Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду!» прызналася, адкуль грошы


Актывісты «Гавары праўду!» падвялі вынікі працы, распавялі пра новую кампанію «Народная салідарнасьць» і прызналіся, адкуль атрымлівалі грошы на сваю дзейнасьць. Да таго ж, па традыцыі, журналістаў пачаставалі ікрой. Гэтым разам —баклажаннай. І толькі рэдактару «Нашай нівы» перадалі бляшанку сапраўднай чырвонай ласасёвай.


«Гавары праўду!» ладзіць фуршэт з ікрой, «Ікрамётная журналістыка», «Пір падчас чумы», «Ікорная апазыцыя» — артыкуламі з такімі назвамі некаторыя інтэрнэт-сайты і выданьні адзначылі першыя ўгодкі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

У кампаніі шмат і прыхільнікаў, і нядобразычліўцаў. На думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, «Гавары праўду!» выклікала спадзяваньні на сябе падчас выбараў: новая сіла, новая пэрсона Някляева, актыўная дзейнасьць. Але якой бы яна ні была пасьпяховай — выніку, посьпеху няма:

«Трэба крытычна ставіцца да таго, што было, рэфлексіўна ацэньваць падыходы, мэтады і вынікі. З кампаніі „Гавары праўду“ ніхто гэтага не зрабіў. Някляеў і Фядута ня могуць гэтага зрабіць, але ж ёсьць, напэўна, і іншыя. Альбо ўся кампанія „Гавары праўду“ зводзіцца толькі да гэтых асобаў, якія зараз сядзяць? Таму трэба прызнаваць памылкі, калі нешта не адбываецца».

Сьвятлана Навумава
На прэсавай канфэрэнцыі лідэры кампаніі публічна прааналізавалі свае памылкі, слабыя месцы. У справаздачы кампаніі ёсьць адмысловы разьдзел «Работа над памылкамі», распавяла Сьвятлана Навумава. Да прыкладу, адной зь вялікіх памылак было тое, што да фактычнага пагрому 18 траўня кампанія не надавала ўвагі бясьпецы. Былі і недарэчнасьці:

«Мы ня можам не ўзгадаць знакамітую гісторыю з коцікам. Гэта не была сплянаваная „піяр-акцыя“, гэта сапраўды была такая выпадковая недарэчнасьць. У той момант Някляеў адказваў як палітык, ён раптам адказаў як паэт. Калі казаць пра сур’ёзныя недахопы, у нас не атрымалася стварыць тое, пра што мы сапраўды марылі: нейкія рухомыя альянсы з рознымі грамадзкімі арганізацыямі».

Сьвятлана Навумава распавяла і пра рэсурсы, заўважыўшы, што ўкладае ў гэтае слова значна большы сэнс, чым прынята думаць.

«Рэсурсы — гэта ня толькі грошы, але і бязь іх немагчыма абысьціся. Рэсурсы — гэта людзі, інтэлект і яшчэ шмат іншага. Гэтая кампанія не была грантавай кампаніяй. Вы ня знойдзеце ніводнага фонду, які б фінансаваў кампанію „Гавары праўду“. Кампанія існавала на грошы ахвяравальнікаў. І сёньня назваць іх імёны я проста ня маю права, прынамсі бязь іх згоды. Але я ведаю, што прыйдзе час, і мы пра гэта скажам».

Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў — пад хатнім арыштам, Аляксандар Фядута — у СІЗА КДБ. Пяцёра актывістаў — абвінавачаныя па крымінальнай справе, двое — падазраваныя, аднаго ўжо асудзілі на 4 гады, 9 актывістаў мусяць хавацца ў іншай краіне. Але «Гавары праўду» працягвае дзейнічаць. Ад сёньня абвешчана новая кампанія «Народная салідарнасьць», распавёў Андрэй Дзьмітрыеў:

«Сёньня ў 12 гарадах Беларусі актывісты падаюць заяўкі на пікеты салідарнасьці. Яшчэ ў 12 гарадах да 4 сакавіка таксама будуць пададзеныя заяўкі — на пікеты 19 сакавіка і 25 сакавіка. Мы хочам, каб па ўсёй краіне людзі выйшлі з плякатамі і напомнілі, што сёньня ў краіне існуе сапраўды вялікая праблема — гэта праблема палітычных зьняволеных».

Андрэй Дзьмітрыеў, Сьвятлана Навумава, Сяргей Вазьняк.

Шмат распавядалася пра іншыя новыя праекты, пра давядзеньне да канца кампаніі па прысваеньні вуліцам у Менску і Горадні імя Васіля Быкава.

Была і абяцаная ікра. Гэтым разам —баклажанная, украінскай і кітайскай вытворчасьці. Сьвятлана Навумава патлумачыла:

«Іншыя часы, іншая і ікра. Але паколькі ікра была паабяцаная, таму я хацела б перадаць аўтару „ікрамётнай нататкі“ ад сябе асабіста (а не ад кампаніі „Гавары праўду“) бляшанку чырвонай ікры. Так што калі хто можа перадаць, калі ласка» (аплядысмэнты).

Паколькі прадстаўнікоў «Нашай нівы» на пачатку прэсавай канфэрэнцыі не было, ікру вырашылі паслаць поштаю. Ужо пры канцы імпрэзы ў залі зьявілася фотакарэспандэнтка «Нашай нівы», якую і папрасілі перадаць падарунак спадару Дынько.

Фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч з ікрой для «Нашай нівы».

І ўсё ж такі, чаму кампанія «Гавары праўду» выклікала столькі крытыкі, чаму ў штыкі яе прынялі некаторыя дэмакратычныя рухі, апазыцыйныя сілы? Палітоляг Уладзімер Мацкевіч выказаў такое меркаваньне:

«Мы ўсе беларусы, і ў нас ёсьць пэўныя звычкі, ужо выпрацаваныя: калі мы, скажам так, ня вельмі падтрымліваем пасьпяховых, а хутчэй задзіраем іх і перапыняем. Я думаю, гэта не дае нам магчымасьці назапашваць сацыяльны капітал, культурны капітал. На жаль, гэта наша агульная хіба. Мы трохі, так бы мовіць, раўнуем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG