Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьняў «амэрыканкі» забаранілі віншаваць паштоўкамі


Будынак КДБ
Будынак КДБ
Вользе Бандарэнцы не ўдалося перадаць мужу віншавальную паштоўку да 23 лютага. Насьце Палажанцы не аддалі пашпарт, Алесю Міхалевічу — пасьведчаньне кіроўцы.

Жонка каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі Вольга ў кожную перадачу мужу ўкладала нейкую паштоўку. З 23 лютага гэта забаранілі, паведаміла Вольга Бандарэнка «Свабодзе».

«Усё, зь сёньняшняга дня гэта забаранілі. Зараз прадаюцца вельмі цікавыя паштоўкі: гумарыстычныя, віншавальныя. Паколькі я ў іх нічога не пісала, іх дазвалялі ўкладаць у перадачы. Дакладна ведаю, што яны траплялі і значна падымалі настрой, гэта ж для вязьня радасьць. Але — усё. Прычым, ня першы раз гэта адбываецца на сьвята. 31 сьнежня абмежавалі пералік харчоў, якія можна перадаваць. А на 23 лютага пачалі змагацца з паштоўкамі. Ніяк не патлумачылі, сказалі, каб дасылалі поштай, і ўсё».

Пры гэтым сваякі вязьняў «амэрыканкі» мяркуюць, што большасьць карэспандэнцыі, якую яны дасылаюць сваім родным, да тых не даходзіць. Апошнім часам сваякі адзначаюць, што і самі сталі менш атрымліваць лістоў. Жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана раней атрымлівала хаця б ліст на тыдзень, за мінулы тыдзень — ніводнага. Зь лістамі мужу — яшчэ горш, кажа Сьвятлана Лябедзька:

Нічога не даходзіць. А ён ад нас атрымаў толькі два караценькія лісты — і гэта ўсё.
«Нічога не даходзіць. А ён ад нас атрымаў толькі два караценькія лісты — і гэта ўсё».

Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч апынулася ў падобнай сытуацыі і паскардзілася ў пракуратуру на тое, што парушаецца яе права на ліставаньне. 23 лютага Марыне прыйшоў адказ з пракуратуры Менску:

«Адказ у клясычным стылі нашай бюракратыі. «Паведамляю вам, што ваша скарга на парушэньне права арыштаванага Статкевіча на перапіску з КДБ накіравана ў Генэральную пракуратуру Беларусі для разгляду па сутнасьці, пра вынікі якога вас праінфармуюць».

Марына Адамовіч адзначыла, што гэты адказ ёй даслаў намесьнік начальніка аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. «Якое дачыненьне мае гэты аддзел да праблемы ліставаньня?» — задаецца пытаньнем жонка палітвязьня.

Журналістку Ірыну Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам, пад росьпіс азнаёмілі з пастановай аб падаўжэньні расьсьледаваньня да 20 траўня — яшчэ на 3 месяцы. Гэта азначае, што яшчэ тры месяцы Ірыне будзе забаронена кантактаваць з вонкавым сьветам і нават выходзіць з дому. «Пратэсты супраць такіх умоваў, якія я называю катаваньнем, пакуль нічога не даюць», — кажа бацька журналісткі Ўладзімер Халіп:

«На кожны крок, на кожны рух ідзе адразу папярэджаньне, што будзе пагаршэньне рэжыму. Гэта такая сыстэма».

На мінулым тыдні выйшлі з «амэрыканкі» пад падпіску пра нявыезд экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч і намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка. Як у іх справы?

Алесь Міхалевіч паведаміў, што яму дагэтуль не аддалі пашпарт, мабільны тэлефон і пасьведчаньне кіроўцы. Наста Палажанка паведаміла пра такую ж праблему — сьледчы зноў адклаў вяртаньне Палажанцы яе асабістых рэчаў і дакумэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG