Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія: Паўстанцы бяруцца за сталіцу


Апазыцыянэр зь лібійскім каралеўскім сьцягам
Апазыцыянэр зь лібійскім каралеўскім сьцягам
У Трыпалі, сталіцы Лібіі, апанэнты лібійскага лідэра Муамара Кадафі сёньня плянуюць правесьці масавы марш пратэсту супраць дыктатара. Паўстанцы, якія кантралююць усходнія рэгіёны краіны, падцягваюць свае сілы ў бок сталіцы, якая знаходзіцца ў руках сілаў, ляяльных Кадафі.

Баі за падыходы да сталіцы

Учора ішло змаганьне за гарады Завія, Місурата і Сабрата, якія знаходзяцца вакол Трыпалі. Найбольш зацяты бой меў месца ў Завіі, дзе ўрадавыя сілы, узброеныя аўтаматамі і зэнітным кулямётам, атакавалі мячэць, у якой бараніліся паўстанцы, узброеныя паляўнічымі стрэльбамі. Паводле некаторых данясеньняў, бой трываў чатыры гадзіны, і ў ім загінулі больш за 100 чалавек.

Тымчасам у сталіцы працягвалася пасьпешная паветраная эвакуацыя замежных грамадзянаў. Вашынгтон даў загад некаторым супрацоўнікам сваёй амбасады ў Трыпалі пакінуць краіну.

Паводле брытанскай газэты "Guardian", ня менш за палову лібійскага міжземнаморскага ўзьбярэжжа знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў.

Бін Лядэн і наркотыкі

Учора з тэлевізійным зваротам да жыхароў Завіі зьвярнуўся Муамар Кадафі. У прамове, якая трывала паўгадзіны і часам мела бязладны і блытаны характар, лібійскі дыктатар абвінаваціў Усаму бін Лядэна, кіраўніка Аль-Каіды, у падаграваньні паўстаньня, кажучы, што бін Лядэн адурманіў паўстанцаў "галюцынагеннымі таблеткамі ў каве з малаком".

Таго самага дня на лібійскім тэлебачаньні выступіў адзін з сыноў Муамара Кадафі, Сайф-аль-Іслам Кадафі, які сказаў, што жыцьцё ў Трыпалі працякае "спакойна". Іншы сын, Саадзі, сказаў у інтэрвію "Financial Times", што ў сталіцы "50-60 адсоткаў людзей працуюць нармальны", і паўтарыў за сваім бацькам, што пратэстоўцы дзейнічаюць пад уплывам "вельмі магутных" наркотыкаў, такіх як амфэтамін і экстазі.

Падзеленая армія

Экспэрты лічаць, што сілы, якія бароняць Муамара Кадафі, былі сфармаваныя лібійскім лідэрам на працягу шматлікіх гадоў па-за арміяй і не кантралююцца ягонымі генэраламі. Мяркуецца, што гэтыя сілы складаюцца са спэцбрыгадаў, якімі камандуюць сыны Кадафі; вайсковых адзінак, сфармаваных на аснове клану Кадафі і яго саюзьнікаў; ды афрыканскіх наёмнікаў, якія маюць за сабою досьвед удзелу, сярод іншага, у грамадзянскай вайне ў Судане.

У лібійскай арміі батальёны наогул сфармаваныя з прадстаўнікоў аднаго клану, ляяльнасьць да якога большая, чым да камандзіраў. Кадафі гэткім чынам стараўся падзяліць армію, каб пазьбегчы вайсковага перавароту супраць сваёй асобы, падобнага да таго, пры дапамозе якога ён сам захапіў уладу ў 1969 годзе. Гэткая асаблівасьць арганізацыі лібійскай арміі давяла да таго, што некаторыя вайсковыя аддзелы перайшлі на бок паўстанцаў, як папярэдне зрабілі іхныя кланы.

Клан Кадафі кантралюе паветраныя сілы і мае большасьць сваіх прадстаўнікоў сярод вышэйшага афіцэрскага эшалёну ў арміі. Гэтыя афіцэры застаюцца яму вернымі, паколькі яны могуць страціць найбольш, калі Муамар Кадафі страціць уладу, піша сёньняшняе выданьне "International Herald Tribune".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG