Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД супраць Мін'юста: перапынак да пятніцы


Вярхоўны суд Беларусі абвясьціў перапынак у справе разгляду скаргі не зарэгістраванай дагэтуль партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" на Міністэрства юстыцыі. Перапынак працягнецца да пятніцы, 25 лютага.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў сустаршыня арганізацыйнага камітэту ў справе стварэньня БХД Віталь Рымашэўскі. Прадстаўнікі партыі патрабуюць прызнаць, што адмова Мін'юсту зарэгістраваць партыю — незаконная і парушае правы заснавальнікаў.

"Мы пакуль вырашаем, ці ўдзельнічаць нам далей у гэтым паседжаньні,— гаворыць Віталь Рымашэўскі. — У нашай заяве мы прасілі абавязаць Міністэрства юстыцыі азнаёміць нас з матэрыяламі справы. У гэтым нам было адмоўлена. Нам у міністэрстве заявілі: калі вам патрэбны матэрыялы справы, прыходзьце са сваім ксэраксам у Вярхоўны суд і рабіце копіі.

Мы таксама прасілі два тыдні для падрыхтоўкі, каб мы маглі ўсё вывучыць, выклікаць сьведак. Гэта неабходна, бо ёсьць зусім сьмешныя прыклады. Так атрымалася, што пры перакладзе прозьвішча з расейскай мовы на беларускую адну літару напісалі няправільна. І Мін'юст кажа: гэты чалавек не зьяўляецца заснавальнікам партыі. Мы адказваем: давайце пазавем сьведку ў суд. Але ж такія людзі пераважна з рэгіёнаў, і, зразумела, для гэтага патрэбны нейкі час. І да пятніцы зрабіць гэта проста немагчыма".

Аргкамітэт па стварэньні БХД тройчы праводзіў устаноўчыя зьезды, тройчы падаваў дакумэнты на рэгістрацыю. І тройчы Міністэрства юстыцыі давала адмоўны адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG