Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібійскі ўрок для Лукашэнкі


Беларускае МЗС заклікала ўдзельнікаў міжнароднай апэрацыі ў Лібіі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні, бо ракетна-бомбавыя ўдары па лібійскай тэрыторыі, на думку беларускіх уладаў, "выходзяць за рамкі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН". Як у Беларусі рэагуюць на пачатак міжнароднай апэрацыі ў Лібіі?

Сёньня ў беларускім МЗС пацьвердзілі пазыцыю, агучаную 20 сакавіка. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў:

Урэгуляваньне канфлікту зьяўляецца ўнутранай справай Лібіі і павінна быць забясьпечана самім лібійскім народам
"Ракетна-бомбавыя ўдары па тэрыторыі Лібіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН нумар 1973 і супярэчаць яе галоўнай мэце — запэўніць бясьпеку мірнага насельніцтва. Рэспубліка Беларусь заклікае дзяржавы, якія прымаюць удзел у ваеннай апэрацыі, неадкладна спыніць баявыя дзеяньні, якія прыводзяць да чалавечых ахвяр. Урэгуляваньне канфлікту зьяўляецца ўнутранай справай Лібіі і павінна быць забясьпечана самім лібійскім народам без ваеннага ўмяшаньня звонку".

Спадар Савіных паведаміў таксама, што амбасада Беларусі ў складзе трох дыпляматаў працягвае працу ў Трыпалі. На выпадак пагаршэньня сытуацыі прапрацоўваюцца варыянты іх эвакуацыі. У Лібіі яшчэ застаюцца 55 беларускіх лекараў, разглядаюцца варыянты іх ад'езду праз сумежныя краіны.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускага славянскага камітэту, адзін з кіраўнікоў Міжнароднага славянскага парлямэнцкага саюзу Сяргей Касьцян заявіў, што міжнародная апэрацыя ў Лібіі "супрацьзаконная і ня ўпісваецца ў рамкі Статуту ААН". Зь іншага боку, ён бачыць тут "здраду вялікіх дзяржаў, найперш Расеі, Кітаю і Індыі". Ён лічыць, што "пазыцыя кіраўніцтва Беларусі заўсёды будавалася на пэўных рэаліях". Спадар Касьцян ня лічыць, што падобная апэрацыя можа быць праведзена адносна Беларусі.

то да Брусэлю, Парыжа і Рыму нашы ракеты змогуць даляцець, яны нават і вокам не пасьпеюць міргнуць
"Беларусь мае сучасную вайсковую тэхніку, якая не саступае і Эўразьвязу, і іншым краінам. І ў нас ёсьць чым абараняцца. І калі ад Лібіі да ЗША, да Вашынгтону ракетам будзе цяжка даляцець, то да Брусэлю, Парыжа і Рыму нашы ракеты змогуць даляцець, яны нават і вокам не пасьпеюць міргнуць".

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паведамляе, што апэрацыя ў Лібіі нібыта выклікала "рэзкае асуджэньне ў сьвеце", і перадае заяву прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, які заклікае спыніць "замежнае ўварваньне".

Паводле шэф-рэдактара газэты "Народная воля" Сьвятланы Калінкінай, калі міжнародныя сілы ўвойдуць у Лібію, то могуць выплыць, да прыкладу, сакрэтныя пастаўкі зброі ў гэтую краіну. Яна адзначыла, што пазыцыя афіцыйнага Менску ўвесь час мянялася:

калі ты спрабуеш крывавым шляхам здушыць народныя паўстаньні і нават амаль што перамагаеш, гэта яшчэ не азначае, што ты ўтрымаесься ва ўладзе
"Спачатку мы цалкам падтрымлівалі ўсе рэзалюцыі ў рамках ААН і таксама ўводзілі санкцыі. Але калі пачалася ваенная апэрацыя, то зараз МЗС выступіў з заклікам яе спыніць. Ня дзіва, што такая неадназначная рэакцыя. Бо для Аляксандра Лукашэнкі гэта такі добры ўрок, што нават калі ты ўжываеш армію і сілу, калі ты спрабуеш крывавым шляхам здушыць народныя паўстаньні і нават амаль што перамагаеш, гэта яшчэ не азначае, што ты ўтрымаесься ва ўладзе".

Палітоляг Сяргей Богдан мяркуе, што пазыцыя МЗС Беларусі малапрадуманая.

"Бадай, беларускія ўлады спадзяюцца на тое, што Кадафі неяк утрымаецца і мы ад яго нешта зможам атрымаць за падтрымку ў цяжкую часіну. Гэта сьведчыць пра тое, што нейкага грунтоўнага палітычнага аналізу ніхто зь беларускага боку не зрабіў. І таму існуе такі неабгрунтаваны разьлік. А з другога боку, хутчэй за ўсё, Беларусь ня можа спадзявацца на нейкія добрыя стасункі з новым урадам Лібіі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG