдаць крэдыт пад гадавую праграму БелАЗу. Але праблема ў тым, што прадукцыя БелАЗу ўжо закантрактаваная.

Узьнікалі прапановы ўвязаць крэдыт з Белтрансгазам, з МАЗам. Але гэта вэрсіі. Навіну пра 6 мільярдаў даляраў у Маскве не чутно, мы пачулі пра яе зь Менску. Яна на сумленьні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Дракахруст: Інакш кажучы, вы ня ведаеце, у чым справа: ці то Лукашэнка проста займаецца піярам ці зьдзелка ў абмен на крэдыт усё ж адбылася. У 2006 годзе вы, Андрэй, пісалі, што Расеі ня мае сэнсу выкладваць так шмат грошай за долю Белтрансгазу, што яна ня клюне на гэтую вуду. Але яна клюнула. Я пытаюся не пра тое, якой расейскай палітыцы варта быць на ваш погляд, а якой яна будзе.

Суздальцаў: Вяртаючыся да таго майго прагнозу - Газпром ня лічыць сваю долю Белтрансгазу сваім актывам, ён ім не кіруе. Газпром ня раз заяўляў, што гэта выкінутыя грошы. Так што я меў рацыю.

А цяпер ніякай зьдзелкі няма. Пакуль разглядаюцца розныя варыянты. Масква не жадае даваць Менску грошы без гарантый. 6 мільярдаў няма.

Дракахруст: Дык на ваш погляд гэта піяр?

Суздальцаў: Так, гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён сказаў, што няма праблем, стукнем кулаком па стале і будуць 6 мільярдаў. Гэта глупства. Гэта піяр.

Сяргей Жбанаў
Жбанаў: Я не магу казаць, што гэта адпавядае рэчаіснасьці. Але калі гэты факт пацьвердзіцца, я ня буду надта зьдзіўлены. Я нядаўна напісаў артыкул, і там на падставе досьведу расейска-беларускіх зьдзелак прыйшоў да высновы, што і першая зьдзелка па Белтрансгазе і меркаваная цяперашняя можа быць па форме успрынятая як абмен эканамічнай дапамогі на нейкі актыў. З пункту гледжаньня эканамічнай эфэктыўнасьці гэтая зьдзелка выклікала сумневы і 4 гады таму, калі расейцы куплялі палову Белтрансгазу. Тады тэрмін акупальнасьці інвэстыцыі Газпрому атрымліваўся каля 200 гадоў. Летась атрымлівалася яшчэ болей, Беларусь бярэ самую высокую транзытную стаўку за транзыт газу.

Паводле нядаўняй аўдытарскай справаздачы Газпрому кошт гэтага актыву зьнізіўся, эфэктыўнасьць яго зьменшылася, казаць, што гэта была ўдалая пакупка, не даводзіцца.
Калі нават яны і дамовяцца зараз пра продаж кантрольнага пакету, я ўсё роўна ўспрымаю гэта як форму эканамічнай дапамогі свайму саюзьніку.

Дракахруст: Але на мінулым тыдні была строгая заява міністра Кудрына, маўляў, шмат хочаце, толькі 1 мільярд і ні капейкай больш.

Жбанаў: Кудрын - фінансіст. Ён паводле адукацыі апэруе катэгорыямі строгімі, эканоміка-матэматычнымі. А калі размова ідзе пра палітычную зьдзелку, да якіх я адношу і продаж першай паловы Белтрансгазу, то чаму немагчымая і такі самы палітычны продаж другой паловы?

Дракахруст: А ў чым тут палітычная подбіўка?

Жбанаў: Адзіны і асноўны артыкул даходаў для Расеі апошнія 50 гадоў - здабыча і экспарт газу і іншых энэрганосьбітаў. Каб атрымліваць гэтыя даходы, патрэбныя да здабываючых яшчэ і транзытныя магутнасьці. І натуральна было б зрабіць іх стабільнымі, надзейнымі і па магчымасьці альтэрнатыўнымі. Каб ніхто ня мог дазволіць сабе транзытны шантаж, які меў месца.

З пазыцыі Беларусі Белтрансгаз ня трэба доўга рыхтаваць да продажу, ня трэба праводзіць аўдыт, усё гатова. Ён задавальняе па хуткасьці, калі мы хочам атрымаць тэрміновую эканамічную дапамогу.

Дракахруст: Дарэчы, у прыгаданым выступе Кудрына на мінулым тыдні ён сказаў, што калі Беларусі мала мільярду, то яна можа атрымаць жаданыя ёй яшчэ 2 мільярды, прадаўшы нейкія актывы.

Жбанаў: Вы абсалютна маеце рацыю. Інфармацыя пра гэтую зьдзелку насамрэч ня супярэчыць таму, што сказаў Кудрын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG