Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бабкова і Сяргей Шапран атрымалі прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру


Увечары 3 сакавіка ў Менску ў сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтру адбылося ўганараваньне сёлетніх ляўрэатаў прэміі імя Францішка Багушэвіча і прэміі імя Алеся Адамовіча. Мэдалі ляўрэатаў і ганаровыя дыплёмы былі ўручаныя Вользе Бабковай і Сяргею Шапрану.

Рашэньне журы прэміі імя Францішка Багушэвіча агучыў сябра рады ПЭН-цэнтру Ўладзімер Арлоў:

Вольга Бабкова
«Беларускі ПЭН-цэнтар ганаруе прэміяй імя Францішка Багушэвіча Вольгу Бабкову за ўнікальнае аднаўленьне і дасьледаваньне гісторыі штодзённасьці Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVII стагодзьдзяў у кнізе »…І цуды, і страхі«.

У сваёй кароткай прамове Вольга Бабкова назвала прэмію паэтычна-гістарычна — руна мядовая. І далей распавяла, што ўвесь Менск — гэта неапетыя паэтамі таямнічыя мясьціны, загадкавыя паданьні і дзівосныя месьцічы. У кнізе — толькі невялікая частка таямніцаў Менску, пра якія яна можа распавядаць гадзінамі.

«Сёньня, дарэчы, 3 сакавіка апроч усяго іншага — першая згадка Менску. І калі тая славутая бітва адбылася на Нямізе, то ўвогуле над гэтай прасторай, мы ведаем, лётаў славуты млын зь Мянескам. І вось цікава, што месца маёй працы — Гістарычны архіў — яно нейкім чынам спрычынілася да гэтай легендарнай падзеі, бо побач можна пабачыць і цяпер фрагмэнт ракі Пярэспа, на якой, мажліва, стаяў млын Мянеска. І побач тракт паштовы на Вільню. І побач на выгбе каля пачатку ці канца вуліцы імя князя Крапоткіна амаль да дзевятнаццатага стагодзьдзя была застава, на якой у падарожных бралі такі важкі падатак — камяні, каб брукаваць нашы менскія вуліцы. Гэта таксама пэўная адсылка да Мянеска, да млына, каторы, як вядома, перамолваў камяні на муку».

Ляўрэата прэміі імя Алеся Адамовіча прадставіла дачка пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Натальля Адамовіч. Яна зазначыла, што ёй вельмі ўсьцешна зрабіць гэта, бо ляўрэат Сяргей Шапран ганаруецца прэміяй імя яе бацькі за кнігу «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах».

Сяргей Шапран
Сяргей Шапран свой ляўрэацкі выступ пачаў несьвяточнымі словамі:

«Канечне, я вельмі ўдзячны за гэтую прэмію, але я не магу сказаць, што вельмі ўзрадаваны гэтым цяпер, пасьля падзеяў 19 сьнежня. Я думаю, што ў кантэксьце таго, што цяпер адбываецца ў краіне, ня можа быць вялікай радасьці ні ў кога, пакуль усё гэта ня скончыцца. На гэтай цырымоніі маглі прысутнічаць і шаноўны Ўладзімер Някляеў, і Аляксандар Фядута, які і падказаў мне ідэю дакумэнтальнай кнігі і які гэткім чынам паламаў мой лёс. Ня ведаю, да горшага ці да лепшага, але менавіта Фядута мне падказаў ідэю кніжкі».

Прэмія імя Францішка Багушэвіча ўсталяваная ў 1996 годзе для аўтараў лепшых кніг, якія спрыяюць абуджэньню гістарычнай памяці і нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў.


Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Мас-Медыя ў 1995 годзе у студзені праз год пасьля сьмерці пісьменьніка і грамадзкага дзеяча, дзеля ўшанаваньня ягонай памяці, і як аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра, за лепшы публіцыстычны твор, прысьвечаны актуальным праблемам сучаснасьці. Старшынёй журы быў абраны народны пісьменьнік Васіль Быкаў. Прэміі прысуджаліся першыя два гады ў чатырох намінацыях ў галінах: літаратурная публіцыстыка, газэтная журналістыка, тэлежурналістыка, кінажурналістыка, радыёжурналістыка. Прэміі ўручаліся З верасьня сумесна з дыплёмам і знакам ляўрэата. Першы раз гэта адбылося ў час працы Другога Міжнароднага кангрэсу ў абарону дэмакратыі і культуры ў "Іслачы" 3 верасня 1995 года.

Прэміяй ганаруюцца аўтары лепшых публіцыстычных кніг.За 16 год існаваньня яе атрымалі каля 30 чалавек. За гэтыя гады былі ўганараваны: Анатоль Казловіч, Павел Шарамет, Валянцін Цыганкоў, Валянцін Жданко, Анатоль Алай, Самсон Палякоў, Аляксандр Ступнікаў, Людміла Хейдарава, Віталь Тарас, Рыгор Барадулін, Сяргей Пятроўскі, Герман Кірылаў, Барыс Хамайда, Ігар Гермянчук, Міхась Скобла, Сяргей Шупа, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Валеры Дранчук , Жана Літвіна, Ганна Соусь, Павел Севярынец, Генадзь Бураўкін, Валянцін Аскоцкі, Тэры Карлбём, Х’ел Улаф Енсэн, Леанід Маракоў, Сяргей Навумчык, Сяргей Шапран
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG