Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія актывісты паскардзіліся на гарвыканкам у суд


Магілёўскі гарвыканкам
Магілёўскі гарвыканкам
Трое заяўнікаў не дазволеных мясцовай уладай пікетаў за вызваленьне беларускіх палітвязьняў зьвярнуліся ў суд на дзеяньні Магілёўскага гарвыканкаму. Прафсаюзныя актывісты Юры Новікаў, Сяргей Фамін і кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў просяць суд прызнаць незаконным і адмяніць рашэньне кіраўніка справамі гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі аб недазволе правядзеньня акцыяў пратэсту. 17 траўня Ленінскі суд Магілёва пачне разгляд скаргі актывістаў.

Адмову ў правядзеньні пікетаў гарвыканкам матываваў тым, што месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, арганізаваных палітычнымі, прафсаюзнымі й грамадзкімі арганізацыямі, вызначаны стадыён па вуліцы Чалюскінцаў.

Атрымліваецца так, што ў Магілёве на працягу некалькіх гадоў мы нічога ня можам правесьці згодна з заканадаўствам.
Юры Новікаў: «Тая пастанова, якую прыняў гарвыканкам адносна месца правядзеньня нашых мерапрыемстваў супярэчыць заканадаўству. Закон „Аб масавых мерапрыемствах“ існуе, каб людзі маглі ім карыстацца і праводзіць такія мерапрыемствы. Але атрымліваецца так, што ў Магілёве на працягу некалькіх гадоў мы нічога ня можам правесьці згодна з заканадаўствам. Нас адсылаюць туды, дзе людзі сабак не выгульваюць. Які сэнс там праводзіць пікет, напрыклад, супраць рэпрэсіяў КДБ? Нас жа адсылаюць зусім у іншы бок ад будынка КДБ. Сэнс такога мерапрыемства ў чым? Гэта поўны абсурд».

Заяўнікі хацелі правесьці пікеты 25, 26 і 27 сакавіка у людных месцах у цэнтры гораду. Два зь іх — насупраць гарвыканкаму і абласной управы КДБ. Заяўку на правядзеньне акцыяў пратэсту падпісалі 13 актывістаў палітычных, грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў.

Стадыён, куды чыноўнікі адправілі апазыцыянэраў пратэставаць, знаходзіцца ўбаку ад людных вуліц Магілёва. Побач — аварыйны будынак былога дома культуры й адпачынку гарвыканкаму. Раней месцам для масавых мерапрыемстваў была прызначана пляцоўка перад гэтым будынкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG