Лінкі ўнівэрсальнага доступу

875 тысяч штрафу — у адсутнасьць падсуднага


Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Алеся Жарыкава аштрафавала віцебскага журналіста Ўладзіслава Стараверава на 25 базавых велічынь за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня 26 красавіка.

Судовы разгляд завяршыўся без падсуднага, які на знак пратэсту адмовіўся прысутнічаць на працэсе.

У Кастрычніцкім райсудзе разьбіраўся інцыдэнт, які здарыўся падчас жалобнай акцыі да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Судовую справу ініцыявалі супрацоўнікі міліцыі, якія склалі пратакол на журналіста Ўладзіслава Стараверава, затрымаўшы яго нібыта за лаянку матам і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням.

Прэтэнзіі да журналіста палягалі ў тым, што ён фатаграфаваў міліцыянтаў, якія назіралі за акцыяй, а ім гэта не падабалася, засьведчыла ў судзе віцебская актывістка Тацяна Севярынец:

"Ніякіх патрабаваньняў да Ўладзіслава Стараверава ніхто не выказваў. Да яго проста падбеглі двое — адзін у цывільным, другі ў форменным адзеньні, ды павалілі на брук. Гэта былі начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч і ягоны калега з Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі, які таксама адказвае за грамадзкую бясьпеку. Яны зьбілі хлопца, а потым гвалтам зацягнулі яго ў машыну. Мы, усе пяцёра сьведкаў, распавядалі пра гэта ў судзе, але судзьдзя паверыла толькі словам начальніка ідэалягічнага аддзелу Кастрычніцкага райвыканкаму. Той заявіў, што міліцыянты ветліва зьвярнуліся да журналіста, папрасіўшы іх не здымаць, але той нахабна праігнараваў іхную просьбу. Таму яго — гэтаксама ж ветліва — правялі і пасадзілі ў службовае аўто".

Асабліва абурыла Тацяну Севярынец адмова судзьдзі прагледзець відэазапіс, зроблены міліцэйскім апэратарам. Там было б добра бачна, як насамрэч разьвіваліся падзеі, аднак Алеся Жарыкава заявіла, што паглядзець іх "не ўяўляецца магчымым".

Перад вынясеньнем пастановы судзьдзя нават ня выйшла з судовай залі, распавёў прысутны на судзе старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

"Відавочна, пастанова была гатовая яшчэ да пачатку пасяджэньня. І судзьдзя нават ня стала абцяжарваць сабе тым, каб хаця б захаваць зьнешнюю прыстойнасьць".

Паводле судовай пастановы, за лаянку ў грамадзкім месцы Ўладзіслаў Старавераў аштрафаваны на 3 базавыя велічыні, а за непадпарадкаваньне міліцыянтам — на 22. Агулам штраф складае 875 тысяч рублёў.

Сам Уладзіслаў Старавераў, не спадзеючыся на справядлівае рашэньне суду, вырашыў праігнараваць працэс і ўвогуле часова пакінуў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG