Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кудрын адмовіў. Затое Маўродзі прапануе дапамогу


30-працэнтнае абясцэньваньне рубля, на думку прадстаўнікоў Нацбанку, — гэта не дэвальвацыя, а рэакцыя на рынкавыя адносіны ў фінансавай сфэры. Там не выключаюць, што пры спрыяльных умовах цяперашні высокі курс нават можа вярнуцца да афіцыйнага. У чым, праўда, сумняюцца экспэрты ды прадстаўнікі банкаўскага бізнэсу. Па іх словах, каб не настойлівыя просьбы таго ж Нацбанку, першасны скачок перавысіў бы 50%. Пры гэтым істотных зрухаў на валютным рынку не назіраецца: даляры ў абменных пунктах немагчыма набыць нават па 4000 рублёў. Тым часам валютчыкі скупляюць амэрыканскія грошы па 4500 рублёў.

Адпускаючы рубель з-пад жорсткай дзяржаўнай апекі, у Нацбанку заяўлялі: канчатковая мэта такога кроку — выраўноўваньне множнасьці курсаў, якія ўтварыліся ў выніку ажыятажнага попыту на замежную валюту. Аналітыкі пры гэтым удакладняюць: наўрад ці гэтае адзінства будзе грунтавацца нават на цяперашніх курсах камэрцыйных банкаў, ня кажучы ўжо пра афіцыйныя лічбы Нацбанку. Ад сёньня з 8% да 12% пашыраецца калідор рубля да кошыка валют, на пазабіржавым рынку курс захоўваецца на ўзроўні 5000 рублёў за даляр. Як кажа доктар эканамічных навук, прафэсар Уладзімер Кулажанка, на тле адсутнасьці валюты ў абменных пунктах гэтыя фактары мала спрыяюць вяртаньню на ранейшыя фінансавыя пазыцыі:

"Валютны курс — гэта суадносіны пакупніцкай моцы валют розных краін паміж сабой. І паколькі пакупніцкая сіла рубля зьнізілася, то, безумоўна, рынак паўзьдзейнічае ў гэтым кірунку абавязкова. Гэта аксіёма. Карацей кажучы, спачатку 4000, а потым можа быць і 4500, і няведама яшчэ, на якой лічбе гэта ўсё скончыцца".

Карэспандэнт: "Напярэдадні банкаўскія работнікі прызналіся, што Нацбанк вельмі прасіў не ўздымаць курс вышэй за 4000. Увогуле, як вы лічыце: пры якім курсе валюта зьявіцца ў абменьніках?".

"Ведаеце, просьба Нацбанку ў рынкавых адносінах застаецца толькі просьбай, на якую можна рэагаваць, а можна і праігнараваць. Бо рынак — структура вельмі непаслухмяная. Датычна ж курсу лічу, што сёньня дзесьці 4500 — гэта адэкватная прапорцыя. Адпаведна, валютны курс зьнізіцца напалову ў параўнаньні з афіцыйным. То бок будзе 4500 рублёў за даляр, і тады можна чакаць аздараўленьня. Прынамсі нейкай часовай нармалізацыі".

Самі супрацоўнікі банкаў асаблівых прагнозаў наконт магчымасьці насычэньня рынку валютай ня робяць. Яны нагадваюць: Нацбанк чарговым разам пацьвердзіў, што валюту для абменных пунктаў прадаваць ня будзе, а экспартэры ў сытуацыі нявызначанасьці намагаюцца трымаць выручаныя даляры ды эўра пры сабе. Разьлічваць жа на тое, што масава панясуць здаваць валюту грамадзяне, якія з прыгодамі яе набывалі, беспадстаўна. Гаворыць прадстаўнік аднаго зь менскіх банкаў:

"Пазыцыя Нацбанку зразумелая — шукайце валюту дзе хочаце. Экспартэры выручку проста "заціскаюць". То бок трымаюць валюту, не прадаюць, а пускаюць толькі на свае патрэбы — на падаткі, на заробкі. Прадаюць толькі ў скрайнім выпадку, разьлічваючы, што курс будзе расьці. І гэта правільна: ну навошта ў такой сытуацыі ім ад яе пазбаўляцца? Калі б у нас курс усё ж па-сапраўднаму быў рынкавы, залежаў ад попыту і прапановы, то ў пэўнай ступені сапраўды мог бы быць ніжэйшы. Каб хоць цягам двух-трох дзён стаў нават нязначна зьніжацца, то экспартэры, несумненна, задумаліся б, што ёсьць сэнс прадаваць валюту менавіта зараз, не чакаць, што ён стане яшчэ ніжэйшы. Бо заўтра можна толькі страціць".

Фінансавай дапамогі беларускім уладам чакаць няма адкуль. Парушэньні правоў чалавека, дзясяткі палітзьняволеных, непразрыстыя выбары, перасьлед недзяржаўных СМІ, антызаходняя рыторыка спрычыніліся да таго, што Беларусь трапіла ў сьпіс ізгояў, зь якімі ня хочуць кантактаваць. Колішні саюзьнік у выглядзе Расеі калі штосьці і абяцае, то ўсё часьцей узамен на структурныя рэформы ці прынамсі стратэгічныя аб'екты. Афіцыйныя беларускія асобы прамаўчалі на заяву расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына, што Масква не разглядае магчымасьці крэдытаваньня з уласнага бюджэту эканомікі Беларусі, пра што заяўлялася раней. Гэта пры тым, што беларускія чыноўнікі ўжо разьмеркавалі яшчэ не атрыманы 1 мільярд расейскіх даляраў.

Затое з антыкрызіснымі парадамі актывізаваліся махляры міжнароднага маштабу. Стваральнік сумна вядомай напачатку 1990-х фінансавай піраміды МММ Сяргей Маўродзі запісаў адмысловы відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. У 10-хвілінным роліку Маўродзі, які ўжо адседзеў працяглы тэрмін за фінансавыя афэры, просіць "карт-блянш" на прыход у Беларусь дзеля ўратаваньня краіны "ад катастрафічных наступстваў эканамічнай палітыкі сёньняшніх дарадцаў Лукашэнкі":

"Дык вось: ці ёсьць выйсьце? Зьвяртаюся да вас, Аляксандар Рыгоравіч. Выхад ёсьць, і вельмі просты. Дазволіць МММ у Беларусі. Дайце блаславеньне, карт-блянш мне, адкрыйце пункты ва ўсіх аддзяленьнях ашчаднага банку, і я за месяц (ну за два) зьвяжу сродкі насельніцтва, спыню інфляцыю і спыню падзеньне беларускага рубля. То бок, у мяне ніякага няма сумневу, што я гэта здолею зрабіць. І я ўжо гэта дэманстраваў у 1994 годзе ў Расеі, калі МММ стрымлівала інфляцыю, хоць там была сытуацыя яшчэ цяжэйшая — Расея непараўнальная большая за Беларусь, і там было яшчэ складаней. І, тым ня меней, МММ пасьпяхова стрымлівала інфляцыю. Таму я абсалютна не сумняюся, што змагу гэта зрабіць і ў Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG