Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Пакістане ведаў аб месцазнаходжаньні бін Ладэна?


Некаторыя дэталі, якія ўсплылі на паверхню пасьля ліквідацыі лідэра «Аль-Каіды» Ўсамы бін Ладэна, спарадзілі напружанасьць паміж ЗША і Пакістанам. У Вашынгтоне задаюць пытаньне: як сусьветны тэрарыст №1 мог жыць у Пакістане, па сутнасьці, не асабліва хаваючыся?

Сядзіба, у якой жыў бін Ладэн і дзе ён быў забіты, месьцілася ў невялічкім гарадку Абатадзе, непадалёк ад ваеннай акадэміі. Лідэр «Аль-Каіды» не баляваў, не карыстаўся нават інтэрнэтам, але, на думку экспэртаў, уяўляецца малаімаверным, што спэцслужбы Пакістану ня ведалі, хто жыве ў вялікім маёнтку ў малым гарадку, тым больш, што па некаторых зьвестках бін Ладэн жыў там апошнія 5 гадоў.

Джон Брэнан
Такія меркаваньні выказаў Джон Брэнан, кіраўнік аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, адказны за барацьбу з тэрарызмам:

“Я лічу заўчасным выключаць магчымасьць таго, што былі людзі ў Пакістане, магчыма, з ўрадавых колаў, якім магло быць вядомае месцазнаходжаньне бін Ладэна. Мы нікога зараз не абвінавачваем, але мы хочам даведацца, ці так гэта,” – сказаў Брэнан.

Пра ступень недаверу паміж саюзьнікамі сьведчыць расповед дырэктара ЦРУ Ляона Панеты часопісу Time. Паводле галоўнага амэрыканскага разьведчыка, пакістанскі бок не паставілі ў вядомасьць пра апэрацыю супраць бін Ладэна, асьцерагаючыся, што інфармацыя ад пакістанскіх чыноўнікаў можа пратачыцца і паставіць пад пагрозу ўсю апэрацыю.

Пакістанскія афіцыйныя асобы віталі сьмерць бін Ладэна, пры гэтым адкідаючы абвінавачваньні ў тым, што пакістанскія спэцслужбы былі занадта некампэтэнтныя, каб злавіць лідэра «Аль -Каіды» ці наадварот – ведалі, дзе ён хаваецца, але не хацелі нічога рабіць.
Салман Башыр

Міністар замежных справаў Пакістану Салман Башыр падкрэсьліў, што яго краіна адыгрывае ключавую ролю ў барацьбе з тэрарызмам, што ЗША скарысталі пакістанскую разьведвальную інфармацыю, каб знайсьці і забіць бін Ладэна.

Ён выказаў глыбокую заклапочанасьць паведамленьнем аб характары амэрыканскай апэрацыі і заявіў, што аднабаковыя несанкцыянаваныя дзеяньні не павінны стаць нормай.

Прэзыдэнт Пакістану Асіф Алі Зардары ў інтэрвію Washington Post адхіліў абвінавачваньні, паводле якіх Ісламабад хаваў тэрарыстаў, якіх шукалі ЗША.

Аднак тое, што бін Ладэн шмат гадоў быў няўлоўным, хаваючыся ў Пакістане, выклікала пытаньне ня толькі у амэрыканскіх палітыкаў.

Міністар замежных справаў Францыі эАлен Жупэ сказаў, што яму цяжка паверыць, што вялікі маёнтак бін Ладэна мог заставацца незаўважаным у малым гарадку.

Прэм'ер-міністар Велікабрытаніі Дэвід Кэмэран запатрабаваў, каб пакістанскія ўлады патлумачылі, як бін Ладэн мог жыць незаўважаным у Абатадзе.

Праўда, ён адзначыў, што гучная сварка па гэтым пытаньні з Ісламабадам была б не ў інтарэсах Лёндану.

Марк Тонар
З гэтым меркаваньнем згодны і афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тонар:

“Тое, што адбылося ў нядзелю, шмат у чым было вынікам шматгадовага супрацоўніцтва. Мы лічым, што працяг гэтага супрацоўніцтва адпавядае ня толькі доўгатэрміновым інтарэсам Пакістану, але і нашым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі.”

Апошнія паведамленьні ўладаў ЗША пра абставіны апэрацыі крыху адрозьніваюцца ад тых, якія падаваліся спачатку. Цяпер паведамляецца, што ён быў бяз зброі, калі быў забіты стрэлам у галаву. Раней паведамлялася, што ён удзельнічаў у перастрэлцы.

Цяпер паведамляецца, што адна з жонак бін Ладэна была параненая, а не забітая.

Таксама цяпер абмяркоўваецца пытаньне, ці варта абнародаваць фотаздымкі забітага кіраўніка Аль-Кайды. Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага ўраду Джэй Кэрні кажа, што публікацыя можа напаліць жарсьці, а кіраўнік ЦРУ кажа, што фотаздымкі, праўдападобна, усё ж будуць апублікаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG