Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індэкс рэпрэсаваных папоўніўся на 5772 чалавекі


У «Гістарычнай майстэрні» прэзэнтавалі электронны варыянт кнігі «Расстраляныя ў Менску». Выданьне падрыхтавала грамадзкая арганізацыя «Дыярыюш».

«Расстраляныя ў Менску» — трэцяя кніга з сэрыі «Індэкс рэпрэсаваных», дзе падаюцца імёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 30-х гадоў. Першая з кніг была прысьвечаная закатаваным у Заходняй Сібіры, другая — расстраляным у Маскве і Ленінградзе. У трэцяй кнізе — імёны 5772 чалавек, забітых у Менску. Пра лёс многіх зь іх і да сёньня не вядома нават блізкім сваякам, кажа адзін з укладальнікаў Вацлаў Арэшка:

«Гэтыя некалькі тысячаў прозьвішчаў — вельмі малая частка, але мы спрабуем падаць хаця б гэтыя імёны. Каб яны былі даступныя шырокай грамадзкасьці. Бо ў многіх выпадках нават дзеці ці ўнукі ня ведаюць, што ў іх сям’і хтосьці быў рэпрэсаваны. А тут можна паглядзець сайт ці адкрыць кнігу і, магчыма, выпадкова знайсьці свайго сваяка».

Як паведаміў Вацлаў Арэшка, пакуль кніга існуе толькі ў электронным выглядзе, але неўзабаве зьявіцца і друкаваны врыянт.

Удзельнікі прэзэнтацыі

Удзельнікам прэзэнтацыі дыскусійны відэаклюб, які працуе ў «Гістарычнай майстэрні» прадэманстраваў «Савецкую гісторыю» — дакумэнтальны фільм літоўскага кінарэжысэра Эдвінса Шнорэ пра галадамор ва Ўкраіне і катынскі растрэл.

Прадстаўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі: «Гэты фільм адрозьнівае ад іншых тое, што паказана тэарэтычнае падабенства фашызму і камунізму. Па-другое, ён перакідвае масток ад тых страшных гадоў у наш час. Ён паказвае, што карані гэтай зьявы ў краінах былога Савецкага Саюзу вельмі жывыя».

Паводле спадара Раманоўскага, неўзабаве будзе створана беларуская сэкцыя «Мэмарыялу», які працягне працу па адкрыцьці новых старонак малавядомай гісторыі 30-х гадоў у Беларусі. І гэтая праца знойдзе сваю падтрымку і спрыяньне з боку «Гістарычнай майстэрні», кажа дырэктар Кузьма Казак:

«Каб штосьці ведаць больш аб’ектыўна, трэба азірнуцца на гісторыю. Бо ёсьць вельмі блізкія падзеі: сталінізм, палітычныя рэпрэсіі 20-30-х гадоў».

Як паведаміў Кузьма Казак, чарговая імпрэза, прысьвечаная аднаўленьню гістарынай памяці, у «Гістарычнай майстэрні» адбудзецца 28 сакавіка. Гэта будзе прэзэнтацыя кнігі пра гісторыю менскага гета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG