Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Цыганкоў: “Магчыма, Пуцін прыяжджае выставіць рахунак”


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
15 сакавіка, у аўторак, у Менск прыяжджае прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. Ён возьме ўдзел у паседжаньні Савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы. Пра гэтую падзею, а таксама пра некаторыя тэндэнцыі мінулага тыдня – гутарка з нашым аглядальнікам Віталём Цыганковым.

Вядоўца: Віталь, чаго варта чакаць ад прыезду Пуціна? На якім фоне адбываецца візыт расейскага прэм'ера?

Цыганкоў: Безумоўна, своеасаблівы фон стварыўся надзвычай мяккім прысудам удзельнікам плошчы, расейскім грамадзянам Брэўсу і Гапонаву. На фоне тых чатырох гадоў, якія атрымалі беларускія грамадзяне Парфянкоў, Атрошчанкаў, Новік і Малчанаў, штраф, прысуджаны Брэўсу і Гапонаву, лішні раз даказаў, што прысуды ў беларускай судовай сыстэме вызначаюцца палітычным кіраўніцтвам краіны.

Нагадаем, яшчэ да выбараў Лукашэнка казаў, што некаторыя кандыдаты фінансуюцца з Масквы. Але потым усё кардынальна зьмянілася: у змове цяпер вінавацяць Нямеччыну і Польшчу, а расейскім грамадзянам, якім напачатку нават выстаўлялі абвінавачаньні ў арганізацыі непарадкаў, у выніку памякчаюць артыкул на “ўдзел у непарадках” і ўвогуле абмяжоўваюцца штрафам.
Штраф, прысуджаны Брэўсу і Гапонаву, лішні раз даказаў, што прысуды ў беларускай судовай сыстэме вызначаюцца палітычным кіраўніцтвам краіны...


Відавочна, што, пасварыўшыся з Захадам, Менск трапіў у большую залежнасьць ад Крамля. Беларуская эканоміка зьведвае новыя праблемы, замежны доўг расьце шалёнымі тэмпамі, а Захад крэдытаў ужо, відавочна, ня дасьць, таму што адносіны зь ім рэзка пагоршыліся ў выніку рэпрэсіяў пасьля 19 сьнежня.

Масква бачыць гэта і ня выпусьціць моманту паспрабаваць прыціснуць Менск да сьценкі, лічачы, што цяпер дзявацца беларускаму рэжыму няма куды. І ёсьць прыкметы, што Расея вырашыла даціскаць беларускага партнэра (ці, можа, правільней сказаць “кліента”). Гэта і перамовы пра АЭС, і пра продаж МАЗу, і тое ж самае пацьверджаньне інфармацыі, што новае мыта на замежныя аўтамабілі ўсё ж будзе ўведзенае з 1 студзеня.

Да таго ж мы так і ня ведаем, на якіх умовах адбылося загадкавае замірэньне паміж Лукашэнкам і Крамлём за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў, 9 сьнежня. Тады, нагадаем, пасьля цяжкіх удараў у інфармацыйнай вайне Крэмль раптоўна фактычна падтрымаў Лукашэнку. Што за гэта паабяцаў беларускі кіраўнік Расеі? Грамадзкасьць ня ведае. Магчыма, што Ўладзімер Пуцін прыяжджае ў тым ліку і выставіць рахунак.

Вядоўца: Адной з галоўнай тэмаў мінулага тыдня была эканамічная сытуацыя ў краіне, асабліва пытаньне стабільнасьці беларускай нацыянальнай валюты. Актыўна пашыраліся чуткі пра дэвальвацыю...

Цыганкоў: Так, у суботу я сам быў актыўным сьведкам таго, што гэтыя чуткі авалодалі шырокімі народнымі масамі. Так атрымалася, што мне трэба было купіць пэўную, вельмі невялікую суму даляраў. Я ніяк не прадбачыў, што сустрэнуся з такімі праблемамі. Калі я падыходзіў да абменьнікаў і казаў, што хачу купіць даляры, прадаўцы на мяне глядзелі, як на дзівака, і адказвалі, што даляраў у іх няма. Зь ня меншым зьдзіўленьнем на мяне глядзелі людзі, якія стаялі ў чэргах каля гэтых абменных пунктаў. Калі я ў першым абменьніку, ля якога стаяла звыш дзесяці чалавек, спытаўся, ці прадае хто-небудзь зь іх валюту, на мяне зноў-такі паглядзелі, як на дзівака, і потым патлумачылі, што ўсе тут чакаюць, калі нехта прыйдзе і здасьць у абменьнік эўра ці даляры. У выніку ў пяці розных пунктах мне так і не ўдалося знайсьці ніякай валюты.
У пяці розных пунктах мне так і не ўдалося знайсьці ніякай валюты...

Відавочна, што гэтаму ажыятажу паспрыялі некалькі кароткатэрміновых чыньнікаў. Па-першае, чуткі пра дэвальвацыю, якія зьявіліся яшчэ перад 9 сакавіка, але так і ня зьніклі пасьля гэтай даты. Па-другое, людзі актыўна цяпер купляюць аўтамабілі, іншамаркі – напярэдадні падвышэньня мыта – і для гэтага скупляюць валюту. І, нарэшце, апошні часовы момант – гэта тое, што 9 – 10-га ў многіх дзяржаўных установах выдаюць заробак, і на фоне фінансавай нестабільнасьці людзі кінуліся ператвараць яго ў больш надзейную валюту.

У панядзелак мы пабачым, ці ўдасца ўладам зьбіць ажыятаж нейкімі заявамі, ці ім давядзецца чыніць пэўныя захады для тэрміновага забесьпячэньня абменных пунктаў наяўнай валютай, што яны ўжо рабілі раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG