Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыну Халіп суд пакінуў пад хатнім арыштам


Ірына Халіп
Ірына Халіп
У судзе Заводзкага раёну Менску сёньня пачаўся крымінальны працэс супраць удзельнікаў Плошчы Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, якіх абвінавачваюць у «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Сяргея Марцалева і Паўла Севярынца ў судовай залі трымаюць у жалезнай клетцы, Ірыну Халіп у залю ўвялі пад вартай супрацоўнікаў КДБ, мужчыны і жанчыны, якія ўвесь час працэсу сядзелі зь ёю побач. Ірына Халіп сёньня ўпершыню з 29 студзеня, калі яе зьмясьцілі пад хатні арышт, выйшла на вуліцу. Яе адвакат Ганна Бахціна адным зь першых хадайніцтваў на судзе заявіла просьбу аб зьмяненьні ёй меры стрыманьня:

«Забарона на карэспандэнцыю і выкарыстаньне сродкаў сувязі пазбаўляе Ірыну магчымасьці выконваць свае прафэсійныя абавязкі, яна пазбаўленая магчымасьці заробку з-за забароны на выхад на вуліцу. Ірына пазбаўленая таксама права на перапіску з мужам Андрэем Саньнікавым, які сядзіць у турме КДБ, але такую магчымасьць мае, — заявіла адвакат Ганна Бахціна. — З-за гэтага парушаюцца і правы яе трохгадовага сына, які фактычна разам з маці знаходзіцца пад хатнім арыштам».

Але судзьдзя Жана Брысіна адхіліла гэтае хадайніцтва. На пачатку працэсу Ірына Халіп і Павал Севярынец заявілі, што не прызнаюць сваёй віны, Сяргей Марцалеў прызнаў сваю віну ў тым, што асабіста заклікаў па радыё людзей на Плошчу і што 19 сьнежня ішоў па праезнай частцы праспэкта Незалежнасьці.

Павал Севярынец увесь працэс стаяў, не прысеўшы ні разу. Ягоная маці Тацяна даведалася ад адвакатаў, што ў Паўла моцна баліць сьпіна, пашкоджаная яшчэ на лесапавале ў Малым Сітне, калі Павал адбываў пакараньне за мітынг 2004 году. Севярынец спачатку выказаў суду адвод, заявіўшы, што ў краіне няма незалежнага правасудзьдзя, а потым адмовіўся даваць паказаньні.

«Гэта не крымінальная, а замаскіраваная палітычная справа. Нават наш Госпад Ісус Хрыстос паказаньняў кесараваму суду не даваў, бо ведаў, што суд няправедны. Суд і сьледзтва трымалі мяне пад вартай, не давалі магчымасьці сустрэцца з роднымі, нават спавядацца і прычасьціцца, таму я ня буду адказваць на пытаньні».
Суд і сьледзтва трымалі мяне пад вартай, не давалі магчымасьці сустрэцца з роднымі, нават спавядацца і прычасьціцца, таму я ня буду адказваць на пытаньні.


Судзьдзя ўчора абяцала родным Паўла, што сёньня да яго дапусьцяць сьвятара, але выканаць гэта не змагла, хоць сьвятар прыйшоў у суд а 9-й раніцы.

Тацяна Севярынец лічыць правільным, што яе сын адмовіўся ад дачы паказаньняў:

«У жыцьці Паўла было ўжо столькі гэтых судоў, і верыць гэтаму суду, верыць у яго справядлівасьць — гэта бессэнсоўна. Бо гэта ня тое, што цырк — тут усё перакулена дагары нагамі. Таму што судзьдзя, пракурор — гэта яны ўступілі ў злачынную змову і зладзілі гэтае дзікунства ў выглядзе судовых працэсаў. Усё роўна гэта бессэнсоўна, што б ён ні сказаў».

Павал Севярынец адмовіўся даваць паказаньні.

Ірына Халіп ад паказаньняў не адмовілася. Яна заявіла, што 19 сьнежня дзейнічала як давераная асоба і жонка Андрэя Саньнікава і як журналіст, і што дагэтуль шкадуе, што не пасьпела напісаць артыкул пра тыя падзеі ў маскоўскую «Новую газету», уласным карэспандэнтам якой яна працуе.

«Перада мной не было выбару, я была гатовая ва ўсім дапамагаць майму мужу… Але калі б мой муж і ня быў палітыкам, ня быў кандыдатам, я б усё роўна прыйшла на Плошчу, бо я 16 апошніх гадоў асьвятляю ўсе мітынгі апазыцыі, — заявіла Ірына Халіп. — Нягледзячы на тое, што я трапіла ў турму, я лічу, што мне пашанцавала паглядзець палітычны працэс знутры — гэта вялікая ўдача для журналіста».

Бацька падсуднай Уладзімер Халіп мяркуе, што яна прыйшла на суд падрыхтаванай:

Яна моцна трымаецца сваёй непахіснай пазыцыі грамадзянкі вольнай Беларусі, прафэсійнай журналісткі і маёй дачкі.
«Яна падрыхтавалася за гэтыя 17 гадоў больш чым дастаткова. Яе ўвесь час перасьледавалі, цягалі па судах, пастарунках, яна ведае гэтую сыстэму. Ведае, што трэба гаварыць у такіх выпадках. Яна моцна трымаецца сваёй непахіснай пазыцыі грамадзянкі вольнай Беларусі, прафэсійнай журналісткі і маёй дачкі».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу, што з абвінавачваньня трох падсудных выключаныя падзеі на плошчы Незалежнасьці.

«Разглядаюцца падзеі на Кастрычніцкай плошчы і праспэкце Незалежнасьці. І, у прынцыпе, гэта вельмі нагадвае працэс Севярынца і Статкевіча 2004 году. Фактычна фармат абвінавачаньня такі самы: ішлі па праезнай частцы, сьвісьцелі, крычалі і тым самым прынесьлі нязручнасьці і розную шкоду, спынілі рух транспарту, працу ўстаноў… Я б сказаў, што максымум, пра што сьведчыць гэтае абвінавачаньне, — гэта пра парушэньне правіл дарожнага руху і несанкцыянаваную акцыю».

У 2004 годзе за пасьлявыбарчы мітынг Статкевіч і Севярынец былі пакараныя «хіміяй». Цяпер сваякі падсудных на такі мяккі вырак не спадзяюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG