Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць фігурантаў справы аб масавых беспарадках павялічваецца


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску
Праваабарончаму цэнтру "Вясна" сталі вядомыя новыя фігуранты справы аб масавых беспарадках: абвінавачаны Андрэй Пратасеня і падазраваны Дзьмітрый Даронін.

Абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках жыхар Менску, 29-гадовы праграміст Андрэй Пратасеня быў затрыманы 9 лютага. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адкуль ужо даслаў тры лісты бацькам, паведаміў Андрэеў брат Аляксандар Пратасеня.

Ён паведаміў, што Андрэй абвінавачваецца за актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца ў Менску 19 сьнежня. На плошчы ён насамрэч быў, але ніякіх гвалтоўных дзеяньняў не ўчыняў.

"Як адбылося затрыманьне Андрэя 9 лютага, я ня ведаю, у той дзень мы з братам ня бачыліся. Магчыма, яго запрасілі на нейкую гутарку альбо іншым чынам выманілі з дому, а потым ён быў затрыманы. Ведаю толькі, што гэта адбылося ня дома", сказаў Аляксандар.

Брат вязьня паведаміў таксама, што вечарам 9 лютага на кватэры іх бацькоў быў праведзены ператрус, пасьля якога Андрэя забралі ў КДБ.

15 сакавіка на працоўным месцы быў затрыманы Дзьмітры Даронін. 28-гадовага менчука на трое сутак зьмясьцілі ў турму на вуліцы Акрэсьціна. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу.

У кватэры, дзе Дзьмітрый пражывае з бацькамі, быў праведзены ператрус, канфіскаваны сыстэмны блёк кампутара.

Такім чынам, на 17 сакавіка ў статусе абвінавачаных знаходзіцца 36 чалавек:
  • 24 пад вартай
  • 2 — пад хатнім арыштам
  • 9 — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

У статусе падазраваных — 13 чалавек:
  • 1 пад вартай
  • 2 па-за межамі краіны
  • пераважная большасьць — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

4 фігуранты крымінальнай справы асуджаныя да пазбаўленьня волі, 2 — да штрафаў і 1 — да абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG