ГОМЕЛЬШЧЫНА
Расказвае спадар Аляксандар, які пільнуе сваю чаргу ля перасоўнага абменьніка "Франсбанку":
"У чэргах тут — я, маці й сястра. Занялі чаргу — і стаім. Учора я быў трынаццаты, а сёньня першы ў той касе. У гэтай касе ўчора я быў трыццаты, а сёньня — восьмы".
У чэргах людзі стаяць і па два, і па тры дні — колькі спатрэбіцца. "Чужак" без чаргі ў абменьнік не праскочыць:
"Нікога наперад не прапусьцяць, бо ўсе стаяць не гадзіну й ня дзьве. Я ведаю, які я ў чарзе. Прыходжу й гляджу, за кім стаю. Дзяжурым і ноччу. Можаце прыйсьці ноччу і паглядзець. Крытычная сытуацыя".
Міліцыянты ведаюць, як аб'ехаць праблему
У беларускіх райцэнтрах паблізу ад украінскай мяжы абачлівыя людзі да апошняга часу імкнуліся выкарыстаць лепшую сытуацыю на фінансавым рынку суседзяў.
Апавядае жыхар Брагіна спадар Уладзімер:
"Мы, у каго заробак паступае на картку "Віза", едзем у Чарнігаў і праз банкамат здымаем даляры. Там 200 даляраў можна было зьняць на адну картку "Віза". Асабліва міліцыя -- карткі зьбірае ў Брагіне й едзе ў Чарнігаў".
Падобныя хітрыкі, аднак, хутка заўважылі ці то суседнія фінансісты, ці свае, беларускія. І ўвялі абмежаваньне:
"Кісларод" перакрываюць украінцы
"Нядаўна адмянілі гэтыя 200 даляраў. І зараз ужо можна зьняць толькі 300 грыўняў. Гэта значыць, зьмяншаюць і зьмяншаюць. І хутка, відаць, наагул перакрыюць кісларод так, што на нашу картку нічога нельга будзе зьняць".