Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Старавераў: “Не пайду на суд, бо ня веру ў яго справядлівасьць”


Уладзіслаў Старавераў
Уладзіслаў Старавераў
Віцебскага журналіста Уладзіслава Стараверава мусілі судзіць за дробнае хуліганства. Міліцыянты затрымалі яго 26 красавіка, калі хлопец фатаграфаваў жалобную акцыю да ўгодкаў аварыі ў Чарнобылі, абвінаваціўшы ў непадпарадкаваньні і нецэнзурнай лаянцы. Спадар Старавераў палічыў за лепшае “не хадзіць на гэты цырк”.

На працэс ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску сабраліся толькі сьведкі – міліцыянты, якія зьбівалі журналіста падчас затрыманьня, ды мясцовыя актывісты, гатовыя пацьвердзіць, што хлопец пацярпеў беспадстаўна.

Тацяна Севярынец, якая прыйшла падтрымаць актывіста, распавяла пра акалічнасьці затрыманьня:

“Уладзіслава Стараверава павалілі на брук ды пачалі зьбіваць, як толькі ён дастаў фотаапарат, каб здымаць жалобную “чарнобыльскую” акцыю. Аказваецца, прысутным супрацоўнікам міліцыі не спадабалася, што яны трапляюць “у кадр”. Прычым зьбівалі журналіста далёка не шарагоўцы, а начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч і ягоны калега з Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі, які таксама адказвае за грамадзкую бясьпеку”.

Судовы працэс, распачаты яшчэ 27 красавіка, павінны быў распачацца 10 траўня ў 14.30. Але за гадзіну да пачатку Уладзіслаў Старавераў паведаміў праз тэлефон, што на суд ня прыйдзе, і што бліжэйшыя некалькі месяцаў плянуе быць па-за межамі Беларусі:

“Я разумею, што апраўдальнага прысуду судзьдзя Алеся Жарыкава вынесьці ня зможа, бо супраць мяне гатовае сьведчыць вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва. Абвінавачаньні ў непадпарадкаваньні міліцыянтам і лаянцы матам я не прызнаю, але давесьці гэта ў судзе не спадзяюся, таму проста вырашыў не хадзіць на гэты цырк. Няхай суд прымае якое заўгодна рашэньне, толькі ў маю адсутнасьць.

Уладзіслаў Старавераў кажа, што зь Беларусі зьяжджае не назаўжды, і што не пакіне журналісцкай дзейнасьці, нягледзячы на любыя перашкоды.

Сёлета незалежнага журналіста міліцыянты затрымлівалі і зьбівалі ўжо двойчы: першы раз гэта адбылося 25 сакавіка, калі ён пачаў здымаць на відэа акцыю да Дня Волі. Пасьля ў пастарунку міліцыянты заявілі, што ён падаўся ім падобным да маньяка-пэдафіла, які знаходзіцца ў вышуку.

Летась затрыманьняў было чатыры. Прычым напрыканцы году абласная пракуратура вынесла Ўладзіславу Старавераву афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG