Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме літаратара» Ірына Жарнасек і Славамір Адамовіч



САМ-НАСАМ З ЧАСАМ: ІРЫНА ЖАРНАСЕК


Ірына Жарнасек
Семдзесят вернікаў і грамадзкіх актывістаў зьвярнуліся з адкрытым лістом да кіраўнікоў Касьцёлу ў Беларусі. Яны заклікалі архібіскупа і біскупаў паўплываць на беларускія ўлады з мэтай вызваленьня палітвязьняў і спыненьня ў краіне палітычных рэпрэсіяў. Сярод падпісантаў ліста — пісьменьніца Ірына Жарнасек, якая жыве ў Наваполацку.

Міхась Скобла: «Спадарыня Ірына, я ведаю некаторых пісьменьнікаў, якія прынцыпова не падпісваюць калектыўных зваротаў. Маўляў, тое, што мне трэба, я напішу і падпішу сам — адзінаасобна. А што падштурхнула вас паставіць свой подпіс пад зваротам да кіраўнікоў Касьцёлу?»

Ірына Жарнасек: «Я не падтрымліваю такой думкі наконт калектыўных зваротаў, я жыву не асобна ад грамадзтва. Мне добра быць зь людзьмі. Таму, калі мне сказалі, што зьявілася ідэя напісаць такі ліст-зварот, і прапанавалі падпісаць, я згадзілася. Па адной простай прычыне: і я таксама «не магу маўчаць».

Скобла: «Ці можаце вы прыгадаць выпадкі, калі Касьцёл сваім аўтарытэтам у нейкіх канкрэтных выпадках ратаваў людзей ад турмы, ад сьмерці?»

Жарнасек: «Найярчэйшы прыклад заступніцтва — сьвяты Мікалай. Мы прывыклі, што ён дзецям на Каляды падарункі прыносіць. А гэта — рэальная асоба, біскуп, які жыў на мяжы III-IV стагодзьдзяў у горадзе Міра. Ён быў добрым пастырам і прапаведнікам, спагадаў людзям. І вось аднойчы ён заступіўся за трох хлопцаў, асуджаных цэзарам Канстанцінам I Вялікім на сьмерць. Біскуп Мікалай дастаўся ў Канстанцінопаль, дамогся аўдыенцыі ў цэзара і ўгаварыў таго падпісаць вэрдыкт пра памілаваньне. Біскуп ледзьве пасьпеў — хлопцы ўжо пад шыбеніцай стаялі. Гэты сюжэт мастак Рэпін адлюстраваў на адной са сваіх карцінаў. А колькі разоў Касьцёл прынцыповасьць сваю выказваў, і з гэтым лічыліся! У мінулую суботу я была ў Росіцы, там адбывалася набажэнства лютаўскае ў гонар угодкаў трагедыі росіцкай. У 1943 годзе ў Росіцы два ксяндзы — Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра — разьдзялілі лёс народу Божага, які вялі да Бога. Яны пайшлі зь людзьмі ў агонь. Таму невыпадкова мы называем іх добрымі пастырамі. Гэта вельмі важна — быць разам у крытычны момант, калі людзям вельмі цяжка. Асабліва ў такі час сьвятар мусіць заставацца верным свайму пакліканьню, заставацца разам зь людзьмі, дзяліць зь імі бяду».

Скобла: «У вашым звароце ёсьць дакладная фармулёўка: „Мы заклікаем Вас (маюцца на ўвазе касьцельныя іерархі — М.С.) зьвярнуцца да беларускіх уладаў з просьбай вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі“. Ці прыслухаліся да вас, ці быў такі зварот да ўладаў?»

Жарнасек: «Я ня ведаю пакуль што, ці зьвярнуліся біскупы, як яны зрэагавалі на наш зварот».

Скобла: «А для вас істотна, каб так сталася?»

Жарнасек: «Вядома ж, істотна. Кожны зварот кожнага сумленнага чалавека істотны».

Скобла: «А яшчэ вы ў сваім звароце заклікаеце касьцельных іерархаў маліцца за ўладу, каб яна пакаялася. Многія сьвецкія людзі не разумеюць гэтага. Маўляў, як можна маліцца за ўладу, якая сама найперш парушае хрысьціянскі запавет — не хлусі?»

Жарнасек: «Для любога чалавека, пакуль ён жыве на зямлі, ёсьць час пакаяцца, ёсьць час зразумець свае памылкі. Для любога чалавека, нават для самага страшнага злачынцы. Таму мы мусім маліцца за ўладу, за любыя ўлады, якія кіруюць нашай зямлёй. У гэтым таксама праяўляецца адказнасьць верніка за народ, за зямлю, якая дадзена Богам нам у карыстаньне, на якой мы жывем.
Мы проста абавязаны маліцца за ўладу, але гэта ня значыць, што мы молімся за тое, каб ёй жылося добра і ў раскошы.
Мы проста абавязаны маліцца за ўладу, але гэта ня значыць, што мы молімся за тое, каб ёй жылося добра і ў раскошы. Мы ж не за гэта молімся, а найперш за тое, каб яна сумленна служыла народу. Каб гэта служэньне было найперш сумленным — вось што важна».

Скобла: «Польскі паэт-ксёндз Ян Твардоўскі, якога, на жаль, вельмі мала перакладалі на беларускую мову, пісаў, што самае галоўнае ў жыцьці — не перашкаджаць Богу дзейнічаць празь цябе». Як вы разумееце гэтыя словы?"

Жарнасек: «Гэта значыць, што хрысьціянін кожны дзень павінен жыць у суладзьдзі са сваім сумленьнем і пакліканьнем, якое Бог вызначае для кожнага з нас паасобку. Бог можа выкарыстаць нас як добрую прыладу, для таго, каб мы несьлі людзям дабро, рабілі ў гэтым сьвеце дабро. Але калі мы будзем перашкаджаць яму гэта рабіць, то ад нашай дзейнасьці ня будзе дабра, людзі ня ўбачаць дабра, а значыць, праз нас таксама не ўбачаць Бога. А задача кожнага хрысьціяніна — сьведчыць пра Бога. Гэта вельмі важна. Сьвяты апостал Павал казаў: трэба, каб людзі бачылі вашыя ўчынкі і праслаўлялі за гэта Бога. Уяўляеце? Вось наколькі высока, наколькі сумленна павінен жыць хрысьціянін! Каб людзі бачылі вашы ўчынкі і праслаўлялі за гэта Бога! Не цябе, хрысьціянін, праслаўлялі, але — Бога».

КНІГАРНЯ СВАБОДЫ: СЛАВАМІР АДАМОВІЧ



У сталічным выдавецтве «Медысонт» выйшла ў сьвет новая паэтычная кніга Славаміра Адамовіча «Рым». Чытачоў з турыстычнай схільнасьцю да падарожжаў аўтар просіць не хвалявацца: пра вечны горад у зборніку — ані радка. Затое паэт выступае ў ім у новым амплюа дзьвюхмоўнага творцы, спасылаючыся пры гэтым на беларускія рэаліі. Што праўда, размаўлялі мы зь ім пакуль на адной мове — па-беларуску.

Міхась Скобла: «Славамір, Васіль Якавенка ў прадмове да тваёй кнігі прагаворваецца, што піша сваё ўступнае слова да зборніка пад назвай „Сьляды на дарозе“. З чаго я раблю выснову, што назва „Рым“ узьнікла ўжо ў апошні момант. Ці так гэта, і чаму ўсё ж „Рым“? У кнізе ж вечны горад ніякім чынам не прысутнічае».


Славамір Адамовіч: «Гэтая назва сапраўды нарадзілася дзякуючы заўвазе Васіля Цімафеевіча Якавенкі. Першапачатковая назва гучала як „Сьляды на дарозе Е6“. Так я хацеў увекавечыць назву нарвэскай дарогі эўрапейскага значэньня. А Якавенка (ён таксама рэдактар зборніка) сказаў, што ня варта ўносіць лічбы, нейкую канкрэтыку, і параіў назваць проста „Сьляды на дарозе“. На гэта ўжо я ня мог пагадзіцца, бо „Сьляды на дарозе“ — занадта банальна, і калі пашукаць, то ў аўтараў беларускіх можна нашукаць такіх сьлядоў колькі заўгодна. Таму давялося падшукваць нешта новае. І знайшлося — „Рым“. Галоўнае, што я меў на ўвазе, — гэта ўвесьці, даць другое жыцьцё беларускаму слову „рым“. Яно азначае стан неспакою, рымець — выказваць неспакой, хвалявацца. Так нашы людзі, прынамсі, у нас на Мядзельшчыне, казалі пра жывёлу, якая вельмі адчувальная перад грымотамі ці перад пажарам».

Скобла: «Прызнаюся, мне больш даспадобы твая лірыка, якая, зрэшты, і пераважае ў кнізе. Але часам лірыку заглушае нават не вершаваная публіцыстыка, а лёзунг і заклік, як, прыкладам, у вершы „Беларускай моладзі“: „Стойце мужна на нашых пляцах! Стойце сьмела, ні кроку назад!“ Ты любіш пісаць такую — барыкадную — паэзію, ці гэта змушаны, пад ціскам вядомых абставінаў, крок?»

Адамовіч: «Барані Бог, каб мяне нехта змушаў пісаць тыя ці іншыя вершы. Гэта пісалася ў натуральных умовах, з маёй уласнай волі. І ня трэба забываць — гэта менавіта я пісаў. У мяне за плячыма ўласны досьвед. Калі я пішу „стойце мужна“, то я маю на ўвазе перш за ўсё і сябе самога, што гэта я стаяў, што я гатовы, маючы здароўе і волю, і сёньня стаяць з гэтай моладзьдзю. Такія вершы правяраюцца і павяраюцца маёй уласнай жыцьцёвай практыкай. Проста ў мяне вельмі жорсткі падыход да літаратуры, я расцэньваю яе як само жыцьцё. А калі ты проста пачытаў вершы на мітынгу, а потым пайшоў піць каву ва ўтульненькую кавярню, — то ўсё, чытач ці слухач ня будуць мець да цябе даверу. Галоўнае, каб паэт ці празаік, пішучы, павяраў свае творы ўласным жыцьцём».

Скобла: «Кніга „Рым“ напісаная пераважна ў Нарвэгіі, але Нарвэгіі ў ёй вельмі мала. Чым была для цябе настальгія — пачуцьцём прыгнятальным, цяжкім, ці, наадварот, пабуджальным да пісаньня?»
Калі надыдзе крытычны момант, я ўсё кіну і паеду ў той край, які мяне кліча.

Адамовіч: «Пачуцьцём, якое абуджала. Сапраўды, я сам гляджу, жыў я ў Нарвэгіі фізычна, а думкамі быў увесь час у сваёй беларускай тэме. Настальгія актывізуе, яна не была для мяне безвыходнай і забойчай. І сёньня мушу сказаць так: я дастаткова авантурны чалавек, і калі надыдзе крытычны момант, я ўсё кіну і паеду ў той край, які мяне кліча, высакапарна кажучы».

Скобла: «Мне прыгадваецца твой верш-дыялёг, дзе ёсьць такія радкі: „Што адбываецца? Што? Акупацыя! Трашчаць у эфіры мянтоўскія рацыі…“ Але — ці акупацыйны той лад, які сёньня ўсталяваўся ў Беларусі? Можа быць, мы самі сябе пераконваем, што — акупацыйны, бо з акупантам змагацца прасьцей. А як змагацца з кожным трэцім у сваім жа народзе?»

Адамовіч: «Ня ведаю, хто першы — Зянон Пазьняк ці я — назваў гэты стан, у якім ужо каторы год знаходзіцца ўся Беларусь, унутранай акупацыяй. Што я маю на ўвазе? Што мы, беларусы, самі паддаліся, што мы самі сябе акупоўваем, пачынаючы з праблемы мовы. Зразумела, мы ня маем дастатковай інфармацыі і ня ведаем, што там за лялькаводы зьверху — з заходняга ці з усходняга боку. Але мы паддаемся гэтым лялькаводам, мы самі сябе акупавалі. Тут няма аніякіх разыходжаньняў, і ўсё дастаткова зразумела. Тая частка беларусаў, якая хоча вызваліцца з гэтага акупацыйнага стану, так ці іначай сябе праяўляе, так ці іначай супраціўляецца. І гэта самае складанае змаганьне».

Скобла: «У кнізе „Рым“ цэлы разьдзел расейскамоўных вершаў. Дзеля чаго ты іх пачаў пісаць і як гэта спалучаецца з тваім беларускім патрыятызмам?»

Адамовіч: «Проста так прыходзіць. А калі ўжо прыйшло, баюся, што будзе грахом наступаць, як казаў адзін з клясыкаў, на горла ўласнай песьні. Іншая рэч — я за свае расейскамоўныя тэксты, асабліва ў гэтай кнізе, адказваю.
Калі вы, беларусы ў Беларусі, хочаце пісаць па-расейску, то пішыце ня горш, чым наш зямляк Высоцкі, чым празаік Дастаеўскі, ну і мой сьціплы наробак улічыце.
І я сьцьвярджаю, што яны вартыя быць надрукаванымі побач зь беларускімі тэкстамі. Больш за тое, я бяру на сябе сьмеласьць і паказваю гэтымі тэкстамі сотням, калі ня тысячам нашых расейскамоўных аўтараў, як трэба пісаць па-расейску. Калі вы, беларусы ў Беларусі, хочаце пісаць па-расейску, то пішыце ня горш, чым наш зямляк Высоцкі, чым празаік Дастаеўскі, ну і мой сьціплы наробак улічыце».

Скобла: «Што застаецца чытачам, успрымаць Славаміра Адамовіча як дзьвюхмоўнага паэта?»

Адамовіч: «Можна і так сказаць — дзьвюхмоўнага. А потым, можа, стану і трохмоўным. Калі сасьпею, то, можа быць, па-нарвэску пачну пісаць. Што да маёй дзьвюхмоўнасьці, то гэта наша аб’ектыўная дадзенасьць».

Скобла: «Не магу з табой пагадзіцца. Пакінуўшы ў Беларусі дзьвюхмоўе, мы па скон веку застанемся ў той унутранай акупацыі, пра якую ты гаварыў раней… 19 сьнежня на Плошчы, калі многія ня ведалі, каго слухаць, куды ісьці, ты ведаў, што рабіць. Ты распаўсюджваў свае кнігі. А дзе сёньня можна набыць твой „Рым“? Ці чакаць наступнай Плошчы?»

Адамовіч: «Кніга прадаецца ў „Акадэмкнізе“, у „Кніжным салёне“ на Калініна, 5 і ў краме „Падземка“ на праспэкце Незалежнасьці. І я ўжо вырашыў, што на мітынг 25 Сакавіка прыходжу з кніжкамі, хай людзі набываюць».

У «Доме літаратара» Ірына Жарнасек і Славамір Адамовіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:26:15 0:00
Наўпроставы лінк
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG