Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ працягвалі дапытваць наваградзкіх актывістаў


Сёньня працягваўся допыт Уладзімера Качагура, сябра БХД і выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага, удзельніка Плошчы, пастара царквы «Новае пакаленьне». Таксама дапыталі актывістку Дар’ю Бахар.

Уладзімер Качагур
Уладзімер Качагур распавёў нашаму радыё, што сёньня яму паказвалі шмат відэаздымкаў, на якіх ён са сваімі сябрамі на Плошчы. А яшчэ, зь яго слоў, сьледчы цытаваў дзёньнік аднаго зь ягоных сяброў, які канфіскавалі падчас ператрусу.

Уладзімер Качагур зазначыў, што ў дзёньніку вельмі шмат падрабязнай інфармацыі пра тое, што адбывалася напярэдадні Плошчы і падчас падзеяў на Плошчы, а таксама пра ўдзельнікаў падзеяў — ягоных сяброў. Са слоў Качагура, сьледзтва зьбіраецца выкарыстаць дзёньнік на судовых працэсах.

Чаго хацелі сьледчыя ад самога спадара Качагура ён, зь яго слоў, так і не зразумеў.

Дар’я Бахар
Дар’ю Бахар таксама распытвалі пра падзеі на Плошчы, у якіх яна брала ўдзел. Сьледчым яна заявіла, што на Плошчу прыйшла сьвядома, бо лічыць сябе чалавекам веруючым і ня можа мірыцца зь беззаконьнем.

Зь яе слоў, сьледчы нічога не сказаў пра тое, ці выклічуць яе яшчэ раз. На суботу ў КДБ выкліканы яшчэ адзін наваградзкі актывіст — Сяргей Воўчак, а на панядзелак — Юрась Казак.

Нагадаю, што ўсіх актывістаў раней тройчы выклікалі ў праваахоўныя органы, каб дапытаць у справе падзеяў 19 сьнежня на Плошчы, але яны туды не зьяўляліся. Пазьней суд Наваградзкага раёну прысудзіў ім за гэта штрафы — па 200 тысяч рублёў.

Яшчэ пазьней яны адмовіліся даваць паказаньні сьледчым Наваградзкай управы КДБ у гэтай жа справе без прысутнасьці сваіх давераных асобаў. Актывісты заяўлялі сьледчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG