Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ерафееў: Як расеец, перажываю за суайчыньнікаў, якія сядзяць у турме


Расейскія палітыкі і грамадзкія дзеячы камэнтуюць ход судовага працэсу над грамадзянамі Расеі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў "масавых беспарадках". Маладыя людзі, якім пагражае да 8 гадоў зьняволеньня, усе абвінавачаньні катэгарычна абвяргаюць.

Гэтаксама як і Брэўса з Гапонавым, актывістку расейскага руху "Салідарнасьць" Анастасію Рыбачанку затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Але пасьля 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі яе ў ліку яшчэ 10 расейцаў вызвалілі, а хлопцаў паўторна затрымалі ўжо па новых абвінавачаньнях. На яе думку, ніякая ўлада ня мае права забараняць людзям выказваць сваё стаўленьне да працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаве. Звароты адпаведнага зьместу Анастасія сёньня перадала ў МЗС Расеі ды ў амбасаду Беларусі ў Маскве:

"Я ўвогуле не лічу, што нам трэба было даваць і 10 сутак. Нават у нас у Расеі выхад на мірную акцыю аўтаматычна не прадугледжвае, што абавязкова павінен быць арышт. Іншая рэч, што апошнім часам усё часьцей падводзяць пад артыкул "непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі". Але ўсё роўна я не лічу, што трэба людзей арыштоўваць толькі па факце выхаду на мірную акцыю пратэсту. І тым больш не лічу, што іх можна на некалькі гадоў саджаць па крымінальных артыкулах. Для мяне абсалютна відавочна, што гэтыя хлопцы павінны быць на свабодзе, дакладней, павінны былі быць вызваленыя ад самага пачатку. І ніякіх там 10 ці 15 сутак ім не павінны былі даваць, а тым больш — рэальных крымінальных тэрмінаў".

Вядомы пісьменьнік і публіцыст Віктар Ерафееў — адзін з расейскіх дзеячаў культуры, які трапіў у ідэалягічны "чорны сьпіс" асобаў, непажаданых для зьяўленьня ў беларускіх афіцыйных мэдыях. Ён перакананы, што цяперашняя палітычная сытуацыя ў Беларусі мала стасуецца з эўрапейскім статусам краіны:

"Вядома, я б хацеў, каб улады зрабілі ўсё — і зьверху, і зьнізу — дзеля таго, каб выпусьціць нашых людзей. І ўвогуле, ня толькі расейскіх грамадзянаў, бо галоўнае, каб усе выйшлі, хто ўдзельнічаў у гэтых мітынгах пратэсту. Я глыбока перакананы, што ў любой краіне, тым больш эўрапейскай (а гэта і Беларусь таксама), людзі маюць права выказаць сваё меркаваньне адносна прэзыдэнта. Вунь мяне вашы ўлады ўнесьлі ў "чорныя сьпісы". Але ж я досыць актыўна Буша крытыкаваў, ён мне не падабаўся — дык што, мяне цяпер і ў Амэрыцы забараніць? Ступень свабоды вызначаецца менавіта стаўленьнем да пратэстаў, да крытычных выказваньняў дзеячаў мастацтваў. Таму, вядома ж, я за тое, каб усіх выпусьціць. І як расеец, натуральна, перажываю за тых суайчыньнікаў, якія сядзяць у турмах".

Старшыня выканкаму партыі "Іншая Расея" Эдуард Лімонаў адзначае абыякавасьць вышэйшага расейскага кіраўніцтва да лёсу сваіх суайчыньнікаў. Паводле спадара Лімонава, стратэгічныя інтарэсы ўладаў рэдка супадаюць з неабходнасьцю адстойваць правы грамадзянаў, якія дзесьці трапілі ў бяду. Між тым рэдкія заявы МЗС Расеі з патрабаваньнямі аб'ектыўнага расьсьледаваньня справы Менск папросту ігнаруе:

"У гэтым зьвязку згадваю выпадак, калі мае людзі ў 1999 годзе былі затрыманыя на тэрыторыі Ўкраіны — за мірны захоп вежы маракоў у Севастопалі. Памятаю, я тады шмат кантактаваў зь Міністэрствам замежных спраў, але было адчуваньне, што яны, гэтыя клеркі, проста не разумелі — што такое ўвогуле абарона сваіх грамадзянаў на тэрыторыі іншай дзяржавы! Я прасіў і казаў ім: няхай прыйдзе хтосьці з амбасады да гэтых хлопцаў, гэта аблегчыць іх лёс. Мне сказалі, што чалавек прыходзіў, але насамрэч, як потым высьветлілася, падманулі. Вось так было ў тыя гады. Зараз, як паказвае досьвед, сытуацыя не нашмат лепшая".

Тым часам Масква чарговым разам выказала спадзяваньне, што рашэньне суду ў справе расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава будзе адпавядаць нормам міжнароднага права. Пра гэта сёньня заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксандар Лукашэвіч. Ён адзначыў, што дагэтуль сытуацыя далёкая ад якой-колечы пазытыўнай разьвязкі. Паводле чыноўніка, у дачыненьні да грамадзянаў Расеі вылучаюцца ўсё новыя абвінавачваньні, расьце колькасьць прыцягнутых сьведак, што ня можа не турбаваць. Зьнешнепалітычнае ведамства чакае, што рашэньне суду будзе справядлівым і аб'ектыўным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG