Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля зьяўленьня "Маніфэсту" апазыцыя дзеліцца на "рэвалюцыйную" і "дыялёгавую"


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі расейскім выданьням і Маніфэст пра грамадзянскае непадпарадкаваньне некаторых лідэраў апазыцыі камэнтуе наш аглядальнік Віталь Цыганкоў.

18 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з рэдактарамі некаторых расейскіх выданьняў, падчас якой зрабіў шэраг прыкметных заяваў. Пра гэта ды пра зьяўленьне "Маніфэсту", падпісанага некаторымі лідэрамі апазыцыі – гутарка з аглядальнікам Віталём Цыганковым.

На якія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, на вашую думку, варта зьвярнуць увагу, каму накіраваныя заявы беларускага кіраўніка?

Цыганкоў:
Перш за ўсё, хацелася б зьвярнуць увагу на некаторыя красамоўныя акалічнасьці сустрэчы Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. Па-першае, нагадаем, што прэсавая канфэрэнцыя адбылася праз некалькі дзён пасьля візыту ў Беларусь расейскага прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна. І гэта ўжо становіцца звыклым для Лукашэнкі - свае сапраўдныя думкі выказваць пасьля, наўздагон, ня ў твар расейскім суразмоўцам, а празь некалькі дзён пасьля сустрэчы. Зь іншага боку, гэтая прэс-канфэрэнцыя - даніна традыцыйнаму жанру штогадовых зносін Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. І зьвяртае на сябе ўвагу, як скарачаецца колькасьць выданьняў, якім дазваляецца сустрэцца зь беларускім кіраўніком, -- на гэты раз усяго толькі 11, пераважна нацыянал-патрыятычнага і левага кшталту.

Што тычыцца ўласна заяваў Лукашэнкі, то беларускі кіраўнік імкнуўся даказаць, што ён не перад кім не прагінаецца, што ён застаецца самастойным, найперш у дачыненьнях з Крамлём. За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі афіцыйны Менск патрапіў у большую залежнасьць ад Масквы, калі назіральнікі кажуць пра відавочныя эканамічныя здачы пазыцыяў -- гэта і будаўніцтва АЭС на ўмовах Расеі, і аб'яднаньне МАЗа і КамАЗа -- Лукашэнка паспрабаваў захаваць твар, паказаць, што выціраць ногі аб яго Крэмль ня будзе. Адсюль і заявы, што беларусы ніколі не пагодзяцца стаць расейскай губэрніяй.

Другой важнай падзеяй апошніх дзён стаў маніфэст групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, у якім яны выказалі сваё бачаньне стратэгіі апазыцыі на бліжэйшую пэрспэктыву. Іх галоўны тэзіс – трэба аб'явіць байкот, негвалтоўны супраціў нелегітымнай уладзе і актыўнае грамадзянскае супрацьстаяньне ўсім дзяржаўным інстытутам. Віталь, на вашу думку, ці можа гэты маніфэст стаць стратэгіяй дзеяньня ўсёй апазыцыі?


Цыганкоў:
Варта сказаць, што маніфэст – гэта вельмі сур'ёзны і дастаткова радыкальны дакумэнт, які патрабуе вялікай і грунтоўнай дыскусіі, а ня толькі кароткага камэнтару. Аўтары маніфэсту прапануюць праяўляць грамадзкае непадпарадкаваньне ў сацыяльнай сфэры, (байкот дзяржаўных мерапрыемстваў, праўрадавых арганізацыяў і СМІ), і эканамічнай (зьняцьцё ўкладаў, закупка валюты, байкот фірм, якія супрацоўнічаюць з рэпрэсіўнымі органамі). Варта нагадаць, што падобная стратэгія прымянялася і Махатмам Гандзі, лідэрам барацьбы індыйцаў на незалежнасьць ад Брытанскай імпэрыі, і косаўскімі альбанцамі, якія ніяк не супрацоўнічалі з сэрбскай уладай з мэтай дабіцца незалежнасьці. Наколькі гэтая тактыка ажыцьцявімая ў беларускіх рэаліях – няпростае пытаньне.

Можна канстатаваць, што пасьля зьяўленьня гэтага маніфэсту ў беларускай апазыцыі канчаткова выявіліся дзьве стратэгіі паводзінаў – "рэвалюцыйная" і "дыялёгавая". Першая – байкоту і непадпарадкаваньня ўладам, сфармуляваная ў гэтым маніфэсьце, і другая – выказаная ў дакумэнце "Стратэгія-2012", накіраваная на дыялёг у грамадзтве, у тым ліку дыялёг з уладай -- з мэтай, каб апазыцыя стала суб'ектам легальнай палітыкі. Можна прагназаваць, што Маніфэст стане падмуркам для кансалідацыі той, больш радыкальнай часткі апазыцыі, якая ставіць перад сабой бескампрамісную барацьбу з існуючым рэжымам, у той час як лідэры і рухі, накіраваныя на эвалюцыю і дыялёг, наўрад ці прымуць гэты дакумэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG