Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартаваў другі Фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацыяў


Другі Фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацый AD.NAK! ад сёньняшняга дня распачынае прыём конкурсных працаў. Працы будуць прымацца да 6 чэрвеня. Асноўны фэстывальны дзень падвядзеньня вынікаў – 23 чэрвеня. Конкурсная праграма 2011 году будзе значна пашыраная за кошт новых тэмаў і кірункаў.

Мэтай першага фэстывалю AD.NAK! было імкненьне акрэсьліць становішча беларускамоўнай рэклямы і сабраць максымальную колькасьць працаў і ўдзельнікаў. На конкурс было пададзена 105 работ 59 удзельнікаў, у конкурсе маладых рэклямістаў – 15 работ ад 9 удзельнікаў і камандаў. Вядоўца імпрэзы заўважыў:

“Арганізатары зьяўляюцца вялікімі аптымістамі, бо яны працуюць на пэрспэктыву. У краіне, дзе ўвогуле з рэклямай ня густа, праводзіць фэстываль беларускамоўнай рэклямы – гэта гераізм. Але рэкляма і камунікацыі на беларускай мове ёсьць”.

У першым фэсьце бралі ўдзел і ўсясьветна вядомыя брэнды – Samsung, Renault, Ceresit. На прэзэнтацыі былі прадэманстраваныя найлепшыя відэа- і аўдыёролікі, плякаты, лягатыпы, прадстаўлены пераможцы ў розных намінацыях. Па выніках выпусьцілі буклет. Каардынатар кампаніі “Будзьма” Алена Макоўская мяркуе:

“Паводле ацэнак “Marketing.by”, працаў сёлета будзе ня менш, чым на мінулым фэстывалі. Мы на гэта спадзяемся. Нам вельмі цікавая сытуацыя, бо мы публікавалі вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня: 37% беларусаў лічаць, што рэкляма павінна быць пераважна па-беларуску. І гэтая інфармацыя быццам бы недзе “завісла ў паветры”: ці яе ня чуюць, ці ня хочуць нейкім чынам асэнсоўваць. Таму мы ўсё ж такі імкнемся прыйсьці да людзей і паказаць, што сапраўды беларуская мова ёсьць вельмі якасным інструмэнтам камунікацыяў, яна зьвяртае на сябе ўвагу, яна ўспрымаецца абсалютна добра і пазытыўна спажыўцамі”.

Сёлета фэстываль беларускамоўнай рэклямы AD.NAK! атрымаў лягічны працяг і разьвіцьцё. Разам са звычайнай рэклямай і PR значная ўвага будзе надавацца працам, скіраваным на папулярызацыю розных культурніцкіх праектаў, кажа кіраўнік інтэрнэт-рэсурсу “Marketing.by” Сяргей Скараход:

“Мы наўмысьля ўзялі крэн у бок розных культурніцкіх праектаў, усяго, што зьвязана з культурай і мастацтвам. Мы хочам, каб вакол фэстывалю цягам гэтых трох месяцаў адбывалася бурнае жыцьцё, яркія падзеі, якія б залучылі маладых рэклямістаў”.

Сёлета значная пашырылася колькасьць намінацыяў у катэгорыях “Інтэрнэт-рэкляма”, “Рэклямныя PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты". Апроч рэклямы і прамоцыі, у фэсьце возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты: фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастаноўкі, культурніцкія, грамадзкія праекты. Упершыню будзе дзейнічаць адмысловая намінацыя “Беларускаарыентаваная рэкляма і камунікацыя”, якая зьвяртае ўвагу на выкарыстаньне асаблівасьцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцыяў і мэнтальнасьці беларусаў. Алена Макоўская кажа:

“Сёлета сымбалем нашага фэстывалю будзе не адзін клічнік, а шмат. Нашы клічнікі – гэта своеасаблівая мэтафара. З аднаго боку, гэта тое, што робяць маркетолягі, рэклямісты. Зь іншага боку – гэта наша жаданьне спраўдзіць свае мэты – зрабіць беларускамоўную рэкляму прывабнай, прыцягальнай і дзейснай”.

А для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, установяць антыпрэмію “Каша сувораўская” – ёю адзначаць найбольш непрафэсійныя працы і падыходы ў рэкляме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG