Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Любліне не аддасьць беларуса рэжыму


Суд у польскім Любліне адмовіўся выдаць Беларусі прадпрымальніка Аляксандра К. Прадпрымальнік, які лічыць, што ўлады Беларусі перасьледуюць яго за апазыцыйную дзейнасьць ягонага бацькі, ня можа разьлічваць на аб’ектыўны працэс у сваёй краіне, -- паведамляе “Dziennik Wschodni”.

-- Суд, у дадатак да крымінальна-працэсуальных аспэктаў, высьвятляў, ці сапраўды ў Беларусі выконваюцца правы чалавека, -- сказаў прэс-сакратар акруговага суду ў Любліне Артур Азімэк. -- Ён прыйшоў да высновы, што працэс у гэтай справе сьведчыць аб прадузятасьці тамтэйшага правасудзьдзя. Рашэньні, якія прымаліся адносна Аляксандра К., ня ўтрымліваюць ні доказаў, ні матываў.

-- Гэта трэцяя пастанова ў гэтым пытаньні: першы раз суд не пагадзіўся на экстрадыцыю, другі раз пагадзіўся на гэта, -- кажа адвакат беларуса Андрэй Лятах. -- Гэтыя пастановы былі адмененыя. Я рады, што ў трэці раз суд задаволіў аргумэнты абароны і пагадзіўся не выдаваць прадпрымальніка беларускаму боку.

Справа аб экстрадыцыі Аляксандра К. у Беларусь цягнецца з пачатку 2007 году і зьяўляецца адной з самых доўгіх у сваім родзе ў Польшчы. Беларускі бок падазрае яго ў махлярстве на мяжы: нібыта ён на падставе падробленых дакумэнтаў зьбіраўся перавозіць тавары праз польска-беларускую мяжу бяз выплаты пошлін і падаткаў.

Паводле іх разьлікаў, ён павінен заплаціць 23.000.000 беларускіх рублёў пошліны і падаткі. У 2006 годзе ў Беларусі быў выдадзены ордэр на арышт прадпрымальніка і запыт аб яго экстрадыцыі. Цяпер Аляксандар К. мае бізнэс у Польшчы і жыве ў горадзе Бяла Падляска. Яго экстрадыцыя надалей залежыць ад суду ў Любліне.

Гісторыя бізнэсоўца выкладзеная на інтэрнэт-старонцы ініцыятывы “Вольная Беларусь”, якая выступае за абарону правоў чалавека ў Беларусі. Аляксандар К. сьцьвярджае, што падпаў пад рэпрэсіі пасьля таго, як ягоны бацька, які ў 2004 годзе быў старшынём выбарчай камісіі ў Берасьці, адмовіўся падпісваць сфальшаваныя выбарчыя пратаколы. Сам Аляксандар К. фінансава дапамагаў беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG