Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кругавая абарона на Ўправе БНФ


Сяржук Семянюк
Сяржук Семянюк
Ужо больш за месяц працягваюцца кругласуткавыя дзяжурствы валянтэраў на сталічнай сядзібе Парыі БНФ (пр. Машэрава, 8), якая па рашэньні ЖРЭА Савецкага раёну мусіла быць вызваленая з 1 красавіка. Пакуль рыхтуецца судовы разгляд справы, на сядзібе ледзь ні штодзень ладзяцца акцыі ў падтрымку арандатараў. Іх каардынуе сакратар Управы БНФ Сяржук Семянюк.

Міхась Скобла: "Сяржук, наколькі мне помніцца, Управу БНФ з памяшканьня на вуліцы Варвашэні (цяпер гэта праспэкт Машэрава) гарадзкія ўлады спрабавалі выселіць і раней. Але неяк удавалася справу палагодзіць і застацца. А што здарылася цяпер? Чаму з вамі сталі размаўляць так катэгарычна?"

Сяржук Семянюк: "Захады па высяленьні Ўправы сапраўды мелі месца, але тут трэба разумець мэты, якія ставіць кожны раз ЖРЭА перад такімі наездамі. Раней мэтай было перападпісаньне дамовы, але на менш выгодных для партыі БНФ умовах. Пасьля цяжбаў і перамоваў, звычайна, такая дамова падпісвалася, то бок мы рабілі нейкую невялікую саступку ЖРЭА. І ЖРЭА, ведаючы пра саступку, працягвала арэнду. Гэтым разам аніякіх прапановаў з боку ЖРЭА мы не пачулі. Адразу казалася пра безумоўнае высяленьне партыі БНФ з памяшканьня на Машэрава, 8. І сёньня выглядае, што дамовіцца са ЖРЭА немагчыма, яны нічога не прапаноўваюць па дамове".

Скобла: "Але ж Управа увесь гэты час дзейнічала ў ранейшым рэжыме, зь якім ужо ўсе звыкліся. Чаму ж раптам камунальнікам спатрэбілася вас высяляць?"

Семянюк: "Усяго толькі трэба згадаць, калі прыйшоў першы ліст са ЖРЭА наконт высяленьня. Гэта было літаральна на трэці дзень пасьля таго, як на Ўправе быў арганізаваны збор ахвяраваньняў для пацярпелых падчас разгону акцыі 19 сьнежня. Для нас гэта абсалютна відавочна, гэтыя рэчы зьвязаныя. Пасьля 19 сьнежня пачалася зачыстка палітычнага поля, дзясяткі людзей садзіліся па абвінавачваньні ў крымінальных справах, сотні сядзелі ў турмах па адміністрацыйных. У сытуацыі татальнага ўціску Ўправа была адзіным месцам у Менску і Беларусі, якое функцыянавала напоўніцу і сапраўды на высокім узроўні. Штодзённа дзясяткі людзей працавалі на сядзібе і сотні прыходзілі дапамагаць зьняволеным. Управа літаральна працавала кругласуткава. Натуральна, для ўладаў гэта было непрымальна. І таму яны пайшлі на адзіны магчымы для іх крок – вырашылі адабраць Машэрава, 8".

Скобла: "Вы папрасілі сваіх прыхільнікаў пісаць лісты ў гэтай справе на імя старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі. Ці ёсьць тут нейкі вынік?"

Семянюк: "Вынік тут такі, што гарадзкія ўлады паводзяць сябе дастаткова цынічна. Мы шмат разоў перамаўляліся з ЖРЭА на прадмет таго, каб памяшканьне ўсё ж за намі пакінуць. Больш за тое, у нас была выпрацаваная супольная ідэя з ЖРЭА, якая была рэалізаваная, мы падалі заяўку на перападпісаньне дамовы на тры гады. І – увага! – ЖРЭА свой подпіс пад гэтай заяўкай паставіла. Аднак канчаткова ўсё вырашыць павінен быў, калі не памыляюся, гарадзкі камітэт па маёмасьці. І акурат гарадзкія ўлады на гэта не пагадзіліся. Таму і зьявілася ідэя зваротаў да старшыні гарвыканкаму Ладуцькі, пад юрысдыкцыю якога і трапляе наша пытаньне. Але цынізм уладаў у тым, што ўсім нашым прыхільнікам прыходзілі аднолькавыя адказы: маўляў, у гэтай спрэчцы гарвыканкам не завязаны, гэта спрэчка паміж двума суб’ектамі – партыяй БНФ і ЖРЭА Савецкага раёну. Але ж ЖРЭА свой подпіс паставіла, таму крытычна важна ціснуць менавіта на гарадзкія ўлады і, можа быць, на адміністрацыю прэзыдэнта. Гэтыя справы вырашаюцца менавіта там".

Скобла: "Перад тым, як распачаць кругласуткавыя дзяжурствы на Ўправе, вы вывезьлі адтуль усю сваю маёмасьць. Ці не азначае гэта, што вы самі ня верыце, што памяшканьне ўдасца адстаяць?"

Семянюк: "У нашай сытуацыі трэба рыхтавацца да розных варыянтаў высяленьня партыі БНФ з памяшканьня, таму мы вырашылі вывезьці каштоўныя рэчы, якія сапраўды ўяўляюць зь сябе гістарычную каштоўнасьць для партыі і, спадзяюся, для ўсяго грамадзтва. Але на ўправе засталася ўся мэбля, і кніжная выстава там працуе, і сьвежыя газэты там заўсёды ёсьць. А вывезеныя былі архіўныя дакумэнты, партыйныя архівы ажно ад часу стварэньня партыі БНФ. Усё гэта, вядома ж, нам губляць шкада. Мы сапраўды разглядаем розныя варыянты. Можа быць і сілавы захоп сядзібы, і згубіць у гэтым захопе дакумэнты нам не хацелася. На сёньня Ўправа працуе у тым самым рэжыме, як і працавала. Дзякуй Богу, прыхільнікаў у нас шмат, і ў нас няма праблемы з валянтэрамі".

Скобла: "Памяшканьне Ўправы было ня толькі партыйным штабам, але і беларускім культурным цэнтрам – там ладзіліся літаратурныя і музычныя вечарыны, адбываліся прэзэнтацыі кніг. І вось усяго гэтага можа ня быць. Напраўду, мне здаецца, што на абарону ўправы павінны выходзіць ня дзесяць-дваццаць чалавек, а значна больш. Чаму вы не спрабуеце зрабіць сваю акцыю больш масавай?"

Семянюк: "Думаю, што самы гарачы час па абароне сядзібы яшчэ наперадзе, і ён будзе вызначаны літаральна на наступным тыдні. Калі мы прайграем справу ў судзе, мы заклічам людзей на абарону сядзібы больш масава.
Ніякага гвалту ў дачыненьні да тых, хто прыйдзе нас выкідваць, ня будзе, але мы хочам папярэдзіць: уладам прыйдзецца выносіць людзей з управы
Сёньня нам хапае тых дзясяткаў чалавек, якія вартуюць, для таго каб адсочваць сытуацыю вакол сядзібы. Пакуль абвастрэньня сытуацыі мы ня бачым, і ЖРЭА, відаць, у гэтым не зацікаўленае. Абвастрэньне сытуацыі можа быць пасьля суду. І мы пасылаем уладам сыгнал, што мы не пакінем Управу самі. У любой сытуацыі, таму што ў справядлівы суд беларускі мы ня верым, мы ня верым, што ён прыме правільнае, легітымнае рашэньне. Таму мы будзем да апошняга знаходзіцца на сядзібе. Гэта ня значыць, што мы будзем ужываць нейкі гвалт. Ніякага гвалту ў дачыненьні да тых, хто прыйдзе нас выкідваць, ня будзе, але мы хочам папярэдзіць: уладам прыйдзецца выносіць людзей з управы".

Скобла: "Хто з творчых людзей ужо выказаў вам сваю падтрымку?"

Семянюк: "Нядаўна на сядзібе прайшла вечарына з удзелам Уладзімера Арлова, Генадзя Бураўкіна, Андрэя Хадановіч і Віталя Рыжкова. Гэтую вечарыну яны самі прапанавалі зрабіць. Шмат хто прапаноўвае правесьці такія імпрэзы. Мы, безумоўна, усіх пускаем, спрыяем правядзеньню такіх вечарынаў, распаўсюджваем інфармацыю, каб людзі ведалі. У найбліжэйшы час мы плянуем музычныя імпрэзы, прагляды фільмаў. У нас праходзяць і палітычныя сустрэчы, напрыклад, ладзіўся круглы стол па чарнобыльскай праблеме. Мы стараемся напоўніць працу сядзібы абсалютна разнастайнымі імпрэзамі, каб той цэнтар дэмакратычнага жыцьця, які там існуе, працягваў існаваць да апошняга дня".

Скобла: "Для таго, хто жыве ў Беларусі, відавочна, што апазыцыйныя партыі і грамадзкія арганізацыі не ўяўляюць сур'ёзнай пагрозы для існуючай улады. Чаму ж яна так заўзята, так апантана зь імі змагаецца – не рэгіструе, адбірае памяшканьні і г. д.?"

Семянюк: "Напэўна, усё ж таму, што партыі пэўную сілу ўяўляюць. Згадайма апошнія прэзыдэнцкія выбары. Палітычную кампанію рабілі менавіта палітычныя партыі і чальцы гэтых партый, якія працавалі на асобных кандыдатаў. Таму, нягледзячы на малалікасьць партыяў, на тое, што ўмовы для іх дзейнасьці вельмі неспрыяльныя, яны здольныя працаваць з грамадзтвам і здольныя свае ідэі даносіць да шырокага кола беларусаў. І таму ўлады ведаюць, што як толькі яны спыняць ціск на партыі, яны адназначна адразу пачнуць расьці, пачнуць працаваць яшчэ больш эфэктыўна. Таму ў гэтай улады проста няма іншага выйсьця".
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG