Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізаляцыя Беларусі стала цяжкім ударам для беларускага рубля


Пра гэта піша Ўільям Молдзін у сёньняшнім нумары The Wall Street Journal.

Падзеньне беларускай валюты працягваецца. За апошнія тыдні беларускі рубель зьнізіўся да даляра больш чым на 50%. Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі спрабуе заткнуць дзіркі ў фінансах пасьля таго, як Расея адмовілася ад свайго абяцаньня прадставіць дапамогу ў памеры некалькіх мільярдаў даляраў.

На думку некаторых аналітыкаў, дэвальвацыя беларускага рубля адновіць канкурэнтаздольнасьць Беларусі на рынках экспарту, але рэзкае падзеньне валюты падарвала пакупніцкую здольнасьць беларусаў за мяжой і стварыла рызыку для фірмаў, якія залежаць ад імпартных кампанэнтаў, што набываюцца за даляры ці эўра.

Тэарэтычна фізычныя асобы могуць купляць даляры па курсе, рэкамэндаваным Нацыянальным банкам - за 4500 беларускіх рублёў. Але на справе кліентам часта даводзіцца падоўгу чакаць у чарзе ў банках, пакуль хто-небудзь прынясе даляры на продаж.

62-гадовая пэнсіянэрка Марына паведаміла выданьню, што ад пачатку году адкладае сваю пэнсію на чорны дзень у далярах. Але цяпер яна, па яе словах, будзе пакідаць пэнсію на рублёвым рахунку пад высокія працэнты, каб кампэнсаваць рызыку.

На погляд эканамістаў, беларуская эканоміка занадта малая і ізаляваная, каб яе праблемы перакінуліся на іншыя ўсходнеэўрапейскія краіны. Пры гэтым здольнасьць Беларусі пагасіць даўгі і прыцягнуць новыя крэдыты апынулася пад пытаньнем.

На мінулым тыдні міністар фінансаў РФ Кудрын сказаў, што сёлета Беларусь атрымае ўсяго 1 млрд. даляраў у якасьці дапамогі ад Расеі, а не 2.7 млрд. $ ад групы краін на чале з Расеяй, што абмяркоўвалася раней. Верагодна, гэта рэакцыя Расеі на нежаданьне Беларусі прапанаваць ёй купіць стратэгічныя актывы, выказаў меркаваньне Цімаці Эш з Royal Bank of Scotland.

Валютныя рэзэрвы Беларусі сёлета памяншаюцца: Расея падвысіла цану на нафту і газ, паглыбляецца ізаляцыя Менску ад Эўропы і былых рэспублік СССР. ЗША і ЭЗ прыгразілі пашырыць санкцыі пасьля таго, як адзін з экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі быў прысуджаны да 5 гадоў турмы. Масква таксама выказала незадаволенасьць рэпрэсіямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG