Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабковіч: Гэта суд зь перадвызначаным вынікам


У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў трэці дзень працэсу над шасьцю ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году: Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Іх абвінавачваюць па частцы 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Адбыўся допыт сьведкаў і прагляд відэаматэрыялаў, якія сьведчаць пра неадпаведнасьць вінавачаньняў, выстаўленых падсудным.

У першай палове дня судзьдзя Алена Шылько зачытвала пералік канфіскаванага ў зьвінавачаных падчас ператрусаў: сыстэмныя блёкі кампутараў, DVD-дыскі, мабільныя тэлефоны і раздрукоўкі перамоваў. Характарыстыкі на ўсіх зьвінавачаных — выключна станоўчыя: добрасумленныя працаўнікі, камунікабэльныя, ветлівыя — найбольш частыя характарыстыкі кожнага з падсудных. Тое ж заяўлялі і сьведкі — сваякі і сябры абвінавачаных. Адзін зь іх — Сяргей Нагорны — працэс над удзельнікамі плошчы пракамэнтаваў гэтак:

«Па гэтым судовымі працэсе ў мяне праходзіць сваяк Сяргей Казакоў. Мы прыйшлі яго падтрымаць, бо вельмі за яго хвалюемся і ўсе нашы думкі толькі пра яго. Нас, такіх як ён, засталося мала. Тут адбываецца фальшаваньне, магчыма, таму, што яны баяцца, што ня маюць супраць іх важкіх доказаў. Таму ўсе мы спадзяемся на лепшае».


Сьведкі з боку супрацоўнікаў міліцыі, як і пацярпелыя спэцназаўцы, заяўлялі пра сродкі супраціву ў руках мітынгоўцаў: арматуру і драўляныя палкі, сьведчылі пра папярэджаньні з боку супрацоўнікаў міліцыі аб неабходнасьці разыходзіцца. Аднак гэта не было пацьверджана відэаматэрыяламі, на што зьвярнуў увагу суду абвінавачаны Алег Федаркевіч. Аднак судзьдзя ягоную заўвагу праігнаравала. Ніводзін зь міліцыянтаў-сьведак ня мог дакладна ўзгадаць падзеі таго дня, не пазнаў абвінавачаных. Хаду трэцяга дня суду камэнтуе прысутны на працэсе праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч
«Зараз мы назіраем чарговую судовую працэдуру з перадвызначаным фіналам. І гэты судовы працэс стаўся яшчэ адным доказам таго, што 19 сьнежня не было ніякіх масавых беспарадкаў. Гэта бачна і зь відэа і з паказаньняў сьведкаў. А абвінавачаныя панясуць пакараньне, несувымернае свайму ўчынку. Я лічу, што за многія месяцы за кратамі яны адбылі сваё пакараньне. Яны, безумоўна, мусяць быць вызваленыя як мага хутчэй. Інакш яны, канечне, будуць палітвязьнямі».

Пасьля выступленьняў сьведак і прагляду відэаматэрыялаў у судзе абвешчаны перапынак да 10:00 11 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG