Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрый Вус: «На выбарах беларусаў робяць клоўнамі»


Для абароны экс-кандыдата Андрэя Саньнікава наняты яшчэ адзін адвакат. Дзьмітрый Вус быў бы сьведкам, калі б даў іншыя паказаньні адносна падзей на Плошчы. Зь Мікалаем Статкевічам упершыню за два месяцы сустрэлася адвакат.

Дзьмітрый Вус
Дзьмітрый Вус паведаміў, што калі б даў паказаньні на Мікалая Статкевіча, застаўся б у справе сьведкам, а так стаў абвінавачаным у арганізацыі масавых беспарадкаў:

«Мне казалі: можаш ісьці як сьведка, але тады трэба даваць паказаньні, што Статкевіч арганізоўваў масавыя непарадкі, і расказваць, што ён рабіў. Я ад гэтага адмовіўся. Я сказаў, што, па-першае, ня ведаю, што ён рабіў, а па-другое, я катэгарычна супраць такіх захадаў сьледзтва».

Дзьмітрый Вус стаў шостым кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, якому выстаўлена абвінавачаньне адносна падзей 19 сьнежня. Паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў Вусу пагражае зьняволеньне ад 5 да 15 гадоў. Днямі зь Дзьмітрыя Вуса ўзялі падпіску пра нявыезд. Камэнтуючы абвінавачаньне, Дзьмітрый Вус сказаў «Свабодзе», што не шкадуе аб сваім удзеле ў выбарах. Паводле экс-кандыдата на прэзыдэнта, усё больш людзей разумеюць, што выбары былі сфальшаванымі:

«Людзі пачынаюць разумець, што яны насамрэч не галасуюць, што іх робяць клоўнамі, каб правесьці шоў».


Мікола Статкевіч
18 сакавіка Мікалаю Статкевічу перапрад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых непарадкаў. На гэтае дзеяньне была выклікана адвакат Тацяна Станкевіч. Вось што яна пазьней паведаміла жонцы палітыка Марыне Адамовіч:

«Ведаеце, адвакаты зараз увогуле нічога ня кажуць… Адзінае, што яна сказала, што ён, канечне, схуднелы, але бадзёры, выглядае добра і просіць усім перадаваць прывітаньне».

Паводле зьвестак Марыны Адамовіч, справу Мікалая Статкевіча хутка перададуць яму на азнаямленьне і потым у пракуратуру.


Андрэй Саньнікаў
Менскі адвакат Андрэй Варвашэвіч будзе зараз абараняць экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. У Саньнікава ўжо ёсьць адвакат Марына Кавалеўская. Раней палітыка абараняў вядомы адвакат Павал Сапелка, якога выключылі з калегіі адвакатаў. Пытаньне да маці палітыка Алы Саньнікавай: «Чаму спатрэбілася заключаць дамову яшчэ з адным адвакатам?»

«Я ўжо баюся, што калі нешта здарыцца, сын зноў застанецца без адваката. Хай разам абараняюць. Мяркую, ім удвох будзе зручней. Адвакат зь Менску. Дарэчы, учора ён бачыў сына. Сказаў, што трымаецца добра, а больш нічога. Яны ж зараз нічога ня кажуць, усяго баяцца. Ды, па шчырасьці, і я баюся распытваць. Яшчэ скажуць што лішняе, і зноў будуць праблемы».

18 сакавіка ў КДБ на допыты выклікалі таксама экс-кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага і сябра штабу Статкевіча Алеся Арастовіча. Крыніцы кажуць сваякам вязьняў, што значная частка спраў аб падзеях 19 сьнежня павінна быць завершаная і перададзеная ў суды да канца сакавіка.

Былому міліцыянту Аляксандру Класкоўскаму выставілі абвінавачаньне ня толькі ў арганізацыі масавых непарадкаў, але таксама ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ды ў самавольным прысабечваньні званьня альбо ўлады. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG