Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма Каліноўскага -- ня толькі для студэнтаў


21 сакавіка адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё паза чарговай адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Такая неабходнасьць зьявілася ў сувязі са шматлікімі фактамі адлічэньняў студэнтаў зь беларускіх ВНУ пасьля падзеяў 19 сьнежня. Польскі ўрад абвясьціў аб пачатку набору студэнтаў на праграму для рэпрэсаванай моладзі імя Кастуся Каліноўскага яшчэ ў студзені, і неўзабаве для вызначаных асобаў пачнуцца падрыхтоўчыя курсы польскай мовы.

Згодна са зьвесткамі Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць", урад Польшчы зацьвердзіў на гэты год 150 стыпэндыяў для студэнтаў, 50 стыпэндыяў для дактарантаў і 10 навуковых стыпэндыяў для выкладчыкаў.

Старшыня камітэту Іна Кулей кажа, што праграма прадугледжвае атрыманьне вышэйшай адукацыі і вучобы ў асьпірантуры для людзей, якія зазналі арышты, затрыманьні, адлічэньні з сярэдне-спэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў; у каго былі ператрусы альбо штрафы, а таксама дзецям рэпрэсаваных палітыкаў, сябрам грамадзкіх арганізацыяў і кампаніяў, якія цярпелі перасьлед з боку ўлады:

"Праграма, якая афіцыйна распачынаецца 21 сакавіка, па-сутнасьці зьяўляецца пазачарговай праграмай. Таму што ёсьць звычайныя праграмы штогадовыя, такая была і на акадэмічны год 2010-2011. Спадзяемся, што будзе ўсё ў парадку і будзе наступная праграма – на 1 кастрычніка 2011 году. Але гэта – пазачарговая праграма, зьвязаная якраз з падзеямі 19 сьнежня, з выключэньнем з унівэрсытэтаў тых студэнтаў, якія маглі б прадоўжыць сваю адукацыю проста зараз".

Паводле спадарыні Кулей, у гэтай сытуацыі адносна добрай навіной можна лічыць тое, што лік адлічаных студэнтаў прынамсі ідзе не на сотні, як гэта было ў прэзыдэнцкую кампанію 2006-га году:

"Мы шчасьлівыя, што лік ідзе на самой справе на дзясяткі. Але там прымуць удзел ня толькі маладыя людзі, якія былі выключаныя з унівэрсытэтаў, іх ня так шмат – усяго каля дваццаці. Але гэта і тыя, хто хацеў бы вучыцца і зараз проста вымушаныя хавацца за межамі краіны. І таму гэтыя людзі нарэшце змогуць распачаць сваю адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Мы вельмі ўсьцешаныя, што ёсьць такая магчымасьць адразу ўключыцца ў такую праграму, проста пасярэдзіне навучальнага году".

Для многіх выключаных студэнтаў навучаньне спынілася фактычна ў самы разгар залікаў ці допускаў да сэсіі. Некаторым заставаўся год ці нават меней таго да заканчэньня ВНУ.

Кулей тлумачыць: "Умовы такія: тыя студэнты, якія ў дастатковай ступені валодаюць польскай мовай і па акадэмічных даведках і параўнаньні прадметаў маглі б наўпрост зараз працягнуць адукацыю, яны будуць скіраваныя ва ўнівэрсытэты адразу пасьля сумоўя з кваліфікацыйнай камісіяй. Але я думаю, што такіх, на жаль, будзе няшмат, таму што большасьць у дастатковай ступені мовай не валодае. І гэтыя студэнты папросту пройдуць падрыхтоўчы курс польскай мовы. Ён будзе значна даўжэйшы, чым звычайны. Бо звычайны – гэта толькі два месяцы, а гэтая група зможа вывучаць польскую мову, пачынаючы ад сакавіка і да кастрычніка месяца".

Упершыню польскія навучальныя ўстановы змогуць прыняць ня толькі студэнтаў, але і асьпірантаў і нават звольненых па палітычных матывах выкладчыкаў ВНУ: "Акрамя гэтай праграмы для студэнтаў, ёсьць яшчэ для набор асьпірантаў, яны таксама могуць прыняць удзел. І нават – гэта ў нас першы раз -- для выкладчыкаў ВНУ навуковыя стыпэндыі. Гэта тыя, хто пацярпеў, быў выкінуты, звольнены з працы, а таксама тыя, хто хацеў бы зрабіць нейкую навуковую працу, альбо напісаць кніжку. Для іх гэта такая своеасаблівая творчая стыпэндыя".

Карэспандэнт: "А што да адлічаных студэнтаў: яны ўсё ж змогуць навучацца па профілі ці могуць быць нейкія адхіленьні?"

Кулей: "Калі студэнт быў адлічаны ніжэй за другі курс, то ён можа памяняць сваю спэцыяльнасьць – пры жаданьні. Калі ж ён вучыцца ўжо на трэцім курсе, ён будзе працягваць навучаньне па профілі".

Пры канцы размовы прашу кіраўніцу Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іну Кулей параўнаць наступствы прэзыдэнцкай кампаніі 2006-а году і 2010-га году. Яна кажа, што "колькасьць непараўнальная. Тады гэта было амаль 500 чалавек – гэта людзі, якія былі скіраваныя на розныя праграмы. У гэтым годзе мы кажам толькі аб дзясятках. І гэта якраз вынік добрай працы праграмы імя Кастуся Каліноўскага, іншых праграмаў, салідарных зь беларусамі, стыпэндыяльных праграмаў іншых краінаў. Трэба разумець, што ўлады не выключаюць студэнтаў яшчэ і таму, што для навучэнцаў ёсьць шлях працягу вучобы. І мы гэта хочам ацаніць як плюс нашай працы".
Праграма імя Кастуся Каліноўскага была заснаваная 30 сакавіка 2006 года на знак салідарнасьці Польшчы з пацярпелымі ў часе прэзыдэнцкай кампаніі. Адпаведны дакумэнт падпісалі былы кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006-га Беларусі Аляксандар Мілінкевіч і тагачасны прэм'ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч. Праграма зацьверджаная Канфэрэнцыяй рэктараў польскіх акадэмічных школ і канфэрэнцыяй рэктараў польскіх унівэрсытэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG