Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі адключылі тэлефонную сувязь


У сталіцы Лібіі Трыпалі у панядзелак працягваліся сутычкі паміж праціўнікамі Муамара Кадафі і сіламі бясьпекі. Дэманстранты падпалілі шэраг адміністрацыйных будынкаў, у прыватнасьці ўраду краіны і дзяржаўных тэлекампаніяў. Агенцтва “Ройтэр”, спасылаючыся на тэлеканал Al Jazeera, паведаміла, што самалёты вайскова-паветраных сілаў абстралялі ўвечары сабраных удзельнікаў пратэсту ў Трыпалі. Як перадае Al Jazeera, у Лібіі цалкам адключылі тэлефонную сувязь.

Паведамляецца, што другі велічынёю горад Лібіі Бэнгазі знаходзіцца ў асноўным пад кантролем дэманстрантаў.

Сын шматгадовага лібійскага лідэра Муамара Кадафі Сэйф аль-Іслам у тэлезвароце ў ноч на панядзелак заявіў, што краіна знаходзіцца на парозе грамадзянскай вайны і ўлады будуць бараніць сябе “да апошняга патрона”.

Паводле праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, за пяць дзён забурэньняў у Лібіі загінулі ня менш за 230 чалавек.

Сытуацыя ў Лібіі вымушае шэраг краінаў сьвету рабіць захады для абароны сваіх грамадзянаў. Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу завяршаюць у Брусэлі працу над супольнай заяваю аб сытуацыі ў Лібіі.
XS
SM
MD
LG