Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бальнічным лісьце пацярпелай ад тэракту напісана – "траўма ў побыце"


11 мая споўніўся месяц з трагічнага красавіцкага дня, калі на станцыі "Кастрычніцкая" Менскага мэтрапалітэну здарыўся выбух. Яго ахвярамі сталі больш за дзьвесьце чалавек, 14 зь якіх загінулі.

Дачка менчука Аляксандра Крутога Інэса дагэтуль праходзіць лекаваньне ў менскай клінічнай бальніцы № 9. У інтэрвію БелаПАН мужчына расказаў аб наступствах выбуху для яго дачкі: "11 красавіка пасьля выбуху Іна была шпіталізаваная ў бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі. Калі я туды прыехаў празь дзьве гадзіны, бальніца была ачэпленая міліцыяй, нікога са сваякоў не пускалі. Нас адпраўлялі ад уваходу ў прыёмнае аддзяленьне ў іншы будынак, а там міліцыянты сустракалі і гаварылі: "Вярніцеся і дабівайцеся, каб вас прапусьцілі". Прыйшлося паскандаліць, пасьля чаго, нарэшце, доступ сваякоў у корпус прыёмнага аддзяленьня быў адкрыты".

"Ноччу я прывёз Іне адзеньне, ежу і іншае. Аказалася, што стан дачкі прыкметна пагоршыўся з таго моманту, калі я бачыў яе першапачаткова і калі яна гаварыла, што раніцай прыйдзе дадому. Ноччу яна сказала, што ня можа стаяць на нагах. На наступны дзень я знайшоў яе ў аддзяленьні рэанімацыі з вострай ныркавай недастатковасьцю", — сказаў бацька пацярпелай. Паводле слоў Аляксандра Крутога, пасьля таго як Беларускае тэлебачаньне зьняло ўсіх пацярпелых у палаце, на фоне кампутарных манітораў, яго дачка была "фактычна выгнаная адтуль". На наступны дзень Іна растлумачыла бацьку, што яе і яшчэ аднаго пацыента адвезьлі ў бальніцу на вуліцы Сухой, дзе кінулі "на волю лёсу", пасьля чаго яны паўтары гадзіны ў піжамах "дабіраліся сваім ходам з адной бальніцы ў іншую".

"У бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі быў выпісаны бальнічны ліст, дзе атрыманыя пашкоджаньні былі запісаныя як "траўма ў побыце". Запісаны дыягназ Т06 адпавядае лёгкім паверхневым пашкоджаньням верхніх і ніжніх канечнасьцяў, да якіх адносяцца драпіны, сінякі, удары і ўкусы неядавітых насякомых, — расказаў бацька пацярпелай. — Але судмэдэкспэрт налічыў толькі ў нагах ня менш чым сорак ранавых адтулін, прычым там ёсьць і глыбокія пранікаючыя асколачныя раненьні. На сёньня адзін асколак знаходзіцца ў левым воку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG