Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяндзкі псыхоляг: "Турэмная ежа як фактар паводзінаў вязьняў"


"Калі дзяржава зацікаўленая ў паляпшэньні прававога ды псыхалягічнага клімату ў турме, а таксама ў пасьпяховай рэінтэграцыі колішняга зьняволенага ў соцыюм, яна павінна перагледзець падыходы да харчаваньня ў вязьніцы", перакананы галяндзкі клінічны псыхоляг, дарадца Міністэрства юстыцыі Нідэрляндаў доктар Ап Заальбэрг.

Апошнія пяць гадоў навуковец разам з калегамі па ўнівэрсытэце ў Ляйдэне займаецца пытаньнямі "цяжкай турэмнай ежы" і яе ўзьдзеяньня на паводзіны вязьняў.

Пад тэрмінам "цяжкая ежа" турэмныя псыхолягі разумеюць аднастайнае і незбалянсаванае харчаваньне, якое істотна мяняе мэтабалізм чалавека і ў спалучэньні зь іншымі абставінамі турэмнага жыцьця даводзіць чалавека да крытычнага душэўнага стану.

Разгледзім харчаваньне эўрапейскіх і беларускіх зьняволеных на прыкладзе атрыманых "Свабодай" мэню турэмных устаноў Нямеччыны і Беларусі.

"Фальшывы заяц" і "палявы суп"


У гэтыя выходныя ў гамбурскай турме "Ханёфэрзанд" на сьняданак давалі сыр, каўбасу, сасіскі, амлет, ёгурт, мюсьлі, хлеб, каву або гарбату на выбар
У гэтыя выходныя ў гамбурскай турме "Ханёфэрзанд" на сьняданак давалі сыр, каўбасу, сасіскі, амлет, ёгурт, мюсьлі, хлеб, каву або гарбату на выбар. Вячэра падобная да сьняданку. На абед быў гэтак званы "фальшывы заяц" — рулет, начынены мясным фаршам, смажаным бэконам, яйкамі. Плюс нямецкая бульбяная салата з марынаванымі гуркамі. Таксама розныя фруктовыя напоі, салодкі дэсэрт. Дарэчы, у гэтай турме мяса выдаецца чатыры разы на тыдзень. Пераважае смажаная сьвініна (стэйк велічынёй з далонь). Яе давалі ў другі выходны разам з тушанай кіслай капустай. Для зьняволеных мусульманаў, як і для вэгетарыянцаў, асобнае мэню.

Для параўнаньня — мэню беларускай калёніі ў Івацэвічах (у дужках — як гэтыя стравы, са слоў былых вязьняў, выглядаюць насамрэч).

На сьняданак — пярловая каша-суп (крупы на вадзе), на абед — "суп палявы" (тыя ж самыя крупы на вадзе), рагу з гародніны (ператушаная капуста са скуркамі сала), на вячэру — рыба тушаная (лыжка так званага рыбнага паштэту невядомага паходжаньня, разбоўтаная ў той жа кашы)
На сьняданак — пярловая каша-суп (крупы на вадзе), на абед — "суп палявы" (тыя ж самыя крупы на вадзе), рагу з гародніны (ператушаная капуста са скуркамі сала), на вячэру — рыба тушаная (лыжка так званага рыбнага паштэту невядомага паходжаньня, разбоўтаная ў той жа кашы).

Паводле нідэрляндзкіх псыхолягаў, першы варыянт мэню ў спалучэньні зь фізычнымі і прасторавымі абмежаваньнямі нясе праблемы для псыхасаматычнага здароўя чалавека. Гэта пры тым, што ў нямецкіх турмах зьняволеныя мусяць працаваць, могуць хадзіць з камэры ў камэру, рабіць прынамсі гадзінныя прагулкі на сьвежым паветры, займацца спортам у турэмным парку. Што да другога мэню, з улікам камэнтароў вязьняў, то яго трэба разглядаць як зьдзекі з асобы чалавека.

З гледзішча адмоўнага ўзьдзеяньня на арганізм абодва варыянты харчаваньня "цяжкія", лічаць адмыслоўцы. Адно тое, што ежа, у якой няма неабходных вітамінаў, мінэралаў, полінасычаных тлустых кіслотаў, паўтараецца з дня на дзень, істотна ўплывае на зьмены ў мэтабалізьме. Залозы ўнутранай сакрэцыі, у прыватнасьці, гіпофіз і эпіфіз, ужо не выпрацоўваюць неабходнай колькасьці эндарфінаў і сэратаніну, што выклікае ў чалавека або агрэсію, або дэпрэсію, або чаргаваньне абодвух гэтых станаў.

"Цяжкая ежа" мае эфэкт алькагольнай інтаксыкацыі"


Цягам некалькіх месяцаў навуковая група пад кіраўніцтвам доктара Заальбэрга праводзіла дасьледаваньні ў васьмі нідэрляндзкіх турмах. Вязьні былі падзеленыя на дзьве групы. Адны штодня ў якасьці дадатку да ежы атрымлівалі капсулы зь вітамінамі, мінэраламі, поліненасычанымі тлустымі кіслотамі "Амэга-3". Другім давалі плацэба.

Дасьледаваньні прадэманстравалі, што тыя, хто прымаў капсулы-пустышкі, адзначаліся больш агрэсіўнымі паводзінамі. У другой групе праявы жорсткіх паводзінаў зьменшыліся больш як на траціну.

Выснова доктара Заальбэрга: "цяжкая турэмная ежа" ўзьдзейнічала на пэўныя нэйронныя ланцугі ў чалавечым мозгу гэтаксама, як і алькаголь. Такой жа думкі, дарэчы, прытрымліваецца і брытанскі фізіёляг з Оксфардзкага ўнівэрсытэту Бэрнар Геш, які назіраў за паводзінамі непаўналетніх зьняволеных у адной з турмаў Шатляндыі. Абодва навукоўцы перакананыя, што вітамінныя дадаткі да ежы ў турмах ЭЗ неабходныя. Да таго ж самі вязьні павінны больш уважліва ставіцца да турэмнай ежы.

Заальбэрг: "Мы заўважылі, што зьняволеныя ў гэтых умовах выбіраюць не найлепшыя рашэньні. Ёсьць тэндэнцыя да ўжываньня прадуктаў, багатых на тлушч і цукар, што ў выніку ўзьдзеяньня на пэўныя ўчасткі мозгу прыводзіць да эфэкту, блізкага да алькагольнай інтаксыкацыі. Прызвычайваньне да падобных шкодных рэчываў робіцца вельмі моцным".

"На скрынях з рыбай стаіць адзнака "Для пушных зьвяроў"


Мянчук Андрэй, які адбывае пакараньне ў адной з папраўчых калёніяў у Беларусі, распавядае, што ён у сталоўку ня ходзіць. Баіцца атруціцца. Харчуецца тым, што можна набыць у турэмнай краме.

"На раніцу кормяць супам з хамсы, якую вараць з галовамі і кішкамі. Есьці гэта немагчыма. Бульбы, якая павінна быць штодня, не даюць ужо тыдзень"
Андрэй: "Кормяць адным і тым жа, і гэта не нармальная ежа. Адзінае, што апошнім часам стала лепш, гэта тое, што пачалі два разы на тыдзень даваць па вараным яйку, а таксама малако. Хлеб павінен быць белы і чорны. А тут яны абралі нейкую альтэрнатыву і прапануюць выключна шэры, незразумела з чаго зроблены. Хлеб есьці можна. Але вось крупы адны і тыя ж. Бульбы, якая павінна быць штодня, не даюць ужо тыдзень. Калі прыяжджаюць камісіі, то ў супе і кашы зьяўляецца мяса. Калі камісія зьяжджае — ня ўбачыш. На раніцу кормяць супам з хамсы, якую вараць з галовамі і кішкамі. Есьці гэта немагчыма. Больш за тое, рыбу сюды пастаўляюць непрыдатную для ежы. Там стаіць адзнака: для кароткатэрміновага выкарыстаньня для пушных зьвяроў".

Больш падрабязна пра харчаваньне ў беларускіх турмах — у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG