Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад выбарамі — далі, пасьля выбараў — забралі


Урад сваёй пастановай ад 16 лютага вызначыў новы парадак праезду школьнікаў у гарадзкім грамадзкім транспарце. Езьдзіць бясплатна дзеці змогуць толькі да сваёй школы і толькі падчас заняткаў. Такім чынам, перадвыбарнае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі аб поўным бясплатным праезьдзе для школьнікаў дзейнічала толькі тры месяцы.

Супрацоўнікі гарадзкой транспартнай сыстэмы Менску яшчэ не пасьпелі атрымаць распараджэньняў адносна ўрадавай пастановы. Таму менскія школьнікі гэтымі днямі яшчэ маюць шанец паезьдзіць бясплатна, кажа кантралёр мэтрапалітэну Алена Крук:

— Нам пра гэтую пастанову ніхто не паведамляў. У нас школьнікі езьдзяць бясплатна.

— А як вы лічыце, дзецям трэба ўсё ж езьдзіць бясплатна ці хоць часткова плаціць?

— Не, ну канечне, бясплатна. Яны ж не зарабляюць грошай, каб плаціць. Я толькі за гэта. Чаму дзеці павінны плаціць?

— Але ж вы самі працуеце ў сыстэме транспарту, а гэта страты.

— Але ж страты нельга кампэнсаваць коштам дзяцей. У мяне і ўнукаў пакуль няма, а дзеці дарослыя, і ўсё роўна я за тое, каб дзеці езьдзілі бясплатна.

Паводле пастановы ўраду, дзеці маюць права бясплатнага праезду з дому ў школу і назад ад 1 верасьня да 30 чэрвеня. У астатніх выпадках аплата праезду павінна быць поўнай. Гэтая ўмова шмат у каго не знайшла разуменьня.

Міначка: «Для дзяцей маглі б зрабіць і бясплатны праезд. Бо проста так яны не катаюцца, а езьдзяць у школы, у гурткі. Майму дзіцяці 14 год, ён шмат дзе займаецца, прамога транспарту няма, а таму штодня даводзіцца 3–4 тысячы на праезд аддаваць».
Зразумела, што хочацца разьвіваць дзіця ўсебакова. Але відаць, што на гэты момант дзяржава ня можа на сябе гэта ўзяць.

У Міністэрстве транспарту паведамілі, што нічога ня ведаюць пра магчымае ўсеагульнае падвышэньне кошту праезду грамадзкім транспартам. А Міністэрства адукацыі, якое распрацоўвала ўрадавую пастанову адносна школьнікаў, выказвалася за захаваньне поўнага бясплатнага праезду. Аднак гэтая прапанова не была зацьверджаная ўрадам, паведаміў «Свабодзе» спэцыяліст управы сярэдняй адукацыі міністэрства Ўладзімер Паддубскі:

«Першапачатковы варыянт быў — цалкам бясплатны праезд. Зразумела, што хочацца разьвіваць дзіця ўсебакова. Але відаць, што на гэты момант дзяржава ня можа на сябе гэта ўзяць. Таму ў пастанове гаворыцца толькі пра праезд да месца вучобы і назад. Але ў гэтай жа пастанове гаворыцца, што мясцовыя саветы дэпутатаў маюць права прымаць свае ільготы што да праезду. Яны могуць пакінуць бясплатны праезд, як і езьдзілі, і гэта ня будзе супярэчыць гэтай пастанове».

Новы парадак праезду школьнікаў грамадзкім транспартам дае дзецям магчымасьць бясплатна даяжджаць толькі на школьныя ўрокі. Праезд дзеля ўсіх астатніх патрэбаў, у тым ліку на дадатковыя заняткі ў сэкцыях і гуртках у выходныя дні, — за ўласны кошт. Такім чынам, аплату праезду для школьнікаў кіраўнік краіны напярэдадні выбараў адмяніў, а ўрад яе праз тры месяцы вярнуў. Вось як гэта камэнтуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

«Што гэта было ў сьнежні? Чыстай вады папулізм. Трэба было нешта паабяцаць перад выбарамі, і паабяцалі бясплатны праезд для дзяцей. Але ж гэтага рашэньня ніхто не прадумваў і не пралічваў. Хто будзе кампэнсаваць гэтыя выдаткі? Транспартныя арганізацыі адразу ж паднялі гэтыя пытаньні. Зараз жа ісьці назад і адмяняць гэты бясплатны праезд неяк не выпадае, вось і знайшлі нейкі такі кампраміс. Але галоўнае ў тым, што ў горадзе многім дзецям езьдзіць у школу не патрэбна, бо школа побач. А вось сэкцыі і гурткі, дзіцячыя спартовыя сэкцыі і праезд да іх — вось галоўная праблема для гараджан. Таму атрымалася звычайная мыльная бурбалка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG