Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы ўспамінаюць ХХ стагодзьдзе


«Гісторыя ХХ стагодзьдзя ва ўспамінах гарадзенцаў» — гэта збор запісаў у жанры «вуснай гісторыі» пра падзеі, сьведкамі якіх былі нашыя сучасьнікі. Прэзэнтацыя адбудзецца 24 лютага ўвечары ў Горадні.

Кніжку падрыхтаваў да друку Цэнтар падтрымкі грамадзкіх ініцыятываў «Трэці сэктар». Яго кіраўнік Вітаўт Руднік паведаміў, што ў ёй, сярод іншых, ёсьць успаміны пра 1920—30-я гады, пра часы нямецкай акупацыі і пра канец 1990-х гадоў. Аўтарамі сталі Яўген Петрашэвіч, Вера Кунцэвіч, Алесь Госьцеў, Уладзімір Выдэрка, Мікола Таранда, Мікола Маркевіч і іншыя, усяго трынаццаць чалавек.

Пра заходнебеларускую вёску даваеннага часу ўзгадвае Міхась Амялішка, як перажывалі вяскоўцы Другую ўсясьветную вайну — распавядае Ўладзімір Выдэрка. Віктар Саяпін успамінае пра савецкія часы ў Горадні: куды хадзілі на танцы, як адпачывалі, як камсамольскія атрады змагаліся зь «нефармаламі», як атаварвалі талёны на прадукты ў чэргах. Мікола Таранда — аўтар успамінаў пра гарадзенскі клюб «Паходня». Вітаўт Руднік кажа, што ўкладальнікі выкарысталі толькі каля трэці расказанага М.Тарандам і што «Паходня» заслугоўвае асобнай кнігі.

У зборніку 88 старонак, наклад — каля 200 асобнікаў, апублікавана вялікая колькасьць фотаздымкаў. Той, хто прыйдзе на прэзэнтацыю, атрымае яго бясплатна, зазначае В.Руднік. Грашыма ў выданьні дапамагло беларускае прадстаўніцтва Асацыяцыі народных унівэрсытэтаў Нямеччыны, якая мае з Трэцім сэктарам" партнэрскія адносіны.

Успаміны гарадзенцаў запісваліся на дыктафон. Часам атрымлівалася па сем гадзінаў запісу. Затым іх апрацоўвалі ўдзельнікі «Трэцяга сэктару», кажа В.Руднік. Яму асабіста найбольш запомніліся расказаныя У.Выдэркам факты пра падрыў уладамі Фары Вітаўта — гатычнага касьцёла, які стаяў у цэнтры Горадні. У закрытым храме жыло мноства галубоў, іх спрабавалі выгнаць, але птушкі засталіся і загінулі разам з касьцёлам.

Статуі Хрыста перад гарадзенскім Катэдральным касьцёлам больш за сто гадоў, яна перажыла ўсё ХХ стагодзьдзе, нават у сталінскія часы статую на галоўнай плошчы гораду не чапалі. У часы Хрушчова, калі насупраць узарвалі Фару Вітаўта, наступным у плянах уладаў быў гэты касьцёл, але ўрэшце ацалеў і ён, і скульптура.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG