Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Лічу, што мне няма чаго баяцца


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч праз дыпляматычныя каналы перадаў у Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў скаргу на катаваньні, якія да яго ўжываліся ў сьледчым ізалятары КДБ. Апазыцыйны палітык кажа, што пасьля ўчорашняга выступу на прэсавай канфэрэнцыі ніхто з КДБ да яго не зьвяртаўся.

Алесь Міхалевіч
сёньня паведаміў "Свабодзе", што пра палеміку, якую вядзе зь ім КДБ, ён ведае выключна праз сродкі масавай інфармацыі:

"Рэакцыю КДБ я адсочваю з мэдыяў, з камэнтарыяў прэсавага сакратара КДБ. Да мяне адтуль ніхто не зьвяртаўся, ніхто не тэлефанаваў. Але вельмі шмат тэлефанаваньняў ад грамадзянаў, ад журналістаў. У інтэрнэце шмат пішуць, вельмі шмат людзей пішуць, што яны мяне падтрымліваюць, што я мужны чалавек і што вельмі добра зрабіў, калі распавёў праўду".

Алесь Міхалевіч таксама сказаў, што перадаў скаргу на катаваньні ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў:

"Буду адсочваць яе лёс. Вельмі спадзяюся, што ўпаўнаважаны па пытаньнях катаваньняў максымальна хутка прыме рашэньне, каб правесьці праверку ўтрыманьня зьняволеных у Сьледчым ізалятары КДБ. Некалькі такіх скаргаў праз розныя дыпляматычныя каналы я перадаў на ангельскай мове, па іх форме запоўненыя, з падрабязным апісаньнем таго, што там адбывалася на кожным этапе".
Вельмі шмат людзей пішуць, што яны мяне падтрымліваюць, што я мужны чалавек і што вельмі добра зрабіў, калі распавёў праўду

Аднак у КДБ абвяргаюць ужываньне катаваньняў. Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў Інтэрфаксу, што сьцьвярджэньні Алеся Міхалевіча не адпавядаюць рэчаіснасьці і ім нельга верыць.

Былы кандыдат на прэзыдэнта сказаў "Свабодзе", што не баіцца помсты з боку КДБ:

"У мяне няма такога страху выходзіць з дому. Я лічу, што мне няма чаго баяцца. Проста, напрыклад, я не сядаю сам цяпер за руль. Лічу, няма чаго ствараць дадатковыя магчымасьці для правакацыяў. Але калі ёсьць патрэба сустрэцца дзесьці па-за домам, я сустракаюся па-за домам".

Кастусь Лукашоў
Алесь Міхалевіч ачольвае саюз "За мадэрнізацыю". Ягоны паплечнік у гэтай арганізацыі Кастусь Лукашоў сказаў "Свабодзе", што цяпер усе бачаць толькі адзін аспэкт такога доўгага трыманьня Міхалевіча ў вязьніцы: маўляў, ён "ачкарык", інтэлігент, а такіх спэцслужбам прасьцей "ламаць". З гэтым можна пагаджацца толькі ў пэўнай ступені, бо ёсьць і яшчэ адзін важны складнік, адзначае Кастусь Лукашоў:
Прыйшлі да спэцслужбаў сапраўдныя вынікі выбараў і рэальнай падтрымкі кандыдатаў

"Прыйшлі да спэцслужбаў сапраўдныя вынікі выбараў і рэальнай падтрымкі кандыдатаў, а ня тыя, што Ярмошына абвяшчала. Яны паглядзелі, уразіліся. Як гэта так? Кампанія Міхалевіча разгортвалася павольна, а падтрымка даволі вялікая. І ён сапраўды ўяўляе пагрозу для рэжыму, як чалавек, які ўмее працаваць як прафэсійны палітык. Шмат хто ацэньваў яго толькі звонку, а сыстэмную працу Алесь пачаў адным зь першых. Ён пачаў зьбіраць зусім розных людзей, чаго ніхто да яго ня змог".

28 лютага Алесь Міхалевіч на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што вымушаны быў падпісаць заяву пра супрацоўніцтва з КДБ. Толькі на гэтых умовах яго вызвалілі з турмы КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Міхалевіч назваў гэтую турму канцлягерам у цэнтры Менску, дзе адбываюцца катаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG