Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьвята - зноў суды


10 траўня адновяцца тры судовыя працэсы над удзельнікамі пасьлявыбарчага пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году.

У Партызанскім раённым судзе Менску ановіцца працэс супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, а таксама супраць Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Саньнікава вінавацяць ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Астатніх абвінавачваюць ва ўдзеле у масавых беспарадках. Паводле частуі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу, ім пагражае да васьмі гадоў зьняволеньня.

У судзе Маскоўскага раёну Менску пойдзе трэці дзень працэсу над Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Усе яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Суд Фрунзэнскага раёну Менску працягне разгляд крымінальных справаў супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама актывістаў іх штабоў Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанкі і Сяргея Вазьняка. Усіх іх вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Паводле гэтага артыкулу ім пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

А 11 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачнуць разглядаць крымінальныя справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

У той жа дзень у судзе Заводзкага раёну Менску пачнецца працэс над сустаршынём стваранай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам, журналісткай Ірынай Халіп, жонкай і даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, і Сяргеем Марцалевым, які падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Усіх траіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG