Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч зьявіўся, валюта — не


Нацыянальны банк РБ
Нацыянальны банк РБ
Зьяўленьне на працы старшыні Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча, які праходзіў паўтарамесячную рэабілітацыю пасьля апэрацыі на сэрцы, ня ўнесла яснасьці ў сытуацыю на валютным рынку.

Бальшыня камэрцыйных банкаў надалей трымаюць рэкамэндаваны Нацбанкам курс у 4000 за даляр, хоць асобныя адважыліся на тое, каб узьняць гэты паказьнік яшчэ на паўтысячы рублёў. Тым часам на міжбанкаўскай біржы даляр падскочыў да 6300 рублёў. Набыць даляры, эўра, грошы іншых краінаў у абменных пунктах па-ранейшаму немагчыма.

Пётар Пракаповіч хоць і працягвае хварэць, але сёньня правёў працоўную нараду ў Нацыянальным банку. Падрабязнасьці размовы не афішуюць, аднак падобна, што радыкальных захадаў пакуль не плянуецца. Афіцыйны курс трымаецца ў прапорцыі крыху больш як 3000 рублёў за 1 даляр. Тым часам наяўны рубель дазволілі абясцэніць яшчэ больш: у сярэдзіне дня "Белаграпрамбанк" і "Белінвэстбанк" выставілі курс куплі ў межах 4490 рублёў, продажу — 4500. Але, як паведамілі ў згаданых банках, нават пры такім курсе валюта ў вольным доступе не зьявілася.

На перакананьне фінансавага экспэрта Дзьмітрыя Волаха, гэта азначае толькі адно: і курс у 4500 занадта малы, каб гаварыць пра нармалізацыю агульнай сытуацыі. Па яго словах, ад палавіністых захадаў Нацбанку, які рубель нібыта адпусьціў, але ўсё адно намагаецца кантраляваць рынак, плёну няшмат:

"Першае, што зараз трэба зрабіць, — гэта, канечне, даць магчымасьць для свабоднага курсаўтварэньня. Таму што на гэты момант рынку як такога няма, ёсьць толькі шырма. Як паказвае практыка, сытуацыю можна выправіць толькі рэальнымі захадамі, а ня спробамі ўсё трымаць пад жорсткім адміністратыўным кантролем. Калі курс адпускаецца — прыкладам, у сытуацыі дэфіцыту валюты — спачатку ўсе гэтага баяцца, але паступова зьяўляецца пэўная прапанова. Сапраўды, звычайна гэта максымальная велічыня, але неўзабаве адбываецца падзеньне. Але для таго, каб гэта здарылася, каб гэтае падзеньне ўрэшце было, трэба курс адпусьціць рэальна, а не на лейцах, каб прынамсі тыдні два свабодны курс патрымаўся".

У камэрцыйных банках неахвотна гавораць пра магчымыя пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі. На ўмовах ананімнасьці пагаджаюцца з тым, што найлепшым выйсьцем было б рэальна адпусьціць рубель, а дынаміка попыту і прапановы на валюту зрабіла б сваю справу. Але наракаюць на абмежаваньні ў дзеяньнях, бо Нацбанк не "сасьпеў" да такой значнай дэвальвацыі. У выніку, як прызнаецца прадстаўніца аднаго са сталічных банкаў, гэтая няпэўнасьць стала проста невытлумачальнай:

"Наколькі я разумею, Нацыянальны банк у гэтым сэнсе прыняў пазыцыю нібыта неўмяшаньня. Ён ніяк не камэнтуе дзейнасьць падпарадкаваных яму банкаў, а камэрцыйныя банкі, у сваю чаргу, таксама нічога асабліва не камэнтуюць і робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Тыя камэнтары, якія паступаюць, яны выглядаюць вельмі асьцярожнымі. Пры тым, што сытуацыя на самой справе вельмі складаная, бо людзі ж бачаць вынік, адваротны абяцаньням. На ўласнай скуры адчуваюць, што сытуацыя разварочваецца ня ў лепшы бок".

Некаторыя экспэрты прагназуюць, што істотна на фінансавым рынку нічога ня будзе мяняцца прынамсі да 19 траўня, калі Менск плянуе наведаць прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. На іх думку, беларускія ўлады ўсё ж спадзяюцца націснуць на расейскі ўрад, каб той перагледзеў сваю пазыцыю адносна скасаваньня ранейшых дамоўленасьцяў на выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту. Эканаміст Леў Марголін лічыць, што ў прынцыпе бакі могуць вярнуцца да абмеркаваньня пытаньня, аднак цяпер гэта будзе прадугледжваць патрабаваньне вялікіх саступак з боку Менску:

"Пытаньні там, я так думаю, засталіся ня столькі фінансавыя, колькі эканамічныя. Напрыклад, з МАЗам, калі сюды прыяжджала расейская дэлегацыя, але нічога пэўнага ім так і не сказалі, зь іншымі прадпрыемствамі. То бок, магчыма, неўзабаве мы і ўбачым, якія рэальныя патрабаваньні вылучае расейскі бок".

Карэспандэнт: "Калі Беларусь нават і выб'е сабе той мільярд, куды ён пойдзе?".

"Яны яго, вядома ж, пусьцяць не ў абменьнікі, а на золатавалютныя рэзэрвы. Але ж гэта ўсё не вырашае пытаньняў. Калі яны хочуць, каб у абменьніках зьявіліся даляры, дык трэба з рэзэрваў зноў аддаваць іх камэрцыйным банкам. І чым далей, тым больш гэтае кола замыкаецца, чым далей гэтую хваробу адцягваць, тым больш балючым будзе лекаваньне".

Цягам выходных на рынках сталіцы ды іншых гарадоў краіны прадпрымальнікі пералічвалі даляр па курсе блізу 5000 рублёў. На міжбанку даляр каштуе яшчэ больш — 6300. Тым часам па гандлёвай сетцы трыюмфальнае шэсьце пачалі кошты, якія з улікам інфляцыі непараўнальна абганяюць заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG