Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Судзіць іншадумства — гэта паказчык непавагі да чалавечых законаў"


5 траўня ў Менску пачаліся новыя працэсы над удзельнікамі Плошчы, былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім. Як ставяцца да гэтых працэсаў палітыкі, праваабаронцы і самі абвінавачаныя?

У Фрунзенскі суд Менску, дзе пачаўся працэс над былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Настай Палажанкай, Аляксандрам Фядутам, Сяргеем Вазьняком і Андрэем Дзьмітрыевым, прыйшлі вядомыя палітыкі, праваабаронцы, дыпляматы. Прыйшлі на суд таксама амбасадары Літвы і Польшчы. Каля пяцідзесяці чалавек ня трапілі ў залю з-за недахопу месцаў. Падчас працэсу Віталь Рымашэўскі зьвярнуўся да прысутных сяброў БРСМ, каб яны саступілі месца яго бацьку:

"Уразілі гэтыя маладыя хлопчыкі з БРСМу, якія не саступілі месца нават майму тату, не хапала месца ў залі маім сваякам. Яны нават не зварухнуліся, калі я наўпрост заклікаў: "Сябры БРСМ, можа хто саступіць месца сваякам". І ніхто не сышоў зь іх, знайшліся іншыя людзі, якія саступілі месца майму тату".

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
кажа, што судзьдзя і пракурор выглядаюць вельмі напружана.

"Другое ўражаньне — я мала разумею, што я раблю на адной лаве падсудных зь Някляевым, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком, бо большая частка зачытанага абвінавачаньня проста ніяк ня тычыцца мяне. Калі з Настай Палажанкай мы яшчэ разам ішлі з Прывакзальнай плошчы да Кастрычніцкай, то можна зразумець і аб'яднаць справу ў адну. Я ня маю ні вялікага настрою, ні жаданьня слухаць падрабязнасьці кампаніі "Гавары праўду".

Гары Паганяйла
Прадстаўнік БХК Гары Паганяйла паўгадзіны стаяў каля рамкі, але яго так і не прапусьцілі ў залю суду. Ён кажа, што адмыслова абіраюцца малыя залі, каб не пусьціць у дастатковай колькасьці журналістаў і назіральнікаў.

"У мяне ўжо ёсьць пэўнае ўражаньне пра гэтыя справы. Мы іх ацэньваем як незаконныя, як справы палітычна матываваныя. І гэта для ўсіх з кожнай справай становіцца відавочным. У гэтым выпадку дзейнічае не закон, а палітычная мэтазгоднасьць".

"Чаму, на Вашу думку, судзяць Някляева, паэта?"

"Бо меў неасьцярожнасьць вылучыцца ў якасьці палітычнага лідэра і супернічаць з Лукашэнкам падчас выбарчай кампаніі. Асьмеліўся сказаць на ўсю краіну пра неўгрунтаванасьць гэтай улады і асабіста Лукашэнкі. За вельмі кароткі час заваяваў сур'ёзную папулярнасьць. І гэта чалавек маральна чысты".

Аляксандар Фядута
Сваімі ўражаньнямі ад пачатку працэсу падзяліўся Аляксандар Фядута:

"Калі ўваходзіш у залю і бачыш, што стаіць паэт і на яго там дваццаць-трыццаць фотааб'ектываў і відэакамэраў глядзяць, і ты чуеш, як і што ён гаворыць, што ён ня проста выдатны паэт, а яшчэ і ў выдатнай змагарскай, чалавечай і палітычнай форме — мне гэта вельмі прыемна. Ну, я ня быў на іншых судах, бо ня маю пашпарту, але мы ўсе адчуваем, што мы людзі, а не ваўкі, бо мы ня ў клетках. За гэта нашым сьледчым я магу падзякаваць, бо ня ведаю, як бы адчуваў сябе, калі б сядзеў у клетцы".

Наста Палажанка
Наста Палажанка, якая таксама праходзіць абвінавачанай па справе, лічыць, што суд выканае загад зьверху. Адносна атмасфэры ў судзе яна сказала, што ўсіх турбуе стан Някляева.

"Адчуваю, што яму складана даецца гэты хатні арышт. Ён папрасіў стоячы слухаць абвінавачаньне з той прычыны, што яму складана сядзець на драўляных дошках. Пэрыядычна робяць заўвагі, але збольшага мы насамрэч вольна размаўлялі. Паразмаўлялі трошкі пра турму, пра ўражаньні, пра тое, што ёсьць цяпер і што нас чакае. Безумоўна, мы пагадзіліся, што зараз час ня самы просты і ня самы лепшы ў нашым жыцьці. Але пажартавалі, што бывала і горш, таму вытрымаем".

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк адзначае, што ў абвінавачаньні, якое прагучала на яго адрас, ёсьць рэчы, якія проста не адпавядаюць рэчаіснасьці. У прыватнасьці, тое, што ён нібыта заклікаў усіх на плошчу праз сродкі масавай інфармацыі.

"Спачатку ў газэтах і па тэлебачаньні паказалі, што мы злачынцы, а зараз сьледзтва, пракуратура і суды павінны справу да канца давесьці, замацаваць. Абсалютна неправавы падыход".

Генадзь Бураўкін
Паэт Генадзь Бураўкін ня трапіў у залю суду. Ён патлумачыў, што прыйшоў падтрымаць свайго сябра, выдатнага беларускага паэта:

"І потым мне яшчэ цікава, а якія ж абвінавачаньні і на падставе чаго прад'явіць яму ўладная Фэміда. Бо, наколькі я ведаю Ўладзімера Пракопавіча і тыя падзеі, якія сталі падставай для яго затрыманьня, ніякай віны ў яго перад законам няма. А судзіць іншадумства, судзіць за сваю пазыцыю — гэта паказчык недэмакратычнасьці, непавагі да чалавечых законаў, а ня толькі нейкіх паліцэйскіх законаў. Хачу паглядзець сваімі вачамі, пачуць сваімі вушамі, што ў нас называецца сёньня судом".

Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што цяпер вельмі важна выказаць салідарнасьць.

"Гэта ўсё зьвёны аднаго ланцуга. Гэта адзін вялікі палітычны ланцуг, якім улада акаймавала апазыцыю. Якая мэта? Усталяваць больш шчыльны кантроль над палітычнай апазыцыяй, над прыхільнікамі пераменаў. Асабліва падчас такіх крызісных зьяў, якія мы назіраем у эканоміцы. Гэта такія паказальныя працэсы. Разам з тым улада не разумее самае галоўнае, што людзі выйшлі на вуліцу ня біць шкло, а яны выйшлі сказаць, што ў краіне няма выбару".

Сяргей Калякін
Лідэр "Справядлівага сьвету" Сяргей Калякін кажа, што гэтымі працэсамі ўлады пагаршаюць становішча, у тым ліку і сваё асабістае. Ён прыйшоў выказаць салідарнасьць з тымі, хто незаконна знаходзяцца на лаве падсудных.

"Адзінае рашэньне суду, якое можа адпавядаць справядлівасьці, — гэта апраўданьне гэтых людзей па крымінальнай справе. Бо максымум, што гэтыя людзі парушылі, — гэта адміністрацыйны кодэкс. Яны бралі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. І ўсе астатнія рашэньні не адпавядаюць ні заканадаўству, ні таму, што адбывалася на гэтай плошчы. Я не спадзяюся, што будзе прынятае рашэньне, якое будзе адпавядаць справядлівасьці і законнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG