Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не маючы валюты, баяцца замаўляць турпаездкі


На турыстычным кірмашы ў Горадні
На турыстычным кірмашы ў Горадні
У Горадні адкрыўся трохдзённы турыстычны кірмаш “Лета-2011”. Наколькі адбіваецца сёньняшні крызіс, асабаліва валютны, на рынку турыстычных паслугаў абласнога гораду на паўночна-заходняй мяжы Беларусі?

Турыстычны кірмаш адбываецца ў гарадзкой выставачнай зале, дзе звычайна выстаўляюцца карціны. У першы дзень наведнікаў я амаль ня ўбачыў. Для турфірмаў няма розьніцы — колькі каштуе валюта, паколькі грошы за пуцёўкі яны бяруць не ў рублях, а ў эўра. Іншая рэч, што адсутнасьць валюты ў продажы не дае магчымасьці многім гарадзенцам упэўнена сказаць сабе, што яны абавязкова наведаюць курорт на цёплым моры. Прадстаўніца адной з турыстычных фірмаў спадарыня Ірына:

Зьмяншэньне патоку людзей ужо адчуваецца.
“Натуральна, што ўсе турфірмы апасаюцца, зважаючы на цяперашнюю сытуацыю з далярам і эўра. Нацбанк абяцае, што бліжэйшым часам пачне прадаваць валюту ў прыватныя рукі, але пакуль гэтага не адбылося. Зьмяншэньне патоку людзей ужо адчуваецца. Гэта крыху палохае. Год таму ўсё было крышку па-іншаму, мы так не хваляваліся наконт тураў замежных. Была больш стабільная абстаноўка ў краіне, больш стабільная валюта”.

Я цікаўлюся: ці падаражэлі сёлета самі пуцёўкі, напрыклад авія? Іншая ўдзельніца турыстычнага кірмашу спадарыня Сьвятлана:

“Калі ласка, ёсьць авіярэйсы ў Чарнагорыю з вылетам зь Менску. Вы маеце на ўвазе за апошнія гады параўнаць? Мы не вядзем такую статыстыку. Але даражэе, паколькі паліва даражэе”.

Спадарыня Ірына ўдакладняе, што пералёт можа каштаваць цяпер на трыццаць-сорак эўра болей:

“Але пакуль 330 эўра авіяпералёт у Чарнагорыю туды і назад. Дакладна сказаць не магу, але быў трыста эўра пералёт — гэта збольшага, скажам так”.

Наколькі менш стала сёньня ахвотных паехаць адпачыць за мяжу? Спадарыня Сьвятлана кажа:

“Ёсьць такія людзі, якія б хацелі паехаць, але ня маюць валюты. Тыя туры, якія мы прапануем, маюць перавагу ў тым, што ёсьць час падзапасіць валюту. Аплата не адбываецца ў дзень браніраваньня, а — у працэсе самога туру. Людзі могуць да гэтага часу нейк падрыхтавацца і па сябрах, па знаёмых нейк чынам набыць валюту. Таму што разьлік ідзе, канечне ж, у валюце”.

Супрацоўніца турфірмы падарыня Ірына кажа пра першыя ўражаньні з турыстычнага кірмашу:

Браніруюць толькі тыя, хто ўпэўнены больш-менш у сваім заўтрашнім дні.
“На жаль, у стрэсе жыве і сам турыст. Людзі з дня на дзень чакаюць, што валюта паступіць у продаж. Яны спадзяюцца, што змогуць паехаць адпачываць, падыходзяць, пытаюцца — колькі можна пацягнуць, не браніраваць, таму што, натуральна, адмова ад туру таксама нясе нейкія наступствы. Таму турысты пакуль пабойваюцца нават браніраваць, бо ня ведаюць — ці змогуць яны купіць валюту? Браніруюць толькі тыя, хто ўпэўнены больш-менш у сваім заўтрашнім дні”.

Сытуацыя пакуль вельмі сумнеўная, падсумоваўвае другая супрацоўніца адной з гарадзенскіх турфірмаў спадарыня Сьвятлана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG