Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Досьвед Артура Папка: хаваўся па сваяках, ад'яжджаў праз Украіну


Артур Папок
Артур Папок
Уцёкі Алеся Міхалевіча з-пад носа ў сьледзтва даюць нагоду ўспомніць, што падзеі на менскай плошчы Незалежнасьці ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў прымусілі дзясяткі дэмакратычных актывістаў пакінуць Беларусь. Як гэтыя людзі здолелі перасячы мяжу?

19 сьнежня фота з акрываўленым тварам актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Артура Папка абышло шмат якія інфармагенцтвы. Менавіта спадар Папок быў за рулём мікрааўтобуса, які, як пераконвае афіцыйная прапаганда, перавозіў "зброю, выбухоўку" ды іншыя прыстасаваньні для захопу ўлады.

Папка затрымалі і склалі пратакол “за парушэньне правілаў дарожнага руху", пасьля чаго адпусьцілі. Прадчуваючы, што яму не дадуць доўга застацца на волі, Артур зьнік у той самы дзень.

Ці лёгка было выехаць зь Беларусі? Ці давялося скарыстаць хітрыкі? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да Артура Папка.

"Я і паспрабаваў абхітрыць. Як толькі выйшаў з міліцэйскага пастарунку, паляцеў на вакзал, дзе былі прыхаваныя рэчы, забраўшы якія я тыдзень хаваўся па розных адрасах у сяброў, сваякоў. Потым выехаў праз Расею ва Ўкраіну, там месяц адседзеўся ў сваякоў — пакуль скончыліся сьвяты, пакуль там зьвярнуўся да амбасадара Польшчы ва Ўкраіне. Я напісаў падрабязна пра ўсе свае прыгоды, і, трэба аддаць належнае, ён, зьвязаўшыся з Варшавай, атрымаў палітычнае рашэньне выдаць мне гадавую нацыянальную польскую візу. Цягам нават аднаго дня".

Карэспандэнт: "То бо з Украіны без праблемаў трапілі ў Польшчу?"
Я палічыў гэта платай за ўратаваньне, паставіўшыся да гэтага па-філязофску...


"Ну, калі не лічыць праблемай рабунак з боку ўкраінскіх міліцыянтаў. Пабачыўшы мой пашпарт і зразумеўшы, адкуль я і чаму, яны пачалі мяне палохаць, што зараз ссадзяць на найбліжэйшай станцыі, пачнуць высьвятляць абставіны. І "вернуць назад да "бацькі", каб ён са мной разабраўся. І, шчыра кажучы, я спалохаўся, бо мне не выпадала яшчэ раз рызыкаваць сваім жыцьцём, дый чакалі назаўтра на "Белсаце" на запіс. Карацей кажучы, прашманаўшы, яны выцягнулі зь мяне грошы. І так "тэхнічна", што я гэта заўважыў толькі вярнуўшыся назад у купэ. Гэта калі адказваць, ці без прыгодаў даехаў. Амаль што без прыгодаў. Я палічыў гэта платай за ўратаваньне, паставіўшыся да гэтага па-філязофску".

Карэспандэнт: "Тры месяцы мінулі ад падзеяў на плошчы, шмат людзей па-ранейшаму сядзяць па турмах, але яшчэ большая колькасьць зьехала. У чым небясьпека вяртаньня ў Беларусь?"

"У маім выпадку, калі я яшчэ пісаў тлумачэньне ў пратаколах пра парушэньне правілаў дарожнага руху, я ўсьведамляў, што раблю. Я хацеў зафіксаваць на гэтых афіцыйных паперах у двух экзэмплярах (другі застаўся ў мяне на той выпадак, калі першы недзе "страціцца") тыя факты злачынстваў, сьведкам якіх — і нават ахвярай — я стаўся. Пасьля таго, як усё там выклаў, я зразумеў, што гэта не застанецца без увагі тых, супраць каго я гэта зрабіў. Перакананы, гэта толькі ўмацавала іхняе стаўленьне да мяне. Ну і, адпаведна, маё — да іх”.

Карэспандэнт: "На неакрэсьлены тэрмін давядзецца застацца ў Польшчы?"
Лічу гэта ўчынкам сумленным і ня самым драбнадушным у маім жыцьці...


"Вядома, я не магу тут біць сябе пяткай у грудзі і крычаць, што абвясьціў вайну рэжыму, але я зрабіў тое, што зрабіў. Лічу гэта ўчынкам сумленным і ня самым драбнадушным у маім жыцьці. Разумеючы, як да гэтага паставяцца тыя, хто мае ўладу ў маёй краіне, тое, што яны могуць зрабіць супраць сваіх ворагаў, я ўжо бачыў на ўласныя вочы, а яшчэ больш чытаў і ведаю ад іншых, я зрабіў адпаведныя высновы. Так што, думаю, сапраўды ехаць сёньня мне ў Беларусь не выпадае. Цяпер я не магу рызыкаваць сваім жыцьцём і туды вяртацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG