Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раўнівыя Кастра і Лукашэнка


Кубінская блогерка Ёані Санчэс
Кубінская блогерка Ёані Санчэс
Сайт кубінскага "Radio y Televisión Martí", якое фінансуецца Кангрэсам ЗША, днямі параўнаў кіраўнікоў Беларусі ды Кубы з раўнівымі мужамі, якія не выпускаюць жонак з хаты.

Жонкам раўніўцаў не дазваляецца пакідаць дом без дазволу, на скрайні выпадак можна, але пад назіраньнем. Лепей, каб сядзелі ў хаце і не размаўлялі зь незнаёмымі. Раўнівыя і няўпэўненыя ў сабе кіраўнікі тое самае робяць са сваімі суграмадзянамі — асабліва жаночага полу. Гэтак зрабілі Рауль Кастра і яго беларускі калега Аляксандар Лукашэнка. Яны не дазволілі адпаведна Ёані Санчэс і Насьце Палажанцы выехаць з краіны, каб атрымаць у Вашынгтоне Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць, якую з 2007 году прызначае Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Штогод узнагароджваюць 10 жанчын, сёлета на цырымоніі не было толькі Ёані ды Насты. Геаграфія ўганараваных уразіла: ад Кітаю і Мэксыкі да Пакістану, Вугоршчыны, Вэнэсуэлы, Афганістану, Ярданіі ды Кіргізстану. Заняткі сёлетніх гераіняў таксама вельмі розныя: кіраўніцы, журналісткі, юрысткі, дэпутаткі парлямэнтаў ды актывісткі ў справе абароны правоў чалавека.

Анастасія (ці проста Наста) Палажанка адсьвяткуе свой 21-ы дзень народзінаў толькі 2 жніўня гэтага году, але ўжо дзясятак разоў сядзела за кратамі. Яна намесьніца старшыні "Маладога фронту" — дэмакратычнай арганізацыі, заснаванай у 1997 годзе ў Беларусі.

Яшчэ школьніцай яна брала актыўны ўдзел у пратэстах і акцыях, якія ладзіліся гэтым моладзевым аб'яднаньнем, што выступае супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Кажа, што хацела б жыць у парлямэнцкай рэспубліцы з сумленнымі лідэрамі. Вывучае філязофію ды паліталёгію ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

19-га сьнежня 2010 году разам з таварышамі адкрыта не прызнала сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары і трапіла ў турму, дзе праседзела да лютага 2011 году. Да суду Наста ня можа пакінуць краіну, абвінавачваньні супраць яе ня зьнятыя. Актывісты "Маладога фронту" маюць выразны дэвіз — "Беларусь у Эўропу". Яны лічаць, што Лукашэнка, якога заходнія СМІ называюць апошнім дыктатарам Эўропы, вядзе палітыку адчужэньня ды самаізаляцыі.

Майкл Скэнлан, кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі, арганізаваў 8 сакавіка ў Менску імпрэзу ў гонар жанчын, на якой перадаў Насьце ўзнагароду. "Яна адданая справе разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі", — так сказала Гілары Клінтан пра Насту на афіцыйнай цырымоніі ў Вашынгтоне, а таксама заявіла, што беларуска выяўляе палітычную актыўнасьць і сьмеласьць, якая дае надзею на будучыню Беларусі і эўрапейскую інтэграцыю краіны.

Ёані ўганаравалі за дзейнасьць у якасьці блогера. Дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан пахваліла яе за спрыяньне пазытыўным зьменам на Кубе, за здольнасьць выказваць надзеі свайго народу праз абмен ідэямі. Ніхто зь сям'і Ёані Санчэс ня супраць таго, каб яна паехала ды атрымала ўзнагароду за свой блог "Пакаленьне Y", і толькі кіраўнік дзяржавы ня хоча, каб яе гэтак ушанавалі.

Яе дзейнасьць прызнаная ва ўсім сьвеце, яе блог штодня наведваюць тысячы людзей, і яна мае больш падпісчыкаў на Twitter, чым сам Фідэль Кастра. Гэта ўрок для кіраўнікоў, як нагадала амэрыканскі дыплямат: інтэрнэт немагчыма спыніць, слова ня мае межаў.

Маладая блогерка Ёані Санчэс, лічыць незалежнае кубінскае радыё, за некалькі гадоў больш паўплывала на разьвіцьцё падзеяў у краіне, чым Хуліё Гарсія (дэкан Факультэту камунікацый Гаванскага ўнівэрсытэту), Тубаль Паэс (прэзыдэнт Саюзу журналістаў Кубы) і Лясара Барэда (галоўны рэдактар "Гранмы", афіцыйнага органу Камуністычнай партыі), разам узятыя.

Першая лэдзі ЗША, Мішэль Абама, якая прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджаньня ў Дзяржаўным дэпартамэнце, сказала, што ляўрэаткі дэманструюць усім астатнім тры асноўныя ўрокі: здольнасьць абараняцца самім, здольнасьць абараняць іншых жанчын і здольнасьць абараняць справядлівасьць ва ўсім сьвеце.


Радыё і тэлебачаньне Марці — кубінскае СМІ, якое вядзе вяшчаньне на Кубу з Маямі па-гішпанску (радыё — ад 1985 году, тэлебачаньне — ад 1990). Асноўная місія — прамоцыя адкрытага і плюралістычнага грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG