Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Кабанчук: «Памежнікі сфальшавалі супраць мяне ажно два рапарты»


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.
Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.
Выйшаў на волю актывіст БХД Вадзім Кабанчук, які адбыў за кратамі 10 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня.

За некалькі гадзінаў да вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна Вадзіма Кабанчука вывезьлі ў КДБ і дапыталі як сьведку падзеяў 19 сьнежня. У ізалятары на Акрэсьціна Вадзім Кабанчук адбываў 10 сутак арышту за удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці. А затрымалі актывіста БХД на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары 13 лютага. У Кабунчука мытнікі забралі інфармацыйныя матэрыялы пра падзеі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і склалі на яго ажно два пратаколы нібыта за хуліганства.

Вадзім згадвае свае прыгоды: «Мяне затрымалі на мяжы і трымалі на памежным пераходзе „Каменны лог“ 5 гадзін. А потым прыехалі за мной з Ашмянскай міліцыі і забралі ў Ашмянскі РАУС. Там пытаюцца: чаму я на мяжы буяніў? Я нават не адразу зразумеў, пра што яны? Аказваецца, памежнікі на мяне ажно два пратаколы сфальшавалі, што я нібыта „буяніў“. Таму спачатку быў перакананы, што суд будзе ў Ашмянах, за гэтую мяжу. Але на наступны дзень прыехалі да іх з КДБ, чатыры супрацоўнікі, і на мікрааўтобусе павезьлі мяне ў Менск. А там суд і 10 сутак за плошчу. На Акрэсьціна стаўленьне да мяне было збольшага нармальнае. Канечне, давялося сядзець з інакшымі сукамэрнікамі, чым сядзелі людзі пасьля 19 сьнежня, але нічога — цярпіма».

Вадзім Кабанчук кажа, што на судзе не адмаўляў свайго ўдзелу ў мітынгу, што прыйшоў як нязгодны з фальшаваньнем выбараў — для мірнага пратэсту.

Таксама Вадзім Кабанчук згадаў, што ў камэру, дзе ён адбываў арышт, хутка перасталі «падсяляць» новых арыштантаў:

«Альбо не хацелі, каб больш людзей ведала пра тое, што тут яшчэ сядзіць „палітычны“, альбо баяліся, што я буду „адмоўна“ ўплываць на іх звычайны кантынгент».

Паводле ягоных назіраньняў, большасьць цяперашніх сядзельцаў на Акрэсьціна палітычнымі падзеямі не цікавяцца: «У іх свае праблемы — зьвязаныя з алькаголем ці наркотыкамі».

23 лютага на Акрэсьціна Кабанчука праверылі на дэтэктары хлусьні наконт падзей 19 сьнежня. А 24-га зноў дапыталі ў КДБ — у якасьці сьведкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG