Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі псыхааналітык: Траціна тых, хто прайшоў праз допыты спэцслужбаў, мае ПТС


"Прынамсі ў кожнага трэцяга з тых, хто адседзеў у засьценках Штазі або КДБ, рана ці позна ўзьнікае так званы посттраўматычны сындром (ПТС) — душэўнае расстройства, якое выклікана перажытай псыхічнай траўмай". Пра гэта кажа госьць праграмы "Турма і здароўе", бэрлінскі псыхааналітык Карл-Гайнц Бомбэрг. Сярод ягоных пацыентаў — прыкладна 150 былых вязьняў Штазі (тайнай паліцыі ГДР). Прычым шмат хто зь іх адчуў сымптомы ПТС толькі праз 10 і нават 20 гадоў пасьля вызваленьня. Гэта і бяссоньне, і начныя кашмары, і страх ад павольнага праезду машыны ці сьвятла фараў, адчуваньне, што за табой сочаць, боязь перасьледу, пагрозаў ды ізаляцыі і г.д.

У размове са "Свабодай" доктар Карл-Гайнц Бомбэрг, у мінулым вязень Штазі, расказвае пра свой досьвед, пра тое, як маніпулявалі гэдээраўскія сьледчыя псыхікай зьняволеных, а таксама — пра падабенства ў мэтадах тайнай паліцыі былой ГДР і КДБ цяперашняй Беларусі.

Паміж мэтадамі Штазі і беларускага КДБ ёсьць падабенства


У 1984 годзе 29-гадовы Карл-Гайнц Бомбэрг працаваў анэстэзіёлягам у адным з шпіталяў ва ўсходненямецкім Котбусе і быў больш вядомы сваім равесьнікам як бард. Песьні з экзыстэнцыйным, аднак непатрыятычным зьместам стварылі Бомбэргу рэпутацыю варожага элемэнта, яму забаранілі выступаць. За спробу перадаць касэту са сваімі песьнямі ў Заходнюю Нямеччыну лекара арыштавалі. Прычым непасрэдна на працоўным месцы, падчас прыёму пацыента.

У турме Штазі сьледчыя дамагаліся ад барда прызнаньня ў тым, што ён вораг народа ГДР. Выкарыстоўваліся самыя розныя прыёмы псыхалягічнага ціску.

Як псыхіятар, спэцыяліст у галіне псыхічнай траўматызацыі асобы
Для палітычных вязьняў таталітарных краін усе віды і спосабы камунікацыі вязьня з вонкавым сьветам заблякаваныя. Асобу імкнуцца дэпэрсаналізаваць.
падчас палітычных рэпрэсіяў доктар Бомбэрг лічыць, што мэтодыкі Штазі ў гэтым сэнсе зусім не ўнікальныя. Інфармацыя, якая трапляе ў СМІ, наводзіць на думку пра паралелі зь іншымі таталітарнымі рэжымамі, у тым ліку і ў Беларусі.

Бомбэрг: "Сапраўды, тут ёсьць паралелі. Усе віды і спосабы камунікацыі вязьня з вонкавым сьветам заблякаваныя. Перапіска пад кантролем, або лісты ўвогуле не даходзяць. Таксама існуюць праблемы з кансультацыямі адвакатаў. У мяне, напрыклад, адвакатам быў вельмі вядомы ў апазыцыйных колах тагачаснай ГДР Вольфганг Шнур. Яму доўга не давалі мяне наведваць. У выніку я нічога ня ведаў пра сваю сытуацыю, а мае родныя нічога ня ведалі пра мяне. Потым быў поўны кантроль перапіскі: што ты пішаш, а чаму ты гэтага ня пішаш. Спрабавалі дамагчыся дэпэрсаналізацыі асобы. Таксама пагражалі гвалтам над жонкай, дзецьмі. Усялякімі сродкамі разбуралася сацыяльная апора. Шукаліся розныя слабыя месцы характару, тое, што чалавек найбольш баіцца страціць. Імкнуліся запалохаць. Выкарыстоўвалі самыя розныя мэтады, каб траўмаваць чалавека псыхічна, зрабіць яго няўпэўненым у сабе. Такое было".

Гэта быў і боль, і сорам


Карл-Гайнц Бомбэрг узгадвае самыя першыя ўражаньні ад таго арышту. Ён памятае ўсё да дэталяў, нібыта гэта здарылася зь ім учора. Ад раптоўнасьці здарэньня ён адчуваў сябе зусім безабаронным і бясьсільным. На першым допыце ён стаяў перад сьледчымі голы, аднак з парадкавым нумарам. Ён адчуваў, што яго пачалі зьнішчаць як асобу. "Гэта быў і боль, і сорам". Бомбэрга пасадзілі ў перапоўненую душную камэру бязь дзённага сьвятла. Прагулкі — усяго толькі па 20 хвілін. Кругі ў маленькай клетцы. Вельмі цяжка было заставацца
Большасьць людзей схільная супрацьстаяць выпрабаваньням. Але вось траціна атрымлівае так званы посттраўматычны сындром. Гэта залежыць ад працягласьці і цяжкасьці турэмнага ўтрыманьня.
сам-насам з сабой. Былі бясконцыя перажываньні, самапапрокі, поўная невядомасьць. Паводле Бомбэрга, турма не магла не пакінуць адбітку на ягонай душы. Аднак яму ўсе ж "удалося ператварыць пакуты ў кампэтэнцыі".

Бомбэрг: "Я б сказаў, што большасьць людзей, прыкладна дзьве траціны, паводле статыстыкі, схільная супрацьстаяць падобным выпрабаваньням. Але вось траціна атрымлівае так званы посттраўматычны сындром. Гэта залежыць ад шмат якіх фактараў, ад працягласьці і цяжкасьці турэмнага ўтрыманьня. Ёсьць людзі, якія генэтычна маюць пэўныя рэзэрвы, каб пераносіць розныя траўматычныя фактары. Ёсьць людзі, якія ў большай ступені рэагуюць на падобныя псыхічныя траўмы, аднак дзякуючы інтэлекту яны могуць самі рэгуляваць свой стан і спраўляцца зь ім. Адзін мой калега, лекар, які 1,5 года правёў у турме Штазі, пазбавіўся псыхічнага расстройства самастойна. Яму ўдалося пераадолець гэта дзякуючы сваім прафэсійным ведам, сям’і, колу сяброў. Хоць жудасныя падзеі засталіся зь ім, але яны ўжо так ня ціснуць, у яго ўжо няма такіх праяваў псыхічнай траўмы".

Карла-Гайнца Бомбэрга вызвалілі з турмы праз тры месяцы пасьля арышту. Гэта адбылося дзякуючы пратэстам царквы і мастакоў, ціску заходніх СМІ і яшчэ дзякуючы неверагоднай актыўнасьці ягонай жонкі.

Працяг будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG